Звычайна кожная магіла абуджае ў чалавеку страх і напаўняе ягонае сэрца смуткам і глыбокім задуменнем, бо сведчыць пра нашую прамінальнасць, пра крохкасць нашага чалавечага жыцця. Існуе, аднак, такая магіла, якая не палохае і не напаўняе жахам, але, наадварот, штогод прыцягвае да сябе тысячы пілігрымаў і напаўняе іхнія сэрцы радасцю і надзеяй, а самае неверагоднае тое, што яна пустая. Гэта магіла Пана Езуса ў Ерузалеме.


Калісьці ў ёй былі парэшткі Чалавека, але толькі на працягу трох дзён. На досвітку Велікоднай нядзелі гэтая магіла сталася сведкаю найвялікшага цуду ў дзеях чалавецтва — уваскрасення Хрыстовага. Сёння кожны з нас павінен затрымацца і задумацца над гэтай пустой магілай...

На зямлі жыло шмат знакамітых людзей: цудоўных філосафаў, вучоных, геніяў у галіне мастацтва, літаратуры, архітэктуры і г.д. Яны мелі прыгожыя ідэі, стваралі цудоўныя творы, залатымі або крывавымі літарамі ўпісвалі свае імёны ў гісторыю. Аднак быў той момант, калі іх, як і ўсіх іншых, паклалі ў магілу. І цяпер там толькі жменя спарахнелых касцей. Калі быць аб’ектыўнымі, то іх тварэнні мы таксама павінны ацаніць... у кантэксце гэтых касцей, бо твор не можа быць большым за стваральніка. Пакінутыя ідэі, сфарміраваныя сістэмы, творы некалі непазбежна раздзеляць лёс сваіх аўтараў і падобна іх касцям рассыплюцца ў прах...

Але жыў на зямлі Чалавек, які абвяшчаў неймаверныя рэчы, што пераўзыходзілі ўсялякія чалавечыя памкненні. Насуперак фактам усклікаў: «Калі паверыце ў Мяне, будзеце жыць!» Гэты Чалавек памёр, але пасля трох дзён у магіле ўласнай моцаю выйшаў з яе. Ці ж я не павінен Яму верыць? Хто ж, калі не Той, Хто перамог смерць, годны веры?

Трэба было забіць Хрыста, бо Ён змагаўся за жыццё ў праўдзе, быў нязручным падуладным. Адсюль вынікае цеснае супрацоўніцтва тагачаснай рэлігійнай улады, святароў Адзінага Бога з дзяржаўнай уладай, нават з акупантам, каб знішчыць Хрыста. Варта пра гэта памятаць, калі мы хочам зразумець Евангелле і дзеі Касцёла.

Знішчэнне Хрыста, аднак, не вырашыла праблему. У Велікодную раніцу для людзей, маючых уладу, з’явілася новая праблема, яшчэ больш складаная за папярэднюю: аказалася, што знішчаны імі Чалавек увакрос і ёсць сведкі гэтаму, таму робіцца ўсё, каб знішчыць веру ва ўваскрасенне Хрыста і нават прымаецца рашэнне знішчыць сведкаў гэтага факту. Пачынаюць з жаўнераў, якія пільнавалі магілу: нішчаць іх пры дапамозе хлусні і грошай. Таму распачынаецца радасны марш веры, якую нясуць Ян, Пётр, Магдалена, Марыя, а з ім крочыць іншы марш — нішчыцеляў гэтых сведкаў. Па чарзе будуць закрываць вусны, калі не грашыма, то кулаком, а калі гэтага будзе недастаткова, то мечам, крыжам, нажом, атрутай… Як Хрыстус быў акружаны, так і Ягоныя вучні акружаныя хлуснёй і грашыма, якія вельмі часта становяцца коштам здрады праўдзе.

Трываючы ў малітве ля магілы Хрыста, нам неабходна адкрыць, што ні прадажныя грошы, ні хлусня не здолелі знішчыць праўду пра ўваскрасенне. Рабілі ўсё, каб знішчыць, але безвынікова. Адсюль выснова для нас: кожны, хто сёння хоча належаць да пераможцаў, павінен мець рукі, чыстыя ад брудных грошай, і вусны, вольныя ад фальшу. Сёння мы стаім ля пустой магілы Езуса. Паўторым з моцным перакананнем: «Пане, веру! Веру і толькі паводле гэтай веры хачу будаваць сваё жыццё».

Прадставім сёння Богу ўсе нашыя просьбы. Разам з хлебам пакладзём на патэну справы нашых блізкіх, знаёмых і з вераю, на якую мы толькі здольныя, супольна ўзнясём іх да Бога. Езус, бачачы гэтую нашую веру, веру ўсяго Касцёла, калісьці адкажа нам сваім збаўчым жэстам і ўваскрасіць нас з нашай слабасці і нікчэмнасці да жыцця ў ласцы Божай.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней