«Дрэнна малюся»... Даволі часта даводзіцца чуць такое падчас душпастырскіх размоваў. Пасля кароткага ўдакладнення аказваецца, што маліцца «добра» атрымліваецца толькі на каленях, абсалютна засяроджана і без навязлівых думак, што часам залятаюць у галаву. Сітуацыя, канешне, ідэальная, але, на жаль, цяжкая для рэалізацыі: трэба быць містыкам і пустэльнікам, як мінімум.
Калі лічыце, што для малітвы і праслаўлення Бога патрэбныя нейкія надзвычайныя ўмовы, кшталту кляштара (найлепей у Альпах), тыдня цішыні ці атмасфернага набажэнства, — гэты тэкст для вас.
Полымя, спеў і спецэфекты
Прыглушанае святло і прыгожыя гармоніі, сотні людзей уздымаюць рукі ўгору, спяваючы Богу гімны, аддаючы Яму ўсе свае справы. Калі мы гаворым «праслаўленне», уяўленне малюе менавіта такую карціну. На жаль, яна далёкая ад аднаго з першых маштабных «праслаўленняў са спецэфектамі», пра якое распавядае нам Кніга прарока Даніэля. Навухаданосар, цар Бабілёна, вырашыў паставіць у даліне Дэіра вялізнага залатога ідала «ў вышыню шэсцьдзясят локцяў і ў шырыню шэсць локцяў» (каля 31 метра). Прычынай такога незвычайнага артыстычнага перформансу цара, калі верыць св. Яну Хрызастому, было незвычайна моцнае прагненне велічы і славы. Але сярод прадстаўнікоў выбранага народа, які на той час знаходзіўся ў бабілёнскім палоне, знайшліся тры мужныя асобы, што не вагаліся супрацьстаяць замене хвалы сапраўднага Бога ўшанаваннем мёртвага кавалка металу. Ананія, Азарыя і Місаіл, слугі Навухаданосара, адмовіліся выканаць няслушны загад. Цар загадвае кінуць непаслухмяных слугаў у печ, распаленую настолькі, што забівае тых, хто выконваў прысуд. Менавіта там, у самым жары вогнішча, трое маладзёнаў у прысутнасці Божага анёла спяваюць сваю песню хвалы Богу, заклікаючы ўсё стварэнне праслаўляць Пана. Цудоўнае ўратаванне слугаў з агню змушае паверыць і самога Навухаданосара, а каралеўскім загадам ушанаванне Божага імя абвяшчаецца «ўсім плямёнам і родам па ўсёй зямлі».

Лек без рэцэпта
Безумоўна, рэлігійны запал бабілёнскага цара доўжыцца нядоўга, але сама гісторыя паказвае нам вечную праўду — праслаўленне Бога не патрабуе спецыяльных месцаў ці часу, яно здольнае ўратаваць чалавека, які давярае, з кожнага полымя. Прыняцце таго, што маеш сёння, вызваляе ад жадання мець больш, быць кімсьці іншым, насычацца чужой увагай і захапленнем. Сенека малодшы казаў, што чалавек, які бясконца параўноўвае сябе з іншымі, ніколі не будзе шчаслівы. Праслаўленне Бога — падзяка за ўсе Яго справы для мяне і лю дзей навокал — здольнае вярнуць мне магчымасць бачыць дабро, ачысціць сэрца ад яду зайздрасці. «Агонь і жар — благаслаўляйце Пана», — спявалі маладзёны ў полымі. «Праслаўляйце Пана, усе мае слёзы і жалі…» — паўтораць за святой Тэрэзай з Лізье і Паўлам Бэмбэнкам, кампазітарам з Кракава, некалькі сотняў маладзёнаў падчас «Музычнай майстэрні». Праслаўленне не канстатуе фактаў, яно аздараўляе і змяняе рэчаіснасць, бо запрашае заўважыць яе Аўтара. Гэты лек здольны вылечыць многіх і не патрабуе рэцэпта, але толькі ў рэдкіх выпадках мы да яго звяртаемся. Ці не таму, што парадаксальна ўсцяж патрабуем доказаў рэальнай прысутнасці Бога ў нашым жыцці, адначасова сумняваючыся ў Яго існаванні? А можа проста не хочам прызнаць, што хоць мы і «нана-ультра-супер-звыш», але не ўсёмагутныя?
«Cogito ergo sum»
Менавіта гэта думка Рэнэ Дэкарта стала падмуркам заходняга рацыяналізму. Што мае філасофія да праслаўлення? Калісьці за гарбатай адзін з маіх сабратоў кінуў фразу, якая сядзіць ува мне да сёння: «Мы ўжо жывём у вечнасці. Хоць я і грэшнік, Бог дазволіў мне бачыць столькі цудаў з вышыні і столькі дзіўных з’яваў здолу, што я ўжо не сумняваюся, не маю на гэта права — мы ўсе ўжо жывём у вечнасці». Вера, якая стала неад’емнай часткаю жыцця, перажываная свядома і радасна, не ёсць клеткаю і ўцёкамі ад рэальнасці. Для слухачоў Езуса Яго вобраз Бога — «Абба» (Татачка) — быў шакуюча блізкім. Падазраю, што сёння мы б таксама мелі з ім клопат. Бог, якому не сядзіцца ў сваім доме на пачэсным месцы, які з усіх ног ляціць насустрач сваім марнатраўным дзецям. Бог, па якім мы ўсе трошкі сумуем, баючыся прызнаць Яго рэальнасць у нашай жыццёвай гісторыі, баючыся, што пасля Яго прыйсця яна ўжо не будзе ранейшаю.

Малітва для беларуса
Літургія гадзінаў акуратна «прычасала» псальмы, пазбавіўшы некаторыя з іх «зубоў» і «кіпцюроў». Просьбы павыбіваць зубы ворагам, змалоць іх у дробны мак ці іншыя крэатыўныя спосабы помсты не чужыя біблійнаму аўтару. «Вось жа жорсткая кніга!» — напішуць некаторыя, забыўшыся пра чалавечыя эмоцыі. Мы ж прабачым каралю Давіду яго халерычны тэмперамент і адзначым, што нават такія непрыемныя моманты ён не баяўся ў агні эмоцыяў выставіць на Божае святло. Не рабі ён гэтага, ці заканчваліся б справы штораз такою высноваю: «Ты ж, Пане, дапамога мая і абарона…» Шчырасць, схаваная ў 150-ці малітвах на кожны выпадак жыцця, дазваляе і сёння такой вялікай і разнастайнай супольнасці Касцёла атаясамлівацца з іх зместам, рабіць гэтую малітву сваёй. Сум, злосць, закаханасць, жаданне ўцячы ад Бога, роспач, здрада, нястрымная весялосць, саркастычны аптымізм — толькі паспявай выбіраць. І хоць эмацыйная стабільнасць беларусаў стала ўжо паўсюдным мемам, Біблія дазваляе нам дакрануцца да ўласнай глыбіні, каб сярод розных пачуццяў на малітве адкрываць сапраўднага Бога і сапраўдных сябе. І праслаўляць Створцу.
Айцец Яўген Голуб OFMConv — канвентуальны францішканін, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродна, магістр міжкультурнай камунікацыі ФФСН БДУ