«І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах,
навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства
і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі,
бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра.
Тады Ён сказаў вучням сваім: „Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала;
таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё“»
(Мц 9, 35–38)
Езус, акружаны натоўпамі, якія падарожнічалі без акрэсленага кірунку, без актыўнай дзейнасці. Так было ўчора, так ёсць і сёння… Адначасова Яму спадарожнічае група вучняў, якія так ці інакш уключаюцца ў гэтае падарожжа, але менавіта Езус прапануе сваім вучням, як тым учарашнім, так і сучасным, сваё сяброўства: «Вы — сябры Мае». Ініцыятыва заўсёды належыць Пану. Ягонае сяброўства — гэта заўсёды чыстая ласка. Менавіта ў гэтым сяброўстве з Езусам перажываецца хрысціянская малітва.
Якой бы ні была мова малітвы (словы, спеў, жэсты, сузіранне, сакральнае маўчанне), тым, хто моліцца, з’яўляецца ўвесь чалавек, але цэнтрам, у якім нараджаецца і развіваецца малітва (і сяброўства), ёсць сэрца.
Малітва заключаецца не ў тым, каб шмат думаць, але ў тым, каб шмат любіць, — навучае св. Тэрэза ад Езуса. Медытацыя ёсць не чым іншым… як праяўленнем блізкіх сяброўскіх адносінаў, пастаянным аднаўленнем гэтых адносінаў сам-насам з Тым, пра Каго ведаем, што Ён нас любіць… (каб любоў была праўдзіваю, а сяброўства трывалым, павінен быць баланс кандыцыі: той, каторы ад Пана, вядома, не можа мець недахопаў; наш — гэта быццё грэшным, эмацыйным і няўдзячным)… Ах, які ж Ты добры Сябра, Пане мой! Як яго (чалавека) адорваеш і церпіш, і чакаеш, пакуль ён набярэ Тваёй кандыцыі, а тым часам Ты церпіш ягоную «кандыцыю»… Я гэта выразна бачыла па самой сабе, не разумею, чаму ўвесь свет не стараецца наблізіцца да Цябе праз гэтае асаблівае сяброў-ства… (св. Тэрэза ад Езуса).
Элементы малітвы-сяброўства
Узаемнае пазнанне
Бог ведае мяне і цалкам разумее, з’яўляецца сапраўдным Суцяшыцелем. Як я магу пазнаць Бога? Бог аб’яўляецца ў гісторыі збаўлення:
- праз сваё Слова;
- праз свайго Духа;
- праз свой Касцёл: Цела і паўнату Хрыста, які захоўвае і інтэрпрэтуе Слова;
- праз падзеі нашага жыцця, асветленыя (разважаныя) праз веру;
Рассеянасць можа адводзіць нас ад Бога…
Узаемны давер і вернасць
Бог верны і давярае нам. Адначасова Бог вучыць нас давяраць Яму, абапірацца на Яго і жыць з Ім.
Узаемная любоў
Бог любіць нас любоўю спрадвечнай і далікатнай. Мы, у сваю чаргу, падобна Езусу, павінны праяўляць сваю любоў, шукаючы Ягонай волі і ўпадабання. Дзеля жыцця ў сяброўстве з Богам найважнейшым ёсць захаванне запаведзі любові. Нашэнне крыўды і адсутнасць прабачэння заглушаюць малітоўнае жыццё.
Абмен дарамі
Хрыстус аддае нам сябе без ваганняў; аддае сябе за нас з любові, складаючы ў дар самога сябе. І толькі таму Бог не аддаецца нам цалкам, што мы не аддаемся цалкам Яму (св. Тэрэза ад Езуса).
Дзялімая радасць
Бог мае ў нас упадабанне, як у Езусе. Дух Святы вядзе нас так, каб мы радаваліся ў Богу, да чаго таксама заахвочвае св. Павел: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!» (Флп 4, 4).
З’яднанне
Гэта сяброўства з Богам, якое перажываецца падчас малітвы, стварае пэўнае набліжэнне, з’яднанне волі Бога і чалавека, з’яднанне з Богам, ажно да прыпадабнення Яму. Менавіта ў Ім той, хто моліцца, знаходзіць сваю рэалізацыю і шчасце. Укаранаванне малітвы — гэта з’яднанне Святой Тройцы з цэлым духам (св. Грыгорый з Нісы).
Часцей кіруй да Езуса гэтыя словы: дзякую за Тваё сяброўства. Ты — мой найлепшы Сябра. На Цябе спадзяюся. Апавядай Езусу пра ўсе твае клопаты. Нешта цябе турбуе? Шукай парады ў Езуса і слухай Яго. Трэба кожны дзень перажываць з радасцю. Калі нехта дае нам падарунак, ён глядзіць нам у вочы, каб убачыць, ці рады мы гэтаму. Бог, які сам ахвяраваў нам сябе, глядзіць нам у вочы, каб убачыць, ці шчаслівыя мы. Таксама і нашы сучаснікі глядзяць у нашы вочы, каб убачыць, ці, будучы людзьмі, якія сябруюць з Богам, мы маем у сабе радасць.
З малітваю — а. Юрый Кулай OCD