Уплыў даручэння сябе Беззаганнай на жыццё душы
Развіваць цноты
Перад тым, як садоўнікі засеюць кветкі або зеляніну ў садзе, яны вычышчаюць, перакопваюць зямлю. Мы таксама павінны няспынна праполваць сад у нашай душы і выкідаць з яго пустазелле.
Але мала толькі праполваць і выкідваць шкодную траву. Трэба пасеяць кветкі цнотаў, каб яны ўзраслі і зацвілі. Для развіцця кожнай кветкі патрэбна сонца, раса. Калі сонца і расы не будзе, кветка не вырасце.
Пры звычайным дзённым святле ў пакоі нам здаецца, што паветра чыстае. А калі яго асветліць сонечны прамень, мы заўважым, што ў паветры мноства пылу. Таксама і ў душы: калі ў ёй шмат Божага святла, то ўсё лепш і лепш бачны той пыл, які яе пакрывае.
Такім чынам, гэтыя параўнанні тлумачаць, што адбываецца з душою. Для таго, каб яна магла ўзрастаць духоўна, яе павінна саграваць сонца і акрапляць раса ласкі. А гэтым сонцам і гэтаю расою з’яўляецца не што іншае, як толькі Беззаганная, бо Яна — Пасрэдніца ўсіх ласкаў.
Каб у душы зацвілі кветкі цнотаў, яны павінны быць сагрэтыя святлом Беззаганнай. Як дзіця разумее і інстынктыўна адчувае, што яно вырасце пры маці і павінна смактаць матчына малако, каб жыць, так і душа іначай не вырасце, як толькі пры Маці Божай.
Мы і самі ў штодзённым жыцці адчуваем, што, калі нашая любоў да Беззаганнай астывае, мы апускаемся духоўна. Сатана вельмі добра гэта ведае, таму ўсялякімі спосабамі стараецца аддаліць нас ад набажэнства да Маці Божай. Ён падсуне іншыя святыя набажэнствы, абы толькі не да Яе, бо тады ён лягчэй адолее нас. Давайце, аднак, бязмежна аддаваць сябе Беззаганнай; не будзем вызначаць межаў любові да Яе, і тады спраўдзіцца тое, што сказана ў Святым Пісанні: Марыя сатрэ сатане галаву, а ён будзе падсцерагаць Яе пяту. Д’ябал можа толькі падсцерагаць нас, але канчатковы вынік будзе заўсёды адзін: Яна сатрэ яму галаву (Konf. OMK, 71).
У прысутнасці Беззаганнай
Перш за ўсё мы не можам дапусціць, каб у нашым штодзённым жыцці адбылося так, што паміж намі і Беззаганнаю быццам узнікла нейкая прастора, якая нас падзяляе.
Мы павінны быць перакананыя, што Беззаганная не толькі валадарыць у небе, не толькі аб’яўлялася ў Люрдзе, але і прабывае сярод нас. Яна бачыць нас, пранікае ў тайнікі нашага сэрца, ведае нашыя думкі. Беззаганная жыве і валадарыць у нашай душы.
Гэта складана пазнаць пачуццямі. Гэта свет духу, які можна зразумець толькі з дапамогаю веры.
Беззаганная жыве ў нас. Яна не абыякавая да справаў нашага жыцця, а пастаянна дзейнічае ў нашай душы праз натхненні, таму што Яна — Маці ласкі Божай, Пасрэдніца ўсялякіх ласкаў... Асвячальныя ласкі, якія мы атрымліваем кожную хвіліну нашага жыцця, паходзяць ад Яе. Трэба толькі мець жаданне слухаць голас гэтай добрай Маці, слухаць у цішыні, пакоры і маўчанні...
Голас сумлення, які адгукаецца ў нашай душы, — гэта таксама Яе ласка. У жыцці мы часта сутыкаемся з рэчамі, якія не залежаць ад нашай волі. Часам Пан Бог дапускае зло, каб здабыць у нас яшчэ большае дабро. Тады мы можам сказаць, што гэта сталася па волі Беззаганнай.
Усё, што здараецца з намі ў жыцці, залежыць ад Яе. Як жа суцяшальна ўздзейнічае на душу гэтая праўда! Воля Беззаганнай! Толькі тое, што дапускае ў дачыненні да нас Беззаганная, спрыяе нашаму дабру і большай хвале Бога (Konf. OMK, 203).
Вера
Жыццё ў гэтым свеце павінна грунтавацца на веры. Калі б яно грунтавалася на тым, што можна ўбачыць і пачуць, то вера была б непатрэбная. А калі б не было веры, то не было б і заслугаў. Пан Езус сказаў Тамашу: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!» (Konf. OMK, 312).
Розніца паміж душою, якая жыве паводле розуму, і душою, якая жыве паводле веры, сапраўды бясконцая. Дру-гая жыве паводле розуму Божага, бясконцага. Чым глыбей душа жыве паводле веры, тым больш яна ўзносіцца да бясконца вышэйшага парадку, чым парадак натуральны. Яна кіруецца Боскім розумам, воляю і магутнасцю. Чалавечы розум можа быць нават геніем, але ён заўсёды абмежаваны. На практыцы душа, якая жыве паводле веры, пакладаецца на Божую волю, давярае Пану Богу. Яна верыць: Пан Бог лепш ведае, што добра, таму ва ўсім пакладаецца на Яго волю.
Са свайго боку яна робіць усё, што магчыма, астатняе пакідае Пану Богу. У гэтым — крыніца супакою, якога нішто не можа парушыць.
Калі душа на імгненне трапіць у забыццё, то пасля зноў апамятаецца, зноў аддасца Божай волі і купаецца ў супакоі. Гэта супакой, які сыходзіць ад перамогі над сапсаванаю натураю. Давайце дазволім Беззаганнай весці нас, будзем прагнуць таго, чаго хоча Яна (Konf. OMK, 148).
Мы аддалі Ёй усё, таму тое, што нашае, належыць Ёй, а Яе справы — нашыя справы. Яе цноты і заслугі — таксама нашыя. Усё залежыць ад таго, наколькі моцна мы гэтага жадаем. Тут не патрэбны незвычайныя малітвы і самаўтаймаванне — трэба толькі дазволіць Ёй весці сябе.
Калі сустракаюцца перашкоды, трэба ісці насуперак ім і яшчэ больш набліжацца да Беззаганнай — шчабятаць з Ёю, як малое дзіця.
Трэба ўсё даручыць Яе волі — ці Яна хоча даваць нам цукеркі, ці жадае карміць горкаю ежаю — трэба ні на што не зважаць, сваёю воляю быць пры Ёй, у Яе абдымках.
Нягледзячы на тое, што шлях да Беззаганнай часам усланы цяжкасцямі і пакутамі, аднак ён не такі ўжо складаны і цьмяны. На ім мы заўсёды адчуваем, што побач з намі Маці.
Для таго, каб праявіць яшчэ большую любоў да Беззаганнай, можна «заключыць» з Ёю дамову: напрыклад, позірк на фігурку Маці Божай, перажыванне нейкай перашкоды, кароткі малітоўны заклік або пэўная праца будуць актам аднаўлення нашага даручэння сябе Беззаганнай. Калі мы захочам, усё так будзе. Тут мы маем поўную свабоду, і душа адчувае сябе невымоўна шчасліваю, бо ўсё з’яўляецца ўласнасцю Беззаганнай. Калі Беззаганная прыме нашу інтэнцыю за таго ці іншага чалавека, то добра, а калі не, то Яна сама скіруе гэта на што-небудзь іншае. Нам ні за што не трэба непакоіцца.
Жыццё нашае павінна быць працягам жыцця Езуса і Марыі на гэтай зямлі (Konf. OMK, 41).