«Не бойся, толькі вер…»

Евангеліст Марк у адным з фрагментаў Добрай Навіны апавядае пра тое, як бацька, прыгнечаны болем з прычыны цяжкай хваробы дачкі, шукае паратунку ў цудзе (гл. Мк 5, 21–43) і найперш разлічвае на дапамогу Настаўніка з Назарэта. Верыць, што Ён можа вярнуць дзіцяці здароўе. Трэба было спяшацца, бо кожная хвіліна была на вагу золата: смерць глядзела дзіцяці ў вочы. Ужо дабраўся да Настаўніка, ужо агучыў просьбу, ужо ішлі ў кірунку дома... Можа, паспеюць. Былі недалёка. Насустрач выходзіць нехта з блізкіх з трагічнай весткаю — дзіця памерла... Навошта яшчэ турбаваць Настаўніка? Не паспелі…


Бацька нічога не сказаў, а Езус звярнуўся да яго з заклікам: «Не бойся, толькі вер». Гэта быў той момант, у які мела значэнне больш значная каштоўнасць, чым жыццё дзіцяці, бо важнейшаю была вера бацькі. Здзяйсняючы цуд, Езус меў на ўвазе менавіта гэтую каштоўнасць, бо хацеў умацаваць веру бацькі і сваіх трох Апосталаў, якія былі сведкамі ўваскрашэння дачкі Яіра. Дагэтуль на Езуса глядзелі як на Таго, Хто аздараўляе, і з таго часу з бояззю пачнуць бачыць у Ім Пана жыцця і смерці. Ніхто з людзей не мае ўлады над смерцю. Ён, Пан усялякага стварэння, можа кожнага выклікаць з краіны памерлых і вярнуць яго тым, хто тут, на зямлі, перажывае балючае расстанне. Цуд дапаможа паверыць у Ягоную Боскую моц…

Заклік Езуса з просьбай аб дапамозе — гэта рашэнне самога чалавека.

З гэтага моманту распачынаецца неверагодная і поўная неспадзяванак прыгода. Езус валодае ўсёмагутнасцю. Неспадзяванкі з’яўляюцца тады, калі праяўляецца Яго ўсёмагутнасць, робячы цуды, і тады, калі Ён не хоча яе праявіць і дапускае зло. Ніколі невядома, што больш захапляе веруючага чалавека: цудадзейная інтэрвенцыя ўсёмагутнасці Бога ці Яго таямнічае маўчанне. Бог заўсёды мае на ўвазе нешта большае, чым проста вырашэнне канкрэтнай справы, да якой Яго заклікаюць. Бог імкнецца ўдасканаліць нашую веру, звяртаючыся са словамі: «Не бойся, толькі вер». Неабходна пачуць гэтыя словы! Яны дапамагаюць захаваць спакой у цалкавітым прысвячэнні свайго жыцця Хрысту з правам вырашэння далейшага бегу падзеяў. Гэта вялікая школа нашай малітвы і веры...

Евангельская сцэна вучыць нас яшчэ аднаму. Нялёгкія падзеі, бездапаможнасць перад няшчасцямі змушаюць шукаць дапамогі ў Бога. Бацька не прыйшоў бы да Езуса, калі б не безнадзейны стан здароўя дачкі. Вельмі часта Бог менавіта такім чынам плануе сустрэчу з намі.

Боль, бязраднасць, часам страх змушаюць нас шукаць паратунку ў Бога, становяцца пераломным момантам.

Наладжванне адносінаў з Богам важнейшае за аздараўленне, якога мы шукаем. Бог не толькі прапануе нам сваю дапамогу ў канкрэтнай справе, але становіцца сябрам, гатовым спадарожнічаць сваёй мудрасцю, усёмагутнасцю і любоўю на ўсіх шляхах нашага жыцця.

Вера ў Бога, вера ў жыццё вечнае заўсёды выводзяць нас па-за межы зямной рэчаіснасці. Гэта важна і актуальна асабліва цяпер, калі мы перажываем месяц лістапад, калі асаблівым чынам схіляемся каля магілаў нашых родных, сяброў, калі кажам словы «А святло вечнае няхай ім свеціць…», з трымценнем запальваючы знічы… Як той бацька з Евангелля, мы просім Бога, каб праявіў сваю ўсёмагутнасць насуперак смерці… Ва ўсім гэтым, сябры мае, важна менавіта не баяцца і верыць. Жыццё пасля смерці існуе, бо гэтага патрабуе Божая справядлівасць. На зямлі мы сустракаем вельмі шмат розных людзей. Здаровыя і хворыя, прыгожыя і закранутыя калецтвам, геніі і недаразвітыя, добрыя і дрэнныя. Для кагосьці жыццё — гэта смяротны прысуд, а для кагосьці — забава. У імя чаго справядлівыя пакутуюць, а падманшчыкі жывуць прыпяваючы? Павінна ж існаваць Божая справядлівасць, бо інакш жыццё не мела б сэнсу, а ўсялякі клопат аб праведнасці быў бы глупствам.

Справядлівасці на зямлі няма, ніколі не было і не будзе, але яна павінна існаваць пасля смерці, бо існуе вечнае жыццё пасля смерці, дзе добрыя атрымліваюць узнагароду, а дрэнныя — пакаранне.

Існуе паўсюднае перакананне пра жыццё пасля смерці. Усе рэлігіі, нават найбольш простыя, што ў джунглях Афрыкі ці Амазонкі, абвяшчаюць факт жыцця пасля смерці. Усе не могуць памыляцца. Прызнаюся, што для мяне асабіста найпрасцейшым і наймацнейшым аргументам таго, што я буду жыць вечна, з’яўляецца трэці аргумент. Буду жыць пасля смерці, таму што Бог мяне любіць! Любоў выключае смерць. Калі б гэта было ў нашай моцы, то людзі, якіх мы любім, ніколі б не паміралі. Ці маці дазволіла б смерць свайго дзіцяці? Ці любячы сын, дачка, дазволілі б смерць бацькі, маці? Ці сябра дазволіў бы памерці свайму сябру?..

Хто любіць, той гатовы хутчэй памерці сам, каб толькі жыла яго любімая асоба. Мы бязрадныя перад смерцю, але Бог не бязрадны. Ён любіць нас, таму не дазволіць памерці навекі. Сам памёр, каб мы жылі вечна. Бог ужо ўсё зрабіў, каб збавіць нас. Наша заданне: не баяцца, а толькі верыць, сябры мае, каб у жыцці кожнага з нас сталася і заўсёды жыла Любоў.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя
Яна Паўла ІІ.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней