Бог стварыў кожнага з нас на свой вобраз і падабенства — надзяліў дарам вечнага жыцця. Мы гэты дар страцілі праз грэх. Багародзіца, дзякуючы Божай міласэрнасці, дала свету ўцелаўлёнага Сына Божага, каб нанова вярнуць нам дар вечнага жыцця.


Стаенка, убоства, галеча, голад і цемра ночы... Сын Божы добра ведаў, што выбірае. Не было і не будзе прыгажэйшага і багацейшага месца на зямлі ад пачатку свету і да яго заканчэння, не было і не будзе святлейшага і сагрэтага большым цяплом месца, чым бэтлеемская пячора. Чаму? Таму што ў ёй сустрэліся двое людзей, чые сэрцы палалі найчысцейшай і найдасканалейшай любоўю, якая калі-небудзь была на зямлі. Гэта былі сэрцы Беззаганнай Марыі і Яе сужэнца Юзафа. Сын Божы выбраў для сустрэчы з чалавецтвам менавіта гэтае месца — месца між двума палаючымі любоўю сэрцамі.

Праз гэты першы выбар Сын Божы раз і назаўсёды засведчыў, што адзінай каштоўнасцю ў свеце, адзіным сапраўдным багаццем з’яўляецца любоў. Толькі сапраўдная любоў дае сапраўднае жыццё. Хрыстус сваім першым плачам Немаўляці абвясціў раз і назаўсёды, што ні золата, ні грошы, ні раскошныя памяшканні, ні цудоўныя ацяпленні і асвятленні — нішто, калі няма любові. 

Хрысціянства спадарожнічае чалавецтву ўжо звыш дваццаці стагоддзяў. Яго крыніцай з’яўляецца бэтлеемская пячора. Звыш дваццаці стагоддзяў хрысціянская вада, якой з’яўляюцца любоў, жыццё, прабачэнне, міласэрнасць, абмывае людскія сэрцы, вымываючы з іх увесь бруд. Гледзячы на брудную ваду, можна засмуткаваць, страціць надзею. Аднак дастаткова падысці да крыніцы, каб убачыць, што ў ёй чыстая, крышталёвая вада. Вада Жыцця. Крыніца ўвесь час б’е і вырашае лёсы мільёнаў людзей. Бэтлеемскі грот — гэта крыніца збаўчай Вады Жыцця. Касцёл вядзе нас да гэтай крыніцы. Гэта вялікі жэст даверу Бога адносна чалавека і адначасова цудоўны жэст даверу чалавека Богу. Юзаф і Марыя — гэта ўзор вялікай, сапраўднай любові мужа да жонкі і жонкі да мужа, гэта сведчанне вялікай, сапраўднай радасці Бацькоў, якія прымаюць нараджэнне Дзіцяці. Вось сапраўднае шчасце ў выключнай галечы!.. 

Прагну, каб кожны з нас ішоў да гэтай крыніцы і акунуў у яе сваё сэрца. Гэтая крыніца б’е ўсцяж, і яна такая багатая, што здольная ажывіць увесь свет...

Кожная святая Імша — гэта падзяка — Эўхарыстыя. Нашыя святыні — гэта бэтлеемскія гроты, а алтар — гэта месца, дзе знаходзіцца Цела ўжо не бездапаможнага і маленькага Дзіцяткі Езуса, але ўваскрослага Пана жыцця і смерці. І каля гэтага алтара знаходзяцца не толькі Марыя і Юзаф, але кожны з нас, адкуплены найдаражэйшай Крывёю нашага Збавіцеля. Святая Імша павінна быць не толькі нагодай для нашай фізічнай прысутнасці пры алтары Пана, але перш за ўсё нагодай для асабістай і супольнай малітвы праслаўлення Бога. Распачынаем Эўхарыстыю з перапрашэння і слухання Божага слова, падчас яе молімся за Касцёл ва ўсіх інтэнцыях жывых і памерлых, а кульмінацыяй кожнай святой Імшы з’яўляецца прыняцце Цела і Крыві Хрыста і менавіта малітва праслаўлення Бога, якая з’яўляецца таксама падзякай. Таму варта вучыцца, каб прыклад Эўхарыстыі быў перанесены на пабудову нашых асабістых малітваў, каб мы не толькі ўмелі перапрашаць і прасіць, але таксама і дзякаваць.

Калі разважаць пра тое, якія бясспрэчныя каштоўнасці дало свету хрысціянства, варта назваць менавіта ўрачыстасць Божага Нараджэння, ад якой чалавецтва пачало нанова лічыць свае гады, бо распачалася новая эра ў гісторыі збаўлення свету. Варта ўбачыць мільёны працягнутых да розных людзей чалавечых рук праз прабачэнне, паяднанне, дабрачыннасць і звычайныя падарункі пад ялінкай.

Рукі, якія працягнутыя не з заціснутымі кулакамі, не з нажом, не з дубінкай, не з пісталетам ці аўтаматам, атрутай ці бомбай, што нясе смерць, але з хлебам.

Гэтаму вучыў нас Хрыстус. І чым больш чалавек жыве паводле Евангелля, тым заўважней у ягоным жыцці вігілійны вечар распасціраецца на ўвесь год. Чалавек, які адкрыў для сябе каштоўнасць Евангелля, ужо ніколі не выпусціць з рукі гэтага хлеба, ніколі не сцісне свой кулак і не сягне па зброю, скіраваную на іншага чалавека.

Гэтаму навучае нас Хрыстус. Ён вучыць паступова, але дзейсна, і ўсё большая колькасць людзей прымае Яго вучэнне і разумее, што ў ім укрытая дзіўная моц. Людзі пераконваюцца, што ў барацьбе за лепшае заўтра, за новы, больш справядлівы і чалавечны свет наймацнейшай зброяй з’яўляюцца працягнутыя ў бок іншага чалавека рукі, напоўненыя жывым хлебам, дабрынёю і цеплынёю сэрца.

З нагоды Божага Нараджэння жадаю ўсім вам і сабе, каб мы яшчэ глыбей разумелі багацце зместу дзялення гэтым хлебам — тым штодзённым і тым святым, Божым, які так часта падае нам святар.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней