Каб навучыцца маліцца, трэба маліцца

Паводле Рэнэ Вуаёма, духоўнага брата Шарля дэ Фуко.

Магчыма, ты лічыш, што плён малітвы залежыць ад знешніх умоваў і ўнутранага духоўнага стану. І тады заўсёды можа ўзнікаць шмат боязі, што ты не можаш маліцца як след, бо тваё жыццё напоўнена шматлікімі клопатамі — ты ўвесь час некуды бяжыш, мітусішся, у цябе складанасці на працы, ты змучаны. Магчыма, табе здаецца, што малітва заўсёды павінна несці выключнае духоўнае багацце, поўнае ўражанняў...


І калі цябе не хапае на такую малітву, ты часта проста не молішся. Калі так, то мусіш абавязкова спрасціць свой падыход да малітвы. Бо толькі просты падыход да яе можа прынесці спакой тваёй душы. Калі ты не патрапіш маліцца так, як марыш, маліся проста так, як умееш. Найважней, каб ты маліўся! Бо нельга навучыцца маліцца, калі, шукаючы дасканаласці, чалавек увогуле перастае маліцца. Таму адкінь свае ўяўленні аб дасканалай малітве і маліся так, як можаш. Евангельская малітва ўключае ў сябе дзве асноўныя часткі: працу Бога і настойлівасць чалавека.

Выйсці на сустрэчу — гэта прывілей Бога

Бог абяцае нам, што выйдзе на сустрэчу тады, калі захоча і як захоча. Гэта галоўная частка малітвы, праца, якую робіць сам Бог. Ты можаш часам адчуваць вялікі спакой на малітве, але Пан не пажадае наведаць цябе. А можаш маліцца похапкам, кудысьці спяшаючыся, і раптам адчуць жывую прысутнасць Бога. Бог часам любіць прыйсці тады, калі ты зусім да гэтага не гатовы. Таму маліся нават тады, калі твая душа несвабодная ад думак гэтага свету.


Вытрываць — галоўнае заданне чалавека

Вытрывай на малітве, нягледзячы ні на што і насуперак найгоршым прыкрасцям. Каб навучыцца маліцца, трэба проста маліцца, шмат маліцца, умець пастаянна пачынаць малітву, не засмучаючыся, калі няма адказу, калі нават, на першы погляд, няма ніякага выніку. Езус менавіта таму і рабіў такі націск на вытрываласць чалавека, бо ведаў, што гэта не дасца нам лёгка пры нашай пастаяннай патрэбе зменаў, пошуку новага. Дык не адкладвай малітвы да тае хвіліны, калі да цябе прыйдзе жаданне маліцца, бо тады з’явіцца пагроза перастаць гэта рабіць якраз у тыя хвіліны, калі табе гэта найбольш будзе патрэбна.

Няхай цябе суцешыць усведамленне, што Бог чакае цябе заўсёды. Нават тады, калі ты перапоўнены самымі рознымі праблемамі, пачуццямі і думкамі. А можа менавіта тады, калі ты менш адухоўлена, але больш проста звяртаешся да Бога, Ён і чакае цябе найбольш?


Ірына Жарнасек
Надрукавана ў
«Ave Maria» № 12 (189) 2010.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней