Вялікая пятніца — гэта дзень самай узнёслай катэхезы, удзеленай чалавецтву, катэхезы, праўдзівасць якой была пацверджана ў Велікодную раніцу. Сярод праўдаў, абвешчаных тады, свет пачуў праўду пра Марыю: «Сыне, вось Маці твая…» Як некалі Хрысту ў часе Яго нараджэння, так і Касцёлу, што пачаў нараджацца ў Велікодную раніцу, вельмі патрэбная Маці. Калі сёння Касцёл радуецца факту Уваскрасення, то менавіта таму, што Бог-Чалавек меў на зямлі Маці.
Уваскрасенне Хрыста найперш узнікла з прыніжэння Ягонага Цела, якое Ён узяў з Марыі. Там, дзе ёсць Маці, знікае страх; дзе ёсць Маці, чалавек адчувае сябе абароненым; дзе ёсць Маці, чалавек мае дом. Так, сёння Касцёл не баіцца гаварыць і адчувае сябе ў бяспецы, нягледзячы на розныя пагрозы і нават пераслед, калі навучае, што ўсё, што нарадзілася ад Бога, перамагае зло. Гэта нашая вера, а сведка напахіснай і адважнай веры — Марыя.
Касцёл — гэта дом, куды мы прыходзім альбо вяртаемся, каб убачыць святло змёртвыхпаўстання з розных людскіх нягодаў і немачаў. Колькі ж святла Уваскрослага Хрыста вынеслі людзі з Касцёла: святла маральнай сілы, святла праўды, святла мудрасці! Таму мы добра разумеем словы св. Кіпрыяна, які казаў: «Не можа мець Бога Айцом той, хто Касцёла не мае за маці». Гэтую моц і надзею, нават часам насуперак чалавечай надзеі, Касцёл чэрпае ў малітве, якая з’яўляецца прыладай, каб чэрпаць ваду ласкі з Божай студні міласэрнасці, любові і прабачэння. Быў такі час на нашай зямлі, калі Касцёл пазбаўлялі свабоды, святыняў, святароў, змушалі маўчаць, але малітвы з сэрцаў вернікаў ніхто не меў і не мае магчымасці вырваць. Гэта нябачная зброя, якая мацнейшая за ўсялякую ракету, танк і бомбу, бо дакранаецца да Сэрца самога Бога.
Месяц май заахвочвае нас да таго, каб мы заглыбіліся ў разважанне над постаццю Маці Бога — Езуса Хрыста. Кім жа ёсць Тая, якой Касцёл прысвячае найпрыгажэйшы месяц года — май — месяц, які прыгажосцю прыроды красамоўна аб’яўляе любоў Бога да чалавека. Са спевам птушак і водарам кветак спалучаюцца заклікі літаніі дзеля хвалы простай дзяўчыны з Назарэта. Кім жа Яна ёсць? Адказ адзін: Яна — Маці Бога-Чалавека, таму Ёй хвала і пашана. Калі чалавецтва вялікай пашанай акружае маці сваіх геніяў, маці герояў, маці вялікіх творцаў і вынаходнікаў, маці гарачых патрыётаў, то што ж яно павінна чыніць у адносінах да Маці Хрыста, Сына Божага, які жыццё сваё дабравольна аддаў на крыжы для адкуплення чалавецтва?
Разам з Марыяй, Маці Князя Спакою, Сталіцай Мудрасці і Успамогі хрысціянаў, крочым праз зямное жыццё, давяраючы Яе апецы лёс нашай Айчыны і свету ў гэты неспакойны час. Крочым з надзеяй, што Яна дапаможа ўтаймаваць усялякія парывы гневу ў нашых сем’ях, у грамадстве і на міжнароднай арэне.
Яна, якая была сведкаю гневу, што выліўся на Яе Сына, і не прамовіла ні слова, ведае, што змаганне за спакой на зямлі заўсёды будзе такім жа, як гэта было на Галгоце. Там сапраўдная перамога належыць Яе Сыну, а не тым, хто прыбіў Яго да крыжа. Там агонь іх жорсткасці і нянавісці быў пагашаны любоўю і спакоем Таго, Каго забілі. Малітва аб спакоі ў свеце — гэта супольны заклік да Бога аб панаванні вады спакою, якая выплывае з крыніцы, што струменіць на Кальварыі.
Ахвяра — гэта слова, якое сучасны чалавек амаль выкрасліў са свайго слоўніка. Не разумеем сэнсу ахвяры, не ўмеем яе складаць, хочам, каб яе не было. Але толькі ў сапраўднай любові ёсць для яе месца, пра што сведчаць постаці Езуса і Ягонай Маці. Сутнасцю хрысціянскай рэлігіі і малітвы з’яўляецца любоў, яна тут займае цэнтральнае месца. Таму адыход ад Хрыста распачынаецца, як правіла, з ігнаравання або адпрэчвання ахвяры. Эгаізм ненавідзіць ахвяры, бо скіраваны на тое, каб браць, а не даваць. Тое, што мы складаем Богу ў ахвяру, становіцца святым. Бог не знішчае ахвяру, але асвячае яе. Езус стаўся Ахвяраю, каб пака заць нам шлях да святасці. Марыя ахвяравала Хрыста і сябе, каб мы ўсе былі збаўлены і дасягнулі святасці.
Няхай Уваскрослы Пан-Пераможца і Багародзіца-Заступніца будуць трывалым умацаваннем нашай малітвы з усім Касцёлам у інтэнцыі перамогі праўды, справядлівасці і надзеі ў будаванні спакою і любові ва ўсім свеце.
Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
Ілюстрацыя: Рогер ван дэр Вэйдэн «Укрыжаванне»