Уплыў даручэння сябе Беззаганнай на жыццё душы
Пазбаўляцца ад недасканаласцяў
Змагацца са спакусаміПадрыхтуемся да таго, што спакусы будуць і павінны быць; калі б іх не было, не было б і заслугаў. Нам толькі трэба змагацца з імі і з дапамогаю Беззаганнай перамагаць.
Вось спосабы змагання. Перш за ўсё трэба перамагаць іх цярпліва. Калі ўзнікла спакуса грубых адносінаў да якога-небудзь сабрата — наадварот, трэба аднесціся да яго лагодна; або, калі не хочацца выконваць чагосьці такога, да чаго заклікае паслушэнства, — трэба зрабіць гэта, і зрабіць добра, як абавязвае паслушэнства. Аднак, калі прыходзіць спакуса супраць веры, шостай запаведзі, надзеі і да т.п., не брацца з ёю за грудкі, а лепш адвярнуць думкі да чагосьці іншага. Важным момантам тут з’яўляецца тое, каб адвярнуць думкі ад спакусы адразу ж. Спакойна, але адразу.
Пра гэта добра ведаюць пажарнікі: калі не патушыць агонь з самага пачатку, то потым і змагацца з ім складаней, і наступствы пажару бываюць значныя. Гэтак жа атрымліваецца са спакусамі падобнага кшталту.
Мы павінны прыслухацца да наказаў Святога Айца, які кажа, што для таго, каб пазбегнуць нагоды граху, трэба проста здалёк абмінаць тыя розныя рэчы, якія могуць пашкодзіць нам нават на адлегласці. Аднак абавязак вымушае часам сустракацца з людзьмі па-за кляштарам. Тады трэба клапаціцца пра ўнутранае ўмацаванне. Найлепшае такое ўмацаванне — гэта недавер да сябе, адсутнасць разліку на сваю духоўную фармацыю і бязмежны давер да Беззаганнай, адданне сябе Ёй. Яна абавязкова нам дапаможа. Калі даводзіцца мець стасункі з людзьмі супрацьлеглага полу, то лепей выказваць менш ветлівасці, чым зашмат; справы трэба вырашаць хутка і дакладна, пазбягаючы мяккасці. Важна таксама не баяцца спакусаў. Д’ябал як дух вельмі спрытны, ён мае нашмат больш жвавы і праніклівы розум, чым мы, але з дапамогаю Беззаганнай мы нашмат мацнейшыя за яго. Калі ён не можа давесці нас да ўпадку, то прынамсі стараецца запаволіць наш рух да дасканаласці, але мы не дамо яму гэтага задавальнення, адпрэчым яго і цалкам даверымся Беззаганнай, тады атакі спакушальніка спрычыняцца толькі да павелічэння нашых заслугаў.
Будзем памятаць пра тое, што найбольш у барацьбе са спакусамі мы дасягнем з дапамогаю малітвы і кароткіх малітоўных заклікаў, бо гэта надзейная зброя, якая абавязкова прынясе перамогу. Давайце дапамагаць адно аднаму гэтаю моцаю малітвы, «пасоленаю» пакаяннем, і ўвесь свой давер ускладзем на Беззаганную, тады мы будзем спакойныя за вынікі
гэтай барацьбы.
Ніводная спакуса не з’яўляецца грахом. Нават калі яна будзе працягвацца невядома як доўга, яна ні ў якім выпадку не будзе грахом, а наадварот, калі душа акажа супраціўленне, то гэтая спакуса стане полем для заслугаў.
Што датычыць спосабу барацьбы, то нельга сумнявацца і нервавацца, — трэба спакойна аддаць сябе Беззаганнай і нічога з гэтым не рабіць, проста не мець на гэта часу, займацца чым-небудзь іншым. Часам некаторыя засмучаюцца і непакояцца, але такім чынам сатана хоча толькі вымучыць іх душу. Таму паўтараю, што ніводная спакуса не зробіць душы ніякай шкоды, калі мы са свайго боку гэтага не дазволім (Konf. OMK, 194).
Не расчароўвацца
Несумненна, кожны з нас ужо спазнаў расчараванне ў большай ці меншай ступені.
І часам душы непакояцца, ці не з’яўляецца гэта грахом. Нават святыя адчувалі расчараванне. Св. Павел, які з такім запалам працаваў, пазней пісаў, што яму апрыкрала гэтае жыццё. Такія хвіліны і яму давялося перажыць. І гэта не з’яўляецца недахопам, што пацвярджае прыклад Пана Езуса, які ўсё-такі не адчуваў радасці ў садзе Аліўным. Многія мучанікі паміралі з усмешкаю на вуснах, а Пан Езус усклікаў на крыжы: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
У жыцці св. Тэрэзы былі такія моманты, калі яна любіла так, быццам не любіла, верыла так, быццам не верыла, аднак жа стала вялікаю святою. Расчараванні і спакусы могуць прыйсці, але гэта яшчэ не будзе якой-небудзь недасканаласцю. Бываюць яны ў людзей свецкіх, але і ў кляштары могуць кагосьці мучыць, ды часта на працягу доўгіх гадоў; бываюць расчараванні і спакусы супраць веры, супраць надзеі і любові і нават супраць усіх запаведзяў.
Што рабіць у такім выпадку? Як быць, калі надыдзе такая бура? Ёсць універсальны сродак — Божая ласка. Для пераадолення надзвычайнай буры неабходны надзвычайныя ласкі, і трэба асаблівым чынам звяртацца да Беззаганнай Пасрэдніцы ласкаў, у Яе прасіць гэтыя ласкі.
Калі бура напаткае карабель на моры, ён не спыняецца, не кідаецца з боку ў бок, але спакойна плыве далей. Таму нядобра, калі душа непакоіцца з-за ўнутранай буры. Няхай спакуса выпрабоўвае нас так доўга, як гэтага пажадае Божая воля, і давайце не будзем прагнуць вырвацца ад яе хутчэй, чым гэта здарыцца па волі Божай. Вельмі важна, каб душа ў такім выпадку не страціла спакою. Увогуле, душа ніколі не павінна траціць спакою. А калі страціць, то ў першую чаргу павінна зноў яго здабыць. У мутнай вадзе лягчэй лавіць рыбу, гэтак жа і д’ябал можа знайсці выгаду ў неспакоі.
Таму няхай Беззаганная кіруе так, як падабаецца Ёй, а не нам. Гэты спакой перш за ўсё патрэбны ў радасці і ў абыякавасці, у расчараваннях і спакусах. Нават у выпадку граху трэба перш за ўсё знайсці спакой: абудзіць у сабе сапраўднае шкадаванне, паспавядацца і зноў ісці далей. Для сапраўднага шкадавання неабходная ласка, таму трэба ўсёю душою звярнуцца да Беззаганнай, каб Яна дала нам гэтую ласку і мы маглі адразу ж знайсці спакой.
Такім чынам, расчараванні і спакусы не з’яўляюцца правінаю, яны толькі ачышчаюць душу, як агонь ачышчае золата (Konf. OMK, 146).
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002 r.