«Трэба прымаць жыццё такім, якім Бог яго дае».
Cв. Рафал Каліноўскі OCD
На нашы адносіны з Богам уплывае таксама і вобраз Бога, які сфармаваў для сябе чалавек, а таксама і вобраз самога чалавека, яго бачанне свету і таго, што яго ўтварае.
Глыбокія перамены закранулі ўсё з пералічанага. Усе вобразы дыяметральна адрозныя… Гэта ўплывае і на адносіны чалавека з Богам, і на малітву.
Новы вобраз Бога
Раней чалавек звяртаўся да Бога з усімі сваімі праблемамі, просячы аб дапамозе ў іх вырашэнні. Сучасны чалавек «усё ведае» і хоча сам усё вырашаць. Ён усё больш адыходзіць ад усведамлення неабходнасці малітвы прашэння, лічыць яе непатрэбным праяўленнем слабасці і непаспяховасці. Сёння таксама ўжо не карыстаецца прызнаннем вобраз Бога, які знаходзіцца па-за светам, створаным Ім, альбо да якога мы імкнемся пасля смерці. Сёння гаворыцца, што Бог прысутны ў тым, што найглыбейшае. Гэта ставіць пад сумненне малітву як размову з Панам Богам.
Новы вобраз чалавека
У нашым секулярным і занадта прагрэсіўным свеце чалавек амаль адышоў ад уяўлення сябе як істоты, якая нічога не значыць адносна космасу. Сучасны чалавек — гэта здабывальнік, ён пануе над усім, а гісторыя ўжо не з’яўляецца для яго пабудаванай паводле Божага Провіду, ён лічыць яе плёнам чалавечых выбараў. Пры такім мысленні, калі чалавек жыве так, як бы Бога не было, значэнне малітвы аслабляецца і маргіналізуецца.
Новы вобраз свету
Ад успрыняцця свету, перапоўненага слядамі Бога, мы перайшлі да бачання толькі шляхоў чалавека; ад «да заўтра, калі Бог дазволіць», да планавання і выразнага вызначэння «таго, што я заўтра буду рабіць»; ад статычнага бачання свету — да зусім іншага, дынамічнага, у якім нішто не закончана, таму чалавек павінен усё пабудаваць. У такім кантэксце на самай справе важнае дзеянне, а не сузіранне.
Малітва ў кантэксце сучасных пераменаў
Ніякія змены не павінны перакрэсліваць нашай малітвы, але павінны яе ачышчаць. Гэта азначае, улічваючы сённяшнюю сітуацыю, што мы павінны прыняць новыя прынцыпы малітвы.
• Усведамленне бескарыслівасці. Там, дзе многія бачаць Бога як непатрэбнага ў вырашэнні сваіх чалавечых клопатаў, мы павінны ўбачыць магчымасць практыкавання малітвы больш бескарыслівай, трактаванай як сяброўскае спатканне. Такая малітва добра служыць прабыванню з Богам.
• Усведамленне веры. Чарговым шчаслівым наступствам гэтай перамены малітоўнага настаўлення з’яўляецца той факт, што малітва сягае за выключна рэлігійную, каб стацца актам хрысціянскай веры. У рэлігійную паставу ўключаецца ўсё, што чыняць людзі, шукаючы Бога. У сваю чаргу, пад хрысціянскай верай мы разумеем усё тое, што ўчыніў Бог, каб спаткацца з чалавекам. Бог першы палюбіў нас, як пераконвае св. Ян, гэта Ён стаіць ля нашых дзвярэй і стукае (пар. Ап 3, 20).
• Уключэнне ўсяго жыцця. Часта малітва разумеецца як уцёкі ад мітусні свету, як свайго роду сховішча, адна з формаў адасаблення. Аднак жа сапраўднай малітве супярэчыць недахоп яе адлюстравання ў жыцці. У нашым секулярным свеце прынята аддзяляць жыццё ад малітвы. Для некаторых людзей малітвай з’яўляецца проста час, які прысвячаецца Богу. Іншыя бачаць малітву ў выключным адасабленні, каб прабываць сам-насам з Богам. Сапраўдны ж сінтэз заключаецца ў тым, каб малітва брала пачатак з жыцця і да яго імкнулася.
• Маліцца ўсім жыццём. Выраз маліцца «ўсім жыццём» акрэслівае форму малітвы, якая мае на мэце ўвядзенне ў жыццё асабістых адносінаў з Богам, зыходзячы са здарэнняў, што з’яўляюцца звычайным штодзённым жыццём.
Няхай для кожнага з нас малітва будзе штодзённым паветрам, якое дапамагае жыць і дзейнічаць дзеля Божай хвалы і ўласнага збаўлення.
З малітваю — а. Юрый Кулай OCD