Справядлівасць і прабачэнне

Рабі тое, што можаш, і маліся аб тым, абі тое, што можаш, і маліся аб тым, чаго не можаш, тады Бог дасць табе, аго не можаш, тады Бог дасць табе, каб ты гэта мог. аб ты гэта мог.

Св. Аўгустын


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

Святы Аўгустын, паступова набліжаючыся да навяртання, доўгі час змагаўся з адной праблемай: назіраў за колькасцю зла ў свеце і думаў, што, калі Бог усёмагутны, а свет у Яго «не атрымаўся», то Ён павінен знішчыць гэты свой твор і стварыць лепшы, такі, у якім не будзе зла. Паколькі Пан Бог гэтага свету не знішчае і не прымае «мудрай парады» Аўгустына, гэта азначае, што Ён бяссільны адносна зла, а таму… не ўсёмагутны. Толькі пасля доўгага часу Аўгустын адкрыў, што Бог увогуле не вінаваты ў тым, што ў свеце існуе зло, што не мае абавязку знішчаць нешта з таго, што стварыў, бо тое, што Ён стварыў, заўсёды добрае.

Зло — гэта наступства вольнай волі, якою Бог надзяліў чалавека. І няма ніякай неабходнасці знішчаць свет, дастаткова толькі, каб людзі дабравольна ўключаліся ў рэалізацыю Божых планаў, тады свет стане адной вялікай любячай сям’ёю.

Шлях да лепшага свету не вядзе праз яго знішчэнне і стварэнне цалкам новага, ён вядзе праз навяртанне да Бога ўсіх, хто мае розум і вольную волю.

Пан Бог неаднойчы папярэджваў чалавецтва аб магчымым знішчэнні свету. Ён рабіў гэта спачатку праз патоп і катаклізм Садома і Гаморы, далей — праз іншыя выпрабаванні. Адначасова ва ўсіх выпадках Бог ратаваў усё, што добрае, каб пасля ачышчэння яно магло развівацца далей, узбагачанае балючым выпрабаваннем. Драма патопу — гэта своеасаблівая «лекцыя» ў гісторыі чалавецтва, якая, з аднаго боку, паказвае магутнасць Бога, а з іншага — Яго вялікі клопат, каб не знішчаць, але перамяняць, падтрымліваць, удасканальваць. Справядлівасць і прабачэнне — гэта дзве якасці Бога, якія на працягу гісторыі збаўлення не толькі выхоўваюць чалавека, але і вядуць яго да жыцця вечнага. Бог справядлівы, але і прабачае заўсёды, калі наша малітва мае ў сабе перапрашэнне, а не толькі просьбы і вельмі часта нараканні. Мы любім «быць справядлівымі» да іншых, але не любім, калі іншыя і нават Бог справядлівыя ў адносінах да нас. Мы любім, калі нам прабачаюць, але самі не заўсёды спяшаемся прабачаць. Малітва за тых, хто чыніць зло і крыўдзіць нас, — гэта першы крок да нашага асабістага ўдасканалення і здзяйснення справядлівасці ва ўсім свеце, бо мы заклікаем на абарону ад зла самога Бога.

Сёння чалавецтва адчувае ўсё большую прагу справядлівасці. Усё часцей кажацца пра грамадскую справядлівасць як фундамент спакою. Няма сур’ёзных выступленняў на міжнароднай арэне, у якіх не чулася б слова «справядлівасць», аднак жа ўсё гэта ўтопія, бо, калі мы больш уважліва аналізуем выказванні на тэму справядлівасці, са здзіўленнем вымушаны пераканацца, што толькі слова тое ж самае, а яго разуменні вельмі розныя. Пра справядлівасць кажа Вашынгтон і кажа Масква, але ж цалкам іншае значэнне ў гэтае паняцце ўкладае Белы дом, і іншае — Крэмль. Пра справядлівасць кажуць Пекін і Каір, кажа Папа і кіраўнікі народаў, кажуць немцы і беларусы, але кожны яе разумее па-свойму. Жывём, быццам у Вавілонскай вежы. Карыстаемся адным словам, хочам увесці яго ў жыццё, але з гэтага зусім не вынікае, што будуем лепшы свет…

Варта паставіць ключавое пытанне: ці казаў Езус пра грамадскую справядлівасць? У Евангеллі няма такіх выказванняў.

Калі Езус кажа пра справядлівасць, то мае на ўвазе справядлівасць або праведнасць асобнага чалавека, а не грамадства.

Езус не абвяшчаў савецка-бальшавіцкай віртуальнай ідэі роўнасці паміж багатымі і беднымі. Езус выбраў іншы шлях. Ён абвяшчае радасць убоства, паказвае яго хараство і адначасова адкрывае вочы на цень багацця, якое робіць чалавека нявольнікам. Справядлівасць праяўляецца не толькі ў справах бізнесу і грошай, больш важным яе аспектам з’яўляецца маё стаўленне да іншага чалавека, майго брата, сястры, з якімі жыву, вучуся, працую, сустракаю ў розных абставінах іх і майго жыцця.

Мы часта сустракаем людзей, якія апраўдваюць сябе за здзейсненае зло, тых, хто любым коштам хоча абараніць і растлумачыць учынак, напрыклад, Юды Іскарыёта, шукае ў гэтым апраўдання для сябе. Іх разуменне вельмі простае: калі можна даць разграшэнне Юду з такога вялікага граху, то і я з маімі значна меншымі яго атрымаю. Апраўданне іншых праз спіхванне віны на ўмовы жыцця, уплывы асяроддзя, прыроджаныя схільнасці з’яўляецца адною са спробаў апраўдання сябе. Другая форма самаапраўдання заключаецца ў адваротных паводзінах: гэта каменаванне і асуджэнне дрэнных людзей, безумоўнае абвінавачванне і патрабаванне вялікага пакарання для таго, хто здзейсніў зло. Тыя, хто гучна вінавацяць іншых, найчасцей самі здзяйсняюць грахі іншай катэгорыі, але хочуць адвесці ад сябе ўвагу. Абодва выпадкі не адпавядаюць запаведзям: у першым чалавек угрунтоўваецца ў зле і не шукае сродкаў, каб дапамагчы іншаму; у другім чалавек нішчыць вінаватага і нішчыць сваё сэрца, бо асуджае свайго брата. Езус — адзіны справядлівы — асуджае не грэшніка, але сам грэх, падае руку, выцягвае з багны і з вялікай любоўю прабачае, што мы і бачым у евангельскай сцэне з грэшнай жанчынаю. 

Падсумоўваючы, неабходна падкрэсліць, што менавіта ЛЮБОЎ з’яўляецца гарантам і верыфікатарам сапраўднай справядлівасці і прабачэння, што мы бачым на прыкладзе самога Бога. Таму аб сапраўднай любові неабходна не толькі марыць і жадаць яе на словах, але горача маліцца, каб, нягледзячы на выпрабаванні, гэтак, як Пан Езус, ніколі яе не страціць. Той грамадска-палітычны крызіс, які перажывае сёння наша Айчына, — гэта недахоп любові да народа, да свабоды, да звычайнай праўды і справядлівасці… Крызіс нашых сэрцаў, знявечаных пыхаю і абыякавасцю да духоўных справаў — гэта недахоп любові да Бога і да ўласных душаў, пакліканых да жыцця вечнага. Варта, а дакладней, неабходна, каб сярод нашых шматлікіх просьбаў падчас малітвы мы штодзённа знаходзілі месца малітве аб любові, якая прыносіць сапраўдную справядлівасць і прабачэнне. Божа, захавай нас у Тваёй ЛЮБОВІ!


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 

Цэтлікі: Разважанні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней