Мы часта разважаем пра тое, як малітва змяняе свет навокал нас, і гэта правільна. Малітва — дыялог з Богам — выносіць нас у абшар звышнатуральнага, у прастору Нябеснага Валадарства, і гэта не можа не ўплываць на навакольны свет і на нас саміх. Часам гэта бывае заўважна адразу або амаль адразу, часам змены адбываюцца не тады і не так, як нам бы хацелася — гэта ўжо справа дзеяння Божага Провіду.
Я хачу звярнуць увагу на іншае: вельмі важна гаварыць аб практычнай моцы малітвы (вядома, без магізму) таксама таму, што свет у сваю чаргу імкнецца паўплываць на нас, падладзіць нас пад свае патрэбы. А ці ж не гэтага датычыць Хрыстовы наказ быць у свеце, але не ад свету: з любоўю клапаціцца пра навакольны свет, жыць у ім, рабіць яго лепшым, але не паддавацца яму; валадарыць, а не заставацца падуладнымі — «напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над <…> усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі» (Быц 1, 28). Над усімі жывымі істотамі — значыць і над самімі сабою.
Гэта цяжэй за ўсё: утрымаць баланс на тонкай струне
панавання над сабою і светам
і адначасовага паддання сябе Найвышэйшаму Валадару,
які адарыў нас такою вялікаю ўладаю і спадчынаю.
І менавіта гэтаму вучыць малітва насуперак таму, чаму імкнецца навучыць свет, што стала на супярэчны Богу шлях. Уменне захоўваць гэты баланс, мне падаецца, — першасны практычны ўплыў малітвы на чалавека, першасны яе плён. Паспрабую растлумачыць сваю думку на прыкладах з нашай з вамі сучаснасці.
Свет вучыць: будзь незалежны, усё бяры пад кантроль, кожную сітуацыю — у цесныя абцугі, якія трымаеш у сваіх руках. Толькі гэта значыць прымаць рашэнні, толькі гэта значыць валодаць сваім жыццём. Бог вучыць: будзь настойлівы, але давярай. Заўсёды памятай, што тваё жыццё табе не належыць, ты ім не кіруеш, а толькі напаўняеш яго. Молячыся, мы паўтараем: «Будзь воля Твая» і гэтак вучымся слепа аддаваць сябе ў Божыя рукі і верыць, што Ён найлепш пакіруе нашым жыццём.
Свет вучыць: дасягай і перамагай. Будзь першы ва ўсім, бо гэта дасць табе ўладу і свабоду. Бог вучыць: будзь спакойны і радасны духам. Працуй, але не аддавай усяго сэрца працы, яна — сродак, а не мэта, збірай сабе скарбы ў небе. Атрымлівай перамогу не ў тым, што цялеснае, а над тым, што цялеснае, — «паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела» (Гал 5, 16). Молячыся, мы просім пладоў Духа: любові, радасці, спакою, доўгацярплівасці (гл. Гал 5, 22–23), і гэтак вучымся быць свабоднымі ад тых уяўных дасягненняў і перамогаў, якія толькі абцяжарваюць і знявольваюць нас.
Свет вучыць: ты варты ўсяго самага лепшага, ты на першым месцы ў сваім жыцці. Бог вучыць: клапаціся найперш пра бессмяротную душу, а ўсё іншае праміне:
«Бо якая будзе карысць чалавеку,
калі ён здабудзе ўвесь свет,
а душы сваёй пашкодзіць?
Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?» (Мц 16, 25).
Памятай, што ты пакліканы не да часовага, а да вечнага. Молячыся, мы ўсклікаем: «Пане, скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая», і гэтак вучымся адсоўваць усе астатнія клопаты на другі план, а на першы ставіць адносіны душы з Богам. Яшчэ святы Аўгустын сказаў: «Калі Бог на першым месцы, усё астатняе — на сваім».
Свет вучыць: лепшая абарона — гэта нападзенне, не дай сябе прынізіць, адразу бі ў адказ, каб цябе не смелі зачапіць. Бог вучыць: «любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 44–45). Молячыся, мы просім Бога: «Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым», і гэтак вучымся любіць тых, за каго молімся, вучымся прабачаць і не труціць сваю душу злом.
Свет вучыць: здабудзь славу, і тады ўсе будуць любіць цябе і рабіць для цябе ўсё. Бог вучыць: «Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго» (Гал 5, 13. 26). Молячыся, мы гаворым: «Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому…» і гэтак вучымся ўсведамляць, што адзіная магчымая слава належыць толькі Богу. Мы просім: «Пане, змілуйся над намі», і гэтак вучымся прагнуць найперш Божай літасці і любові ў сваёй слабасці, вучымся разумець, што можам хваліцца толькі ёю, гэтак ствараючы ў сабе месца для моцы Хрыстовай.
Мы вучымся, спрабуем, але ніякія істотныя змены не былі б магчымыя без дзеяння Божай ласкі, без Святога Духа, Суцяшальніка. Нашых прыродных сілаў для гэтага недастаткова, неабходны надпрыродныя. Дух, напаўняючы нас, удыхае ў нас надпрыроднае жыццё, стварае тую неабходную сувязь, што лучыць нас з Богам і становіцца крыніцаю духоўнай моцы. Без гэтага дару нават найпрыгажэйшыя словы застаюцца толькі словамі. Таму мы просім: «О Творца Дух Святы, прыйдзі і верны люд наведай свой, дар ласкі дай для нашых сэрц, што моцай створаны Тваёй…». Не стамляймася ж прасіць у малітве найперш аб гэтай лучнасці, з’яднанні з Богам, і тады нашая малітва будзе дзейснаю, будзе каштоўнаю, неацэннаю прыладаю, якая сапраўды змяняе свет, у якім мы жывем, і нас саміх.
Юлія Шэдзько