«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10б–11).

Няхай гэтая навіна данясецца сёння да шпітальных палатаў, да ложка кожнага хворага чалавека, да людзей, стомленых пакутамі. Хрыстус — адзіны, хто мае моц надаць сэнс цярпенню. Толькі Езус можа правесці чалавека праз муку. Дастаткова толькі верыць Яму, каб са шпітальнага ложка слабой рукой можна было дакрануцца да неба...


Няхай гэтыя словы пачуюць сіроты, жыхары дзіцячых прытулкаў. Збаўца прыбыў у гэты свет, каб будаваць дом для бяздомных, каб знайсці бацьку і маці, якія прытуляць пакінутае дзіця. Прыбыў, каб немагчымае для нас учыніць магчымым, каб здзейсніць найглыбейшае прагненне чалавечага сэрца, прагненне сямейнай любові.

Няхай схіляць свае вушы людзі, якія паміраюць ад голаду, якім роспач заглядае ў вочы, бо іх паралізуе горкая праўда пра неаплачаную кватэру, доўг за газ, святло і ацяпленне, хто з трывогаю глядзіць на тэрмометр за акном, бо дзіця не мае цёплага адзення. Нарадзіўся вам Збавіцель. Сам бяздомны, у чужой стаенцы, прыбыў на грэшную зямлю, каб правесці бедных праз пустыню ўбоства і ўвесці ў краіну, дзе цячэ малако і мёд...

Уважліва слухайце ўсе самотныя, у чые дзверы ўжо на працягу месяцаў, а можа, і гадоў, ніхто не пастукаў. Ён стукае! Вылечыць самоту. Адчыніце, парадак зробіце ўжо разам. Ён не збянтэжыцца ад пустаты самоты. Ён аздаравіць яе. Няхай гэтая навіна даляціць да камераў асуджаных, да людзей, паралізаваных залежнасцямі, прыгнечаных дакорамі сумлення. Няма такога граху, якога б не дараваў, такой віны, якой бы не прабачыў, няма такой памылкі, каб бацька не прытуліў блуднага сына. Дастаткова даверыцца, працягнуць да Яго рукі з просьбаю аб прабачэнні...

Абвяшчаю вам вялікую радасць. Няхай гэтыя словы дойдуць да ваюючых, пасвараных народаў, дзяржаваў, суседзяў, сужэнцаў і сем’яў.

Вось Князь Супакою! Дастаткова адкласці зброю, паслабіць сціснуты кулак, падаць Яму далонь. Ён прыносіць спакой і паяднанне.

Няхай гэты заклік пачуюць зняволеныя палітычным насіллем, гаспадарчым і сацыяльным. Збаўца вызваляе любоўю. Няхай гэта пачуюць зняволеныя фальшываю інфармацыяй у тэлевізарах, у прэсе і грамадскай думцы. Нарадзіўся вам Збавіцель.

Няхай гэта пачуюць тыя, хто спачывае ў магілах, целы якіх губляюць сваю тоеснасць і перамяняюцца ў зямлю. Ён выведзе з краіны смерці! Ён апране вас у несмяротныя целы. Усё гэта дар ад Бога, Добрая Навіна, якая абуджае ў нас малітву і давер Богу сярод грахоўнай цемры гэтага свету...

Малітва — гэта запрашэнне, скіраванае Богам да нас, каб мы прынялі ўдзел у багацці таямніцаў Яго свету і Ягоных планаў. Гэта ўключэнне нас у Божы свет. Таму малітва вельмі творчая. Ніякая іншая хвіліна дня не бывае такой творчаю, як хвіліны добрай малітвы. Яна мае моц асвятліць сваім багаццем усе дваццаць чатыры гадзіны.

Рыхтуемся да перажывання святаў Божага Нараджэння. Святы – гэта дні малітвы, дні сустрэчы з Богам у духу сяброўства. Ён чакае не кошыка з нашымі дарамі, але адкрыцця майго сэрца і перадачы Яму таямніцаў гэтага сэрца, прыгожых таямніцаў, якімі мы ганарымся, але і сумных, якіх саромеемся. Чакае як сябар...

Змест нашага сэрца, пераліты ў Ягонае Сэрца, будзе ачышчаны і асвечаны. Усё каштоўнае Ён умацуе на вечнасць, а ўсё саромнае ахіне прабачэннем... Шчаслівы, хто ў вігілійны вечар адчувае не толькі радасць ад сустрэчы з блізкімі пры стале, але хто знойдзе хвілінку часу на сустрэчу з прыходзячым Богам і адкрыецца, каб абмяняцца з Ім багаццем сэрцаў. Вігілійны вечар — гэта час малітвы, час сустрэчы з Сынам Бога, які, будучы нашым Сябрам і Братам, прыбывае, каб сустрэцца з намі.

Складаем сабе пажаданні. Жадаю вам, мае сябры, той унутранай свабоды, якая адкрытая на вечнасць. Той свабоды, якая ад Бога паходзіць, і якую няздольная адабраць ніякая зямная сіла. Жадаю вам, каб у Хрысце вы адкрылі свайго Збавіцеля, Таго, Хто дае сапраўдную свабоду, якая пераўзыходзіць усялякія ўяўленні і ўсялякія чалавечыя прагненні свабоды.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней