Чалавек, адораны Богам

Малітва — гэта пачатак, маці і крыніца ўсялякага дабра… Калі хочаш лёгка жыць па-хрысціянску, маліся шмат і дасягнеш гэтага.

Св. Аўгустын


Разважаючы над гэтымі словамі, задумайся, ці заўсёды памятаеш пра тое, што малітва павінна апярэджваць кожную тваю дзейнасць. Ці не здараецца так, што шукаеш паратунку ў малітве толькі тады, калі твае ўласныя планы падводзяць? Сляпы знаходзіць святло, слабы — сілу, грэшнік — святасць. Ці было б гэта магчымым, калі б малітва была толькі чалавечым дзеяннем? Таму няхай той, хто моліцца, не ўглядаецца ва ўласную цемру, але сузірае веліч Таго, Хто прагне перамяніць яго паводле свайго падабенства. 

Калі ты сябра малітвы, яна ўчыніць цябе пакорным, цярплівым і паслухмяным. Яна давядзе цябе да прыняцця ва ўласнасць усіх дабротаў; яна дасць табе Бога ў гэтым жыцці і ў будучыні (св. Банавэнтура).

Калі ведаеш, што значыць быць сябрам, то ўмееш дбаць пра малітву. Ёсць пэўная сіметрыя паміж тым, як чалавек да яе адносіцца, і тым, як яна яму адплочвае. 

Бог выбраў нас

Бог выбраў нас, таму што палюбіў нас бескарысліваю любоўю па прычыне сваёй міласэрнасці. Бог — гэта міласэрная любоў, якая ўдзяляецца кожнаму. Бог выбраў нас, бо мы — справа Ягоных рук, Ягоны вобраз. Гэта першая праўда пра чалавека, пра якую кажа Біблія, даючы зразумець, што чалавек быў выбраны для таго, каб жыць у сяброўстве з Богам, бо сяброўства магчымае толькі паміж падобнымі асобамі. 

У сяброўстве з Богам, якое перажываецца ў малітве, чалавек лучыцца з крыніцаю і мэтаю свайго жыцця. У малітве мы можам знайсці сваю сапраўдную тоеснасць і годнасць, і нават лекі на адсутнасць самапрыняцця. У ёй кожны можа знайсці сэнс і кірунак свайго жыцця, як Езус, які ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца. 

Чалавек, створаны з пылу зямлі, носіць у сабе частку Бога, Яго дыханне. Малітва ажыўляе наш дух, дае жыццё і ўпэўненасць той няпэўнасці, якой мы ўсе з’яўляемся; яна напаўняе нас Богам, з’яўляецца дыханнем Бога ў нас.

Каго выбраў Бог?

  • пакорных, бо яны здабываюць Ягонае сэрца;
  • тых, хто прызнае сваю нікчэмнасць і ўбоства;
  • тых, хто прымае Ягонае запрашэнне і ласку;
  • тых, кім свет пагарджае і маргіналізуе.

Дзеля чаго нас выбраў Бог?

Бог выбраў нас дзеля здзяйснення двайнога паклікання — каб быць і рабіць дабро. 

Па-першае, Бог кліча нас, каб мы:

  • былі святымі і беззаганнымі;
  • былі Божымі дзецьмі і жылі, як Божыя дзеці;
  • існавалі дзеля хвалы Ягонай велічы.

Пакліканне «быць» атаясамліваецца з малітваю сузірання. Мы пакліканы, каб быць, як Хрыстус, у Ягонай паўнаце, і каб мы былі тым, што ў Ім бачым. Дух Святы перамяняе нас паводле вобразу Таго, Каго мы сузіраем, — Хрыста. 

Па-другое, Бог кліча нас, каб мы рабілі дабро на ўзор Хрыста, які прайшоў, чынячы дабро. Гэтае пакліканне да дзеяння атаясамліваецца з дзейсным пакліканнем. Важна чыніць тое, чаго прагне Бог, разам з Езусам, і гэтак, як Ён, дзеля Божай хвалы. 

Прыглядзіся да сябе ў люстэрку і паўтарай гэтыя словы: «Бог стварыў мяне на свой вобраз і падабенства. Бог любіць мяне такім, якім я ёсць, і перамяняе мяне, каб ва ўсім я стаў такім, як Хрыстус. Аднойчы гэтае аблічча адлюструе Божую хвалу, як Аблічча Езуса Умілаванага. Я прыгожы перад Богам».

Гледзячы на іншых людзей, памятай, што і яны былі створаны па вобразе Божым, былі адкупленыя Крывёю Хрыста. Праслаўляй Бога за іх.


 З малітваю — а. Юрый Кулай OCD
Ілюстрацыя: dominikanie.pl

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней