Правы ахрышчанага чалавека

Мэтаю сакрамэнту хросту з’яўляецца ўдзел верніка ў жыцці самога Бога. Да хросту працягвае рукі той, хто хоча пераступіць бар’ер смерці, хто прагне мець упэўненасць у вечнай прыналежнасці Богу. Хрост адбываецца праз паліванне альбо акунанне чалавека ў ваду з адначасовым прамаўленнем словаў: «N, я цябе хрышчу ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога». Хрысціць азначае акунаць. У гэты момант сэрца чалавека не толькі ачышчаецца ад усялякага граху, але і напаўняецца Божым жыццём. Інакш кажучы, чалавек становіцца святым. Гэтая святасць сведчыць пра нашую роднасць з Богам, мы становімся Ягонымі дзецьмі.


Таямніца кожнага жыцця для нас закрытая. Не ведаем ні таямніцы жыцця, схаванай у насенні маку, ні таямніцы папараць-кветкі, ні той, якую носіць у сабе кожнае чалавечае сэрца. Тым болей не ведаем таямніцы Божага жыцця. Максімальнае, што мы можам, — гэта назіраць, у пэўных межах пазнаваць праявы жыцця і кіруючыя ім правы.

Як дзеці Божыя, разам са звышнатуральным жыццём мы атрымліваем пры святым хросце пэўныя правы, якія вылучаюць нас сярод мільёнаў неахрышчаных людзей. Менавіта гэтыя правы ў нейкім сэнсе адкрываюць частку таямніцы таго жыцця, якое Бог распачаў у кожным з нас.

Першым правам з’яўляецца права звяртацца да Бога словам «Ойча»

Праз хрост змяняюцца і адносіны Бога да нас: Ён прызнае нас сваімі дзецьмі, аб’яўляе нам сябе ў якасці Айца, заўсёды добрага Айца, нават тады, калі мы, як дзеці, будзем не вартымі гэтага. Ад хросту малітва мае характар сямейнай размовы. Просьбы, што ўзносяцца ў неба, не маюць нічога агульнага з афіцыйнымі просьбамі, што чакаюць «ласкавага вырашэння»; яны з’яўляюцца непасрэднай сустрэчай Айца з дзіцем, якое мае доступ да свайго Таты ў кожны момант дня і ночы. У такім духу неабходна разумець малітву «Ойча наш...» — найпрыгажэйшы ўзор размовы Бога з чалавекам і чалавека з Богам.

Ахрышчаны атрымлівае таксама права спажываць пасілак несмяротнасці

Божае жыццё, распачатае ў чалавеку на святым хросце, павінна развівацца і дасягнуць паўнаты дасканаласці. Для гэтага неабходны Боскі пасілак, устаноўлены Езусам Хрыстом у Вячэрніку. Святую Камунію мае права прыняць кожны, хто ахрышчаны і не страціў асвячальнай ласкі праз смяротны або цяжкі грэх. У Каталіцкім Касцёле пасля хросту не ўдзяляецца святая Камунія немаўлятам, але яны ўжо маюць на гэта права і гэтым адрозніваюцца ад неахрышчаных. З практычнага пункту гледжання рашэнне прыняць хрост можна абгрунтаваць прагненнем прыступіць да стала Пана, на якім ёсць пасілак, што дае жыццё вечнае.

Трэцім правам з’яўляецца права падтрымкі з боку касцёльнай супольнасці, якая прымае новага члена ў свае шэрагі

Хрысціянін належыць парафіі, у якой прыняў хрост, і гэтая парафія адказная за яго. Ён, канешне, мае адносна яе пэўныя абавязкі, але таксама мае і свае правы. Гэтая суполь насць павінна падтрымліваць яго ў развіцці рэлігійнага жыцця, яна таксама, калі ў яго, напрыклад, не хапае сродкаў, неабходных для жыцця, мае абавязак падзяліцца з ім, бо вернікі супольна просяць Айца: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». Такім чынам хлеб, якім распараджаецца парафія, ёсць дарам Айца, удзеленым у адказ на іх малітву, і належыць усім.

Чацвёртае права датычыць спадчыннай перадачы дабротаў, якія мае наш Айцец Нябесны

Кожнае дзіця мае права на ўдзел у дабротах сваіх бацькоў. Таксама і Бог абяцае сваім дзецям у спадчыну ўсе свае даброты, а паколькі ўвесь свет з’яўляецца Ягонай уласнасцю, ён увесь будзе таксама і нашай спадчынай. Святы Павел кажа, што мы будзем судзіць нават анёлаў. Толькі тады цалкам аб’явіцца жыццё, якое распачала ў нас Божая ласка пры ўдзяленні сакрамэнту хросту. Тут, на зямлі, мы ўжо маем права звяртацца да Бога словам «Ойча», маем права ўдзельнічаць у падрыхтаванай Ім Эўхарыстычнай Вячэры і можам разлічваць на духоўную і матэрыяльную падтрымку з боку Касцёла. У сваю чаргу, беручы пад увагу будучыню, мы чакаем удзелу ў шчасці самога Бога. 

Няхай кожная нашая малітва будзе перш за ўсё ўдзячнасцю за дары веры і святога хросту; няхай будзе праслаўленнем за неспасцігальны дар Эўхарыстыі; няхай будзе шчырым і штодзённым перапрашэннем за грахі; няхай будзе таксама няспыннай просьбай аб Божай ласцы добрага зямнога жыцця, якое падрыхтуе ўсіх нас жыць Божым жыццём у вечнасці, каб там безупынна сузіраць і захапляцца таямніцай Таго, які стварыў нас на свой вобраз і падабенства.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ. 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней