Усе ўшанавальнікі Беззаганнай прагнулі належаць Ёй і рознымі словамі гэта выказвалі. Быць Яе слугою, быць Яе дзіцем, Яе нявольнікам — гэтыя і падобныя да іх ідэалы асвятлялі ім жыццёвы шлях. Аднак усе прагнулі належаць Ёй найпаўней і, несумненна, хацелі б карыстацца ўсімі тытуламі, якія хто-небудзь прыдумаў або чыя-небудзь любоў была б здольная прыдумаць у будучыні. Адным словам — належаць Ёй, бязмежна належаць Ёй — вось светач жыцця для многіх, многіх сэрцаў (VII, 1191).
Сутнасць даручэння сябе Беззаганнай у тым, каб быць цалкам Яе... Якая ж прыгажосць заключаная ў гэтых словах: «належаць Беззаганнай — быць Беззаганнай»!
Хто Яна такая, Беззаганная? І хто ж гэта зразумее ў дастатковай меры? Марыя, Маці Бога, сапраўды само «Беззаганнае Зачацце», як Яна пажадала назваць сябе ў Люрдзе. Мы ведаем, што азначае маці, але што азначае Маці Бога, таго нам розумам не ахапіць; толькі сам Бог дакладна ведае, што значыць «Беззаганная».
Яна паходзіць ад Бога. Цалкам ад Бога, у такой ступені, што становіцца як бы часткаю Найсвяцейшай Тройцы, хоць з’яўляецца закончаным стварэннем. Сапраўды, Яна не толькі «слуга», «дачка», «рэч», «уласнасць» Бога, але таксама Яго Маці!.. Тут ужо галава ідзе кругам... Яна нібы над Богам, як маці над дзецьмі, якія павінны стаць Ёю...
І мы сапраўды з’яўляемся Ёю, Беззаганнаю, поўнасцю належым да Яе ўласнасці, цалкам да Яе, з’яўляемся нібы Ёю самою. Яна праз нас любіць добрага Бога, Яна нашым убогім сэрцам любіць свайго Божага Сына. Мы — прылада, праз якую Беззаганная любіць Езуса, а Езус, бачачы, што мы з’яўляемся ўласнасцю, нібы часткаю Яго любай Маці, любіць Яе ў нас і праз нас. Якія цудоўныя таямніцы!..
Мы ведаем пра апантаных, якія былі апанаваныя д’яблам, праз якіх д’ябал думаў, гаварыў, дзейнічаў. І хочам гэтак жа, нават больш, бязмерна быць «апантанымі» Ёю, каб Яна сама думала, гаварыла, дзейнічала праз нас. Мы хочам ажно ў такой ступені быць уласнасцю Беззаганнай, каб у нас не толькі не засталося нічога, што не належала б Ёй, але і каб мы зніклі ў Ёй, перамяніўшыся ў Яе так, каб стаць Ёю самою, каб мы належалі Ёй так, як Яна належыць Богу. Яна належыць Богу ажно ў такой ступені, што становіцца Яго Маці, а мы прагнем сфармаваць у сабе такое мацярынства, каб ва ўсіх сэрцах нарадзіць Беззаганную. Няхай Яна ўвойдзе ва ўсе сэрцы, народзіцца ва ўсіх сэрцах. Няхай Яна зможа ўвайсці ў гэтыя сэрцы, возьме іх ва ўласнасць як самыя дасканалыя, народзіць у іх ласкавага Езуса, Бога, і ўзгадуе Яго, каб Ён дасягнуў у нас сталасці. Якая
цудоўная місія... Абагаўленне чалавека ажно да Бога-Чалавека праз Маці Бога-Чалавека
(II, 452).
Няспыннасць у даручэнні сябе Беззаганнай
Душа аддае Беззаганнай свае акты любові не так, як прадмет уручаецца звычайнаму пасрэдніку, але ва ўласнасць, у поўную, выключную ўласнасць, бо разумее, што Беззаганная ўручае гэтыя акты Езусу як свае ўласныя, і значыць, таксама пазбаўленыя агіды граху, беззаганныя, а Езус — Айцу.
Такім чынам душа ўсё больш пачынае належаць Беззаганнай, як Беззаганная належыць Езусу, а Езус — Айцу (VII, 1175).
Добра аднаўляць гэты акт даручэння сябе Ёй, каб ён заставаўся больш жывым.
Хоць мы і належым Ёй, аднак у найважнейшых справах добра таксама аддаваць Ёй кожную з нашых справаў ва ўласнасць, для гэтага дастаткова будзе аднаго толькі закліку «Марыя!». Калі з’явяцца цяжкасці — таксама аддаць іх Беззаганнай ва ўласнасць [заклікаючы імя] «Марыя». Няхай Яна адхіліць іх або пакіне, зменшыць або павялічыць — зробіць так, як Ёй падабаецца. Пасля кожнай справы таксама [трэба] заклікаць: «Марыя!», і Яна ачысціць, выправіць усё дрэннае і складзе з гэтага ад сябе ахвяру ва ўласнасць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Добра таксама дамовіцца з Ёю, што нават тады, калі мы забудзем Ёй штосьці аддаць, ужо само намаганне выканаць гэта добра будзе прыкметаю таго, што мы робім гэта дзеля Яе.
Калі рассеянасць будзе адцягваць нашу ўвагу, але мы неадкладна і спакойна вернемся да таго, што робім, няхай гэта будзе знакам таго, што мы робім гэта дзеля Яе.
Калі пыха шэпча: «Людзі цябе пахваляць», старайся рабіць яшчэ лепш, і гэта ўжо будзе знакам, што ты робіш гэта дзеля Яе (VII, 1213).
Як жа гэта павінна выглядаць на практыцы? Ці ў кожнай справе мы павінны памятаць пра гэтае даручэнне сябе Беззаганнай, пра тое, што мы ўсё робім дзеля Маці Божай? Не, дастаткова ўчыніць гэты акт даручэння аднойчы. І калі мы яго свядома не скасуем, то ён існуе, нават калі мы не думаем пра яго. Прывядзем практычны прыклад: сталяр майструе стол па замове. І хоць ён пастаянна не думае, што робіць яго для заказчыка, аднак усё роўна робіць гэты стол для яго.
Калі мы адзін раз аддамо сябе Беззаганнай ва ўласнасць, гэтае адданне будзе дзейснае, нават калі мы не думаем пра гэта пастаянна: мы часта молімся да Пана Езуса і Божых святых, але не думаем пра тое, каб ахвяраваць свае малітвы Пану Езусу праз рукі Беззаганнай, аднак гэтыя дзеянні маюць такое ж самае значэнне, як і ў тым выпадку, калі б мы думалі пра даручэнне сябе Беззаганнай, — яны цалкам належаць Ёй. І тады нашыя малітвы набываюць найдасканалейшую вартасць, бо Пан Езус глядзіць ужо не на нашую недасканаласць, а на Марыю; наша малітва сама па сабе абмежаваная, недасканалая, а Пан Езус прымае яе як беззаганную, бо яна ідзе з рук Марыі, нават калі душа пра гэта не думае.
Іншая справа, што мы павінны старацца часта звяртацца да Беззаганнай, хаця б заклікаючы імя Марыі. Найсвяцейшая Маці — гэта нашая Маці. Трэба прызвычаіцца да такога даручэння і заўсёды жыць гэтым актам прысвячэння сябе Беззаганнай. Так і дзіця, калі ўбачыць сабаку, перш-наперш скажа «мама!». І калі душа, падобная да гэтага дзіцяці, проста інстынктыўна, проста міжволі звяртаецца да Беззаганнай, гэта сведчыць пра тое, што яна жыве набажэнствам да Яе. А тады кожны ўчынак — пазбаўлены граху, беззаганны. Сатана ведае, што душа, якая будзе шукаць Пана Бога іншым шляхам, на самай справе ніколі Яго не знойдзе, таму ён стараецца ўсялякімі сродкамі адвесці душу ад Найсвяцейшай Маці, нават пад выглядам набажэнства да Сэрца Пана Езуса, нібы набажэнства да Сэрца Езуса — гэта адно, а да Беззаганнай — штосьці іншае.
Мы павінны імкнуцца любіць Пана Езуса так, як Яна Яго любіла, каб наша любоў дасягнула гэтай вяршыні, каб гэта была любоў самой Беззаганнай. Гэта вяршыня любові, і да такой вяршыні мы павінны імкнуцца. Мы павінны здабыць увесь свет для такой любові, скіраваць яго да дасягнення гэтай вяршыні. Мы павінны прыйсці да таго, каб Беззаганная ў кожным і праз кожнага любіла Пана Езуса.
Найважнейшае для нас — старацца жыць так, каб усё больш станавіцца ўласнасцю Беззаганнай, штодня ўсё больш належаць Ёй. Менавіта на гэтае асабістае адданне сябе Беззаганнай у выключную ўласнасць, на адданне Ёй сябе як прылады мы павінны рабіць галоўны акцэнт (Konf. OMK, 36).
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002 r.