Марыя, верная любові...

Марыя захавала Божае слова. Вельмі часта яно было для Яе таямнічым. Яе вернасць была простай, падобна вернасці дзіцяці. І вось захапляючая і цудоўная падзея Звеставання, калі Бог просіць Яе аб удзеле, і Марыя прымае Слова, якое пачула. Першае, пра што скажа Альжбета: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45). Усё жыццё Марыі было напоўненае вернасцю. Яна была вернай у выкананні Божай задумы і няспынна крочыла за Божай воляй, якая аб’яўлялася Ёй паступова. Патрэбна была вялікая пакора, каб уключыцца ў рух Любові, у прагненні Яе Сына, Святой Тройцы, ажно да Галготы… Марыя была вернай Любові, якая Яе здабыла.


Марыя малілася разам са сваім народам. Як? Вельмі проста, у святле Бога. Яна толькі дзіця Айца, глядзіць на Яго, не на сябе. Айцец выбраў Яе, каб Яна была Маці Бога і людзей. Гэта не перашкодзіла Ёй з лёгкасцю жыць звычайным жыццём ізраэльскай дзяўчыны, якая нічым не адрознівалася ад іншых.

Марыя, гляджу на Цябе. Твая малітва вучыць мяне, чым ёсць малітва: імкненнем да Бога ўсёй маёй асобай, без прысвойвання чагосьці сабе. Ты такая простая, такая разважлівая, такая пакорная, што не можам амаль нічога сказаць пра Тваё жыццё, укрытае ў Богу. Мы часта неспакойныя, паглынутыя клопатамі, абцяжараныя нашай пыхай, нашымі слабасцямі… Марыя, ахіні мяне плашчом Твайго спакою! Ачысці мой давер чыстасцю Твайго даверу!

Вось таксама сюрпрыз Звеставання: Марыя распазнала паходжанне словаў Арханёла і без ваганняў выказала сваю згоду ў глыбокім акце веры, які ўчыніў яе здольнай прыняць Слова. З верай прымае яго, дае сябе, ідучы за натхненнем Духа Святога.

Носіць у сабе Слова, і ўся Яе істота скіраваная да Яго.
Маці Бога ад гэтай хвіліны становіцца таксама Маці людзей.
Сваёй малітвай ахінае вялікую задуму Любові.

Аднойчы Езус скажа: «Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці» (Мк 3, 35). Кажучы гэта, ці ж Ён не аддае пашану Марыі, такой, якой Яна была ў сваёй радаснай, балеснай, абсалютнай вернасці Божаму пакліканню? Так, Яна тая, хто слухае Слова, хто праз веру прымае яго і носіць у сваім целе, у сваім сэрцы, у сваёй свабодзе для нас, братоў Езуса, для мяне. Калі б у натоўпе спыталіся, хто быў найбліжэйшым су­працоўнікам Езуса, то, магчыма, адказ быў бы такі: ім быў Пётр… Ян… Насамрэч гэта была Марыя, але ніхто гэтага не заўважаў.

Марыя не адразу ўсё разумела. Але праз усё сваё жыццё Яна ідзе за голасам Духа Святога. Глядзіць на Езуса. Ведае, што гэта Ён Сын Божы і Збавіцель. Ідзе за Ім. На гэтым усё палягае. Калі набліжаецца гадзіна Мукі, Езус накіроўваецца ў Ерузалем, і Марыя хоча быць з Ім. Позірк Маці акунаўся ў вачах Хрыста, калі Ён быў Дзіцем, калі рос, калі стаў дарослым… Праз веру і любоў дакранаецца глыбіні пакутаў Слугі Ягвэ. Справа Езуса магла быць знішчанай, але тады чаму Яна застаецца? Мае надзею. У дзень Спаслання Духа Святога, у самым пачатку Касцёла, Марыя прысутная сярод Апосталаў, моліцца з імі. Яе вера, Яе надзея, Яе гераічная любоў апярэджваюць і падтрымліваюць іх сведчанне. Укрытая ў сэрцы Касцёла, Марыя спрычыняецца да здзяйснення абяцання.

Мне недастаткова толькі глядзець на Цябе, Марыя. Слабасць маёй малітвы і жыцця маглі б давесці мяне да роспачы. Маці Міласэрнасці, прагну ў Цябе знайсці прыстанішча. Езус, Сын Бога і Сын Марыі, не хоча для нас іншага месца, як толькі сваё, і дае нам Маці: «Вось Маці твая» (Ян 19, 27). Божая міласэрнасць быццам дапаўняецца праз пяшчоту Марыі. Усюды, дзе Езус ёсць Збавіцелем, Марыя ёсць Маці; Маці ўсіх, у кім Дух Святы разлівае сваю ласку. Праз наш удзел у будаванні Касцёла, дадзены нам таксама ўдзел у таямніцы Марыі, бо атрымліваем ад Бога любоў дзеля таго, каб даваць жыццё, працягваючы мацярынства Марыі. Нашая духоўная плоднасць нараджаецца з узрастання ласкі хросту, з моцы Найвышэйшага, які ахінае нас сваім ценем.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней