«Баяліся ў Яго пытацца...» Пра пытанні Богу

Часта людзі прыходзяць да Бога, каб Яго прасіць; радзей — каб Яму дзякаваць, а яшчэ радзей — каб у Яго пытацца. Св. Марк у сваім Евангеллі адзначае, што вучні, якія чулі незразумелыя ім выказванні Езуса пра муку, смерць і ўваскрасенне, «баяліся ў Яго пытацца» (пар. Мк 9, 30–37). Хутчэй, жадалі застацца ў няведанні, чым задаваць Настаўніку пытанні.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

Існуе шмат прычынаў, па якіх чалавек не хоча задаваць Богу некаторыя пытанні. Амаль заўсёды на дне гэтых прычынаў крыецца страх. Не столькі задаць пытанне, бо гэта было б знакам нясталасці чалавека, колькі страх пачуць адказ. Чалавек баіцца, што Бог укажа на нялёгкі шлях, паставіць пэўныя патрабаванні. І тады чалавек выбірае стан няведання. Адказ Бога — заўсёды канчатковы. Ён ніколі не адказвае: «рабі, як захочаш». Ён у канкрэтнай сітуацыі паказвае адзін і адзіны шлях, таму неабходна альбо рашыцца ісці гэтым шляхам, альбо адмовіцца ад яго. Адказ Бога — гэта найчасцей заклік да паслухмянасці, а чалавек, як правіла, гэтага не любіць.

Нешта падобнае перажывалі Апосталы. Іх сустрэча з Хрыстом распачалася ад закліку: «Ідзі за Мной». Пакуль яны вандравалі, часам стомленыя, галодныя, іх не заўсёды ахвотна прымалі, але часцей яны ўсё ж былі трыумфуючыя і задаволеныя, і праблемаў з паслухмянасцю не было. Езус чыніў цуды, прамаўляў цудоўныя казанні, збіраючы натоўпы. А тут, раптам, Ён пачынае казаць пра такія падзеі, што па целе дрыжыкі прабягаюць… Будзе выдадзены, забіты, уваскрэсне… У вушах вучняў гучалі словы: «Ідзі за Мной».

Ці яны таксама павінны прайсці гэты шлях — здраду, укрыжаванне, выхад з магілы? Лепш пра гэта не пытацца. Можа, ім і не прыйдзецца, можа, Ён дазволіць ім ісці іншым шляхам.

Магчыма, «ідзі за Мной» абавязвае толькі да пэўнага моманту, а калі Настаўнік вырашыць прыняць смерць, то яны змогуць адысці, перадумаць, не ісці за Ім. Лепш, канешне, застацца пры такой магчымасці, сёння з ёю лягчэй жыць, бо, калі б Бог запланаваў і для іх здраду, пакуты, смерць, то ў такой перспектыве жыццё было б надта цяжкім. 

Сёлета, наведваючы вернікаў падчас калядавання, заўважыў пэўную заканамернасць: святара не запрашаюць, як правіла, тыя сем’і, якім не ўдаецца альбо не хочацца жыць паводле Божых запаведзяў і касцёльных наказаў. Чаму так? Бо святар ад імя Бога ў чарговы раз скажа пра тое, што не толькі трэба, але перадусім варта жыць з Богам і запрасіць Яго пад свой дах, каб атрымаць благаслаўленне. А гэта вельмі часта нежаданыя для некаторых людзей словы праўды Божай, таму яны зачыняюць вушы і дзверы перад Божым словам, наўмысна не ходзяць у касцёл на святую Імшу. Праўда ў тым, што, калі мы не пачуем Бога падчас візіту святара ў нашы сем’і або ў касцёле і не станем на шлях навяртання, то пачуем гэтыя словы ад самога Бога пасля смерці, а розніца ў тым, што тады ўжо не будзе магчымасці навяртацца. Наш удзел у рэлігійных практыках, наша малітва з’яўляюцца не толькі слуханнем Бога, але і нагодаю задаваць Богу свае пытанні. Парадокс у тым, што мы баімся пытацца ў Бога і слухаць Яго, але не баімся крыўдзіць Яго і пазбаўляць сябе жыцця вечнага праз нашу ляноту, абыякавасць і грахі…

На самай справе не так і проста задаць Богу пытанне, бо пачуты адказ, магчыма, зваліў бы нас з ног. Асабліва пытанне, якое просіцца ў час балючых выпрабаванняў: «чаму?».

Чаму ў маладой маці — рак, і яна памірае, пакідаючы дзяцей? Чаму нявінныя дзеці пакутуюць? Чаму быў Асвенцім, Чарнобыль? Чаму — вайна?

Толькі вялікія людзі маюць адвагу задаваць Богу пытанні і чуць Ягоныя адказы, якія часта бянтэжаць і прыводзяць таго, хто пытае, у шокавы стан. Вялікія містыкі амаль увогуле не пераказалі адказаў, якія пачулі ад Бога, — яны прыйшлі да высновы, што лепш іх не ведаць.

Ці вынікае з гэтага, што мы павінны быць падобнымі да Апосталаў, якія «баяліся пытацца» Езуса пра тое, што іх чакае? Не. Маючы перад сабою пераможную перспектыву ўваскрасення і ўнебаўшэсця, мы можам задаваць Богу любыя пытанні і быць пэўнымі, што Ягоныя адказы маюць на ўвазе нашае дабро, што яны пазначаюць дарогу нашага збаўлення.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней