Трыванне ў Божай прысутнасці

Маліцца — гэта перадусім трываць у прысутнасці Пана, а таму, каб маліцца, трэба шукаць Ягонай прысутнасці. Ізраэль знаходзіў прысутнасць Бога, напр., у воблаку (пар. Зых 13, 22); у Каўчэгу Запавету (пар. Зых 25, 22), а таксама ў лагодным подыху ветру (пар. 1 Вал 19, 12); Марыя разважала пра Божыя справы ў цішыні свайго сэрца (пар. Лк 2, 51). 


Бог прысутны штодня

А мы? Дзе сёння мы павінны шукаць Яго прысутнасць? Памятаючы пра Асобу Езуса Хрыста, які з’яўляецца адзінай у поўным значэнні гэтага слова прысутнасцю Бога, мы можам і павінны шукаць бязмернасць і бясконцасць Бога ва ўсім. Можам уяўляць сабе птушак, што лётаюць у паветры, якім ёсць Ён; рыбаў у моры, якім ёсць Ён; кветкі, што раскрываюцца ў цёплых праменнях сонца, якім ёсць Ён. І гэта не паэзія! Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём (пар. Дз 17, 28).

Існуе іншая прысутнасць, сакрамэнтальная — у прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце схіляюцца з пашанай мільёны людзей. Узгадаем некалькі словаў, якія прамовіў сам Езус:

Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь (пар. Мц 22, 37-38).

Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету (пар. Ян 6, 51).

Езус указвае нам на яшчэ адзін від сваёй прысутнасці — у іншым чалавеку. Ён прысутны ў нашым бліжнім. Тое, што чынім брату, самому Езусу чынім. 

«Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (пар. Мц 25, 40). 

Іншая прысутнасць Езуса — у Касцёле, у супольнасці: «Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (пар. Мц 18, 20). Але ж з усіх гэтых відаў прысутнасці трэба падкрэсліць адзін: прысутнасць Бога як Сябра ў нашым нутры. Гэтая прысутнасць найбольш блізкая з усіх, якія можам сабе ўявіць. Мы з’яўляемся шанавальнікамі Бога, які не толькі прыходзіць, які ўжо блізка або знаходзіцца сярод нас, але ўшаноўваем Бога, які знаходзіцца ўнутры кожнага з нас: «Ці не ведаеце, што вы — святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» (пар. 1 Кар 3, 16). 

Праблема засяроджанасці

Як гэта магчыма, што Бог так блізка каля нас, а мы Яго не знаходзім? Св. Ян ад Крыжа, доктар Касцёла, кажа, што Ён укрыты. Таму неабходна вызваліцца ад усяго, што перашкаджае, і зася­родзіцца ў сабе. Трэба ачысціць сваё сэрца. Трэба знайсці магчымасць, каб вызваліцца ад унутранага і знешняга тлуму, які перашкаджае слухаць Пана. Св. Тэрэза ад Езуса, доктар Касцёла, каб асягнуць стан засяроджанасці, чытаючы, неаднойчы пагружалася ў думкі, углядаючыся ў абразок, паглядаючы на ваду, палі або кветкі. Важна выбраць для гэтага адпаведнае месца і час, прыняць зручную пазіцыю цела, каб  паўтараць розныя пабожныя сентэнцыі, чытаць вусную малітву і г.д. 

Практычныя рэкамендацыі

Распачні з адкрыцця Бога ўнутры сябе. Памятай, што Ён заўсёды глядзіць  на цябе, дзе б ты ні быў і што б ты ні рабіў. Старайся таксама адкрываць прысутнасць Бога ў тваіх бліжніх. Не глядзі на людзей толькі як на сваіх родных, суседзяў, сяброў, знаёмых, кліентаў, міліцыянераў, розных спецыялістаў, п’яніцаў, жабракоў… Нягле­дзячы на іх знешнасць — сімпатычную або не вельмі, багатую ці бедную, акуратную ці абшарпаную — думай пра тое, што кожны з іх мае душу, створаную паводле Божага вобразу, і што Бог жыве ў іх. Яны не толькі твае браты, але святыні твайго Бога. Падумай пра канкрэтных лю­дзей. Калі маеш магчымасць, старайся падысці да іх. Калі не – прымі іх у сваю малітву. Маліся, спрабуючы ўвайсці ў іх адчуванні…

Вучыся і старайся быць эколагам Божых стварэнняў. Выйдзі, калі можаш, на ўлонне прыроды або паназірай за светам праз акно. Затрымайся ў думках над кожнай створанай рэччу і пастарайся прачытаць пасланне, якое нясуць табе рэкі, палеткі, кветкі, птушкі, хмары, усход і захад сонца, зорнае неба. Паспрабуй пачуць галасы свету...

Адкрый сёння Бога ў маленькай гісторыі свайго штодзённага жыцця. Раю табе наступнае: маліся часопісам, газетай, інтэрнэтам, тэлебачаннем! Гэта не так дзіўна, як магло б здавацца! Інфармацыя з-за мяжы, з краіны, культурная ці спартыўная — усё пастарайся ўбачыць у пранікаючым святле Евангелля. Тады ўбачыш, колькі розных інтэнцый і матываў да малітвы дасць табе газета, тэлебачанне, інтэрнэт — да просьбаў, падзякі за ўсё, праслаўлення і разважання. А потым пастарайся знайсці час, каб стаць перад Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Выберы сабе месца для адарацыі, якое звычайна наведваюць у адзі­ноце. Усведамляючы сваю мізэрнасць, акунайся ў Яго каралеўскую рэчаіснасць, так часта ігнараваную, і ў пакоры, як Марыя, цалкам аддавайся Ягонаму служэнню. 


З малітвай — а. Юрый Кулай OCD

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней