Хто прыходзіць у Кармэль, т ой не толькі страчаны для сваіх блізкіх, ой не толькі страчаны для сваіх блізкіх, але яшчэ больш ім належыць, ле яшчэ больш ім належыць, бо сэнс нашага паклікання — стаяць перад Богам ад імя ўсіх. о сэнс нашага паклікання — стаяць перад Богам ад імя ўсіх.
Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа — Эдыта Штайн
Малітва і кантэмпляцыя — гэта знак, які адрознівае Кармэль ад іншых манаскіх ордэнаў. Хто кажа «Кармэль», кажа «малітва».
У Кармэлі немагчыма аддзяліць малітву ад кантэмпляцыі (сузірання, медытацыі). Кантэмпляцыя — гэта мэта, а малітва — гэта шлях, які вядзе да гэтай мэты. Штодзённа кармэліты босыя прысвячаюць дзве гадзіны асабістай малітве. У Кармэлі малітва з’яўляецца не адным з духоўных практыкаванняў, але жыццём манахаў. Усё іншае ёй падпарадкавана. Калі будзеш верным малітве, то таксама будзеш верным і ўсім іншым абавязкам. У «Дарозе дасканаласці» наша святая Маці Тэрэза ад Езуса (Авільская) піша: «Першы пункт нашага Статута прадпісвае нам няспынную малітву. Гэта неабходна захоўваць з найвялікшым клопатам, бо гэта найважнейшая справа, не занядбоўваючы пры гэтым захавання пастоў, дысцыпліны і маўчання, вызначаных у нашым ордэне» (ДД 4, 2).
Кожнае дзеянне ў Кармэлі мае тую ці іншую сувязь з малітвай. Малітва дае сэнс усяму іншаму. Манастычныя прадпісанні заўсёды падпарадкаваныя малітве: альбо рыхтуюць да малітвы, альбо маюць на мэце стварыць атмасферу, спрыяльную малітве. Малітва — гэта крытэрый, на падставе якога можна ацэньваць вартасць іншых аскетычных актаў. Калі мы кажам пра аскетычныя акты, напрыклад, адрачэнне, духоўнае чытанне, а таксама і апостальства, то неабходна заўсёды ставіць адно пытанне і даваць на яго адказ: у якой ступені яны схіляюць нас да малітвы і робяць яе лягчэйшай? Мэта аскезы (адрачэння, посту) — гэта ўнутранае ачышчэнне і вызваленне, каб цалкам адкрыцца на Бога. Духоўнае чытанне настолькі важнае, наколькі з’яўляецца пасілкам для тваёй малітвы. Маўчанне і клаўзура дадзеныя нам для таго, каб лягчэй захаваць «клімат», спрыяльны малітве. У кармэлітаў босых апостальства згоднае з духам Кармэлю, калі натуральным чынам вынікае з малітвы, калі струменіць з багатай крыніцы кантэмпляцыі.
Езус сам для нас з’яўляецца ўзорам — Ён адыходзіў у пустынныя месцы, каб маліцца, пазней — навучаць, прапаведаваць, аздараўляць, пасля чаго зноў адыходзіць, каб размаўляць з Айцом.
Гэтае духоўнае багацце Кармэлю можа быць выкарыстана і інтэнсіўна выкарыстоўваецца не толькі манахамі кармэлітамі і манашкамі кармэліткамі босымі, але і ўсімі іншымі асобамі, якія належаць да супольнасці Касцёла.
Варта памятаць, што кармэліт, кармэлітка, як і кожны веруючы чалавек, без малітвы — гэта як цела без душы. Да малітвы трэба адносіцца з вялікай павагай. Малітва — гэта не толькі асабістая сустрэча з Богам, бо ў малітве мы трываем перад Богам таксама як супольнасць — манаская, парафіяльная, сямейная, як супольнасць, што моліцца, даём сведчанне нашага з’яднання ў Хрысце. Часцей дзякуй Богу за тое, што так багата надзяліў цябе часам для малітвы, бо не мусіш, як большасць людзей у свеце, шукаць яго і за яго змагацца. Не шкадуй часу на малітву і не бойся прысвяціць яго болей, асабліва ў нядзелю і святы.
Падчас малітвы не трэба чакаць ад Бога нейкіх надзвычайных ласкаў: трэба задаволіцца такой малітвай, якую дае табе Бог. Наша святая Маці Тэрэза ад Езуса (Авільская) так пісала пра малітву: «Справа ў тым, каб той, хто распачынае гэтую святую справу, не думаў толькі пра нейкія суцяшэнні. Гэта быў бы вельмі нізкі ўзровень працы для ўзнясення такой вялікай і каштоўнай будоўлі. Гэта забаўная рэч, што так адразу, маючы ў сабе столькі незлічоных недасканаласцяў, маем смеласць жадаць суцяшэнняў падчас малітвы і скардзіцца на нейкую духоўную сухасць. Малітва — гэта сяброўская размова з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць».
Падчас малітвы, асабліва кантэмпляцыі, сузірання, медытацыі, вызваляешся ад эгацэнтрызму і ўсёй сваёю істотаю накіроўваешся да Бога. Праз гэта ты таксама займаеш адпаведнае месца ў Касцёле і ў свеце, становячыся, паводле намеру ствараючага цябе Бога, істотаю, якая Яго прагне і на Яго адкрываецца.
Калі адчуваеш у душы холад і адсутнасць любові, не заставайся вязнем гэтага пачуцця. Прасі аб тым, чаго табе не хапае. Езус сказаў: «Прасіце, і будзе дадзена вам» (Лк 11, 9). Малітва аб памнажэнні веры, надзеі і любові — гэта заўсёды выслуханая малітва. Учыніш Богу вялікую радасць, просячы Яго аб тым, чым Ён прагне надзяліць кожную душу па-над усім.
Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
Фота: dumanie.pl, karmelicibosi.pl