Як не падаць духам, калі не бачыш плёну малітвы

Малітва з’яўляецца свое­асаблівым прабываннем перад люстэркам, якім ёсць сам Бог. Ведаем, што люстэрка ніколі не ашукае. Прабыванне ў малітве — гэта не накладанне «грыму», але здыманне яго, зазіранне ў глыбіню душы. Гэта таксама свайго роду ўзыходжанне на духоўную гару, адрыванне ад зямлі.


Пан Езус навучае: «Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчы­няць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму бу­дзе адчынена» (Лк 11, 9–10). Наш Пан праз гэтыя словы заах­вочвае нас заўсёды маліцца і ніколі не падаць духам (гл. Лк 18, 1).

Як не ўпасці духам, калі не бачыш плёну сваёй малітвы?

Каб адказаць на гэтае пытанне, варта спачатку нагадаць, што малітва павінна быць дыялогам з Богам, а не маналогам ці патрабаваннем. Малітва — гэта сяброўская размова з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць (св. Тэрэза Авільская, доктар Касцёла). Варта таксама памятаць, што хоць мы і з’яўляемся дзецьмі Божымі, але ж застаемся стварэннямі недасканалымі, падуладнымі нават падчас малітвы сваім упадабанням і суб’ектыўнасці. Менавіта таму Пан Езус, пакідаючы нам праз Апосталаў малітву «Ойча наш...», змясціў у ёй словы «будзь воля Твая». Каб малітва была плённаю, варта пакінуць апошняе слова Найвышэйшаму, які ўсё ведае лепш за нас. У малітве трэба імкнуцца не столькі бачыць яе плёны, колькі ўмацоўвацца ў веры, надзеі і любові. Прасцей кажучы, нашым заданнем з’яўляецца не ўпасці духам, а плёны малітвы неабходна пакінуць Божаму Провіду. Шматлікія плёны нашых малітваў мы здолеем убачыць і распазнаць толькі ў вечнасці, калі зможам паглядзець на нашае жыццё праз прызму Божай святасці і ўсемагутнасці. Нават калі Бог выслухаў нашу малітву, усё роўна трэба маліцца, асабліва, калі малітва датычыць родных і блізкіх. Бог шануе нашую вольную, хоць і слабую волю, таму нам трэба вучыцца найперш шанаваць Яго святую і ўсемагутную волю.

Звернем увагу на некалькі неабходных умоваў для таго, каб малітва была шчыраю і вернаю.

Любоў

На ёй св. Тэрэза ад Езуса (Авільская) будуе свой шлях да дасканаласці. Без любові няма сяброўства. Сапраўдная любоў хутка праяўляецца. Малітва — гэта любоў Бога да чалавека. Малітва павінна распасцірацца на ўсё жыццё.

Утаймаванне

Жыццё малітвы патрабавальнае. Выгоднае жыццё не можа ісці ў пары з малітваю. Нельга размаўляць адначасова і з Богам, і са светам. Згадаю прызнанне адной жанчыны, якая сказала: «Ойча, я з малітваю не маю праблемаў, шмат малюся. Пакуль пагляджу серыял, дык нават і Ружанчык згавару…» У малітве павінен быць зварот да Бога. Калі так не атрымліваецца, трэба спрабаваць нанова: паступова ўтаймоўваць сваю волю і свае жаданні. Трэба знайсці і зручны пакой, дзе можна плённа размаўляць са сваім Айцом.

Непахіснасць

Трэба не пакідаць аднойчы абранага шляху малітвы. Бог не ламае нашу волю — Ён дае нам столькі, наколькі мы Яму давяраем — няхай увесь свет зваліцца на нас з пагрозамі. Непахіснасць павінна спалучацца з даверам. Рэгулярная медытацыя вядзе да паглыблення малітвы, таму варта выпрацоўваць у сабе навык медытацыі.

Пакора

Хрысціянская ма­літва з’яўляецца дарам ласкі, а не плёнам уласных здольнасцяў.

Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса ву­чыць нас станавіцца перад Богам з пустымі рукамі. Не я малюся, але Дух Святы моліцца ўва мне. Важна прызнанне сваёй грэшнасці і цнота пакоры ў падрыхтоўцы душы да сузірання. Калі ёсць самаўпэўненасць, ёсць і стомленасць ад малітвы. У сузіранні заключаецца наша сувязь з Панам Богам, якая ператвараецца ў сяброўства.

Пан Езус ніколі не абяцаў нам тут, на зямлі, лёгкага і бесклапотнага жыцця, наадварот, казаў пра выпрабаванні і неабход­насць чування. Таму мы, хрысціяне, як ніхто іншы на гэтым свеце, пакліканы самім Божым Сынам да таго, каб заўсёды маліцца і ніколі не падаць духам. Хто вытрывае да канца, той бу­дзе збаўлены (гл. Мц 24, 13).


Айцец Юрый Кулай OCD
кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай
у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Фота: le-chien-a-taches.com

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней