Удзень і ўначы

 Удзень і ўначы зерне ўзыходзіць і расце 

(пар. Мк 4, 26–29)


У гэтых кароткіх, як прыпа­весць, словах паказваецца моц і жыццё зярнятка. Зярнятка носіць у сабе жыццё, яно перапоўненае жыццём, яно развіваецца… Такой жа з’яўляецца моц нашай ласкі! Сейбіт адыходзіць, настае дзень, надыходзіць ноч. Ён давярае жыццю, якое ёсць у зярнятку. Жыццё зярнятка развіваецца ва ўлонні зямлі, яно незалежнае ад знешніх падзеяў. Атмасферныя ўмовы, навальніцы, сонца — усё спрыяе развіццю расліны. Мы баімся дажджу, а для яе ён неабходны. Мы баімся пякучага сонца, але ягоныя гарачыя прамяні спрычыняюцца да росту зярнятка, даюць яму ўнутраную сілу, жыццё, якое можа плённа развівацца.

Падобным чынам адбываецца і з Божым Валадар­ствам у нас. Ягонае ўзрастанне адбываецца ў цемры веры, уначы, гэтак, як рост зерня. Трэба даверыцца Божай ласцы; духоўнае ўзрастанне патрабуе часу. Бог вядзе. Ён з’яўляецца аратым, сейбітам, Ён чыніць так, што жыццё ўзрастае, Ягонае жыццё ў нас.

Мае дарагія! Варта ве­рыць Божай ласцы,
верыць у па­кліканне да святасці,
якое паходзіць не ад нас, вынікае не з нашых магчымасцяў,
але з плённасці Божай ласкі.

Кожны з нас, нават ветэран у веры, перажывае часам ноч сумненняў, абыякавасць, спустошанасць, калі здаецца — навошта маліцца, навошта хадзіць у касцёл, рабіць дабро, працаваць над сабой…Але, з іншага боку, калі мы ўсё пакінем, то куды мы прыйдзем?.. Ці ад гэтага нам стане лягчэй? Ніколі нічога не ёсць страчаным, жыццё ня­спынна развіваецца і ўначы… Падумаем пра лісце, якое здаецца мёртвым падчас вячэрняй навальніцы, калі прырода акунаецца ў свайго роду жалобу, а назаўтра відаць новае жыццё. Таксама адбываецца і з ноччу, якая праходзіць праз душу.

Што такое Божае Валадар­ства? Гэта панаванне ў нас Божага жыцця, Божай ласкі. Жанна Д’арк на пытанне сваіх суддзяў, ці лічыць яна, што знаходзіцца ў стане Божай ласкі, адказала: «Калі я не знаходжуся ў стане ласкі, то няхай Бог захоча мяне ў яго ўвесці; а калі я ў стане ласкі, то няхай Бог мае ласку мяне ў ім захаваць!». Гэта адказ варты захаплення, бо ён вынікае з пакорнай веры і даверу Богу.

Мае дарагія! Падобныя зярняткам, што ўкінутыя ў зямлю гэтага веку, праз ночы веры і выпрабаванні з радасцю будзем крочыць да крыніцаў жыцця Божага, якімі з’яўляюцца малітва і сакрамэнты. Асабліва карыстаймася Эўхарыстыяй, Хлебам вечнага жыцця. Нішто не можа затрымаць дынамізму Божай ласкі, за выключэннем перашкоды граху і недахопу даверу. І калі часам усё здаецца страчаным, то гэта найлепшы момант, каб даверыцца Божай ласцы. Бог заўсёды верны.

Няхай пажаданнем на гэты шлях будуць словы папы Францішка: «Адкрыцца на Божую міласэрнасць. Адкрыць самога сябе і ўласнае сэрца, дазволіць Езусу, каб выйшаў насустрач, і старацца быць міласэрным да іншых».


Айцец Юрый Кулай OCD -
кармэліт босы,
душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай
у г. Мядзел Мінскай вобласці,
магістр тэалагічнага факультэта
Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ

 

 

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней