У гэтым матэрыяле айцец Юрый Кулай OCD прапануе паразважаць аб выпрабаваннях, з якімі сутыкаецца Касцёл на працягу сваёй гісторыі.
У малітве Анёл Панскі мы просім Бога праз заступніцтва Панны Марыі дапамагчы і нам выканаць, як Яна, волю Божую і прыняць Ягонае слова. Гэтая практыка дапаможа нам умацаваць сапраўдную любоў да таямніцы Уцелаўлення.
Verbum Domini, 88
Як святару мне давялося шмат гадзінаў прысвяціць вывучэнню гісторыі Касцёла. У пачатку новага года зноўку прыходзяць думкі пра таямніцу Касцёла — Абранніцы Хрыста, якую ўсе мы, як народ, адкуплены Крывёю Хрыстовай, ствараем. Ужо на працягу дзвюх тысяч гадоў Касцёл выступае ў якасці аднаго з найважнейшых фактараў, які адыгрывае вырашальную ролю ў працягласці і форме гісторыі Еўропы, а таксама краінаў, што знаходзяцца над Міжземным морам. Немагчыма казаць пра гісторыю еўрапейскай культуры, не ведаючы гісторыі Касцёла.
Усіх думаючых людзей захапляе незвычайная трываласць і жыццяздольнасць Касцёла на працягу дваццаці стагоддзяў. Гэты факт прыцягвае яшчэ больш увагі, калі ўзгадаць, што ў вельмі доўгай гісторыі Касцёла было шмат драматычных падзеяў: Касцёл быў вымушаны змагацца з вельмі грознымі ворагамі як унутранага, так і знешняга паходжання. Знутры яго атакавалі шматлікія ерасі, якія мелі за мэту неадпаведна інтэрпрэтаваць Евангелле. Быў час, калі на пальцах можна было палічыць біскупаў, якія, рызыкуючы сваім жыццём, баранілі праўду Евангелля, настройваючы супраць сябе не толькі палітычную ўладу, але і сотні іншых біскупаў, якія перад пагрозаю высылкі альбо смерці падпісвалі фальшывае вызнанне веры. Барацьба з ерасямі была найцяжэйшаю, бо гэта была барацьба за чысціню веры, барацьба з ваўкамі ў авечай шкуры. Іншы ўнутраны вораг — гэта спаборніцтва паміж лакальнымі Касцёламі, якое пагражала разбурэннем адзінства. Не абышлося і без вялікіх падзелаў: ХІ стагоддзе — вялікая ўсходняя схізма, XVI стагоддзе — узнікненне пратэстантызму і англіканства. Гэта падзелы, якія па сённяшні дзень баляць...
Аднолькава грознымі былі напады знешняга характару: пераследы, якімі пазначаная ўся гісторыя Касцёла. На працягу некалькіх стагоддзяў вялікай небяспекай для Касцёла былі мусульмане, якія знішчылі хрысціянства ў Малой Азіі і Паўночнай Афрыцы. Да гэтага трэба дадаць частыя націскі дзяржаўных уладаў з мэтаю падпарадкаваць сабе Касцёл.
Дзіўна, што з усіх гэтых перашкодаў Касцёл заўсёды выходзіў пераможцам, хоць неаднойчы плаціў вялікай цаною, але здабываў каштоўны досвед і цудоўным чынам адраджаўся. Калі мы шукаем тлумачэння гэтай дзіўнай з’явы, такой вялікай трываласці і жыццяздольнасці Касцёла, то неабходна ўзгадаць запэўніванне, якое Хрыстус уклаў у рукі апостала Пятра: ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (гл. Мц 16, 18б).
Гэтым Касцёлам, які Хрыстус заснаваў і адкупіў сваёй Крывёю, з’яўляемся мы ўсе: духавенства на чале з Папам, кансэкраваныя асобы і кожны свецкі вернік на моцы сакрамэнту хросту. Нас шмат, але мы адно — Касцёл Хрыстовы, падобна Найсвяцейшай Тройцы, дзе Адзін Бог — гэта Тры Асобы (Айцец, Сын і Дух Святы), якія ў супольнасці ствараюць Адзінства. Наш розум гэтага не зразумее. Мы ўсе з’яўляемся ўдзельнікамі гэтай Таямніцы. Часта мы кажам: «Веру ў Бога Айца — Стварыцеля, у Ягонага Сына — Адкупіцеля, у Духа Святога — Жыватворцу», аднак да канца мы гэтага не разумеем. Ёсць у супольнасці Касцёла тыя, каго Бог запрашае да асаблівай блізкасці з Ім, калі вызначае спецыяльныя заданні для выканання. Так было са св. Паўлам, св. Аўгустынам, св. Тэрэзай Авільскай. Іншым аб’яўляе сябе, калі хоча паглыбіць іхняе малітоўнае жыццё. Малітва — гэта адносіны з жывым Богам, таму Касцёл незнішчальны таксама дзякуючы малітве Касцёла.
Добрая малітва залежыць ад дзвюх умоваў. Першая — гэта пакора. Чалавек пакліканы прызнаць таямніцу велічы Бога. «Не спакушай Мяне да таго, каб ты Мяне закрыла ў сабе, але старайся, каб ты закрылася ўва Мне», — такімі былі словы Хрыста да св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай). Пакора — гэта прызнанне велічы Бога; гэта просьба, каб гэтай веліччу чалавек быў ахінуты. Другая ўмова малітвы — гэта любоў. Калі мы хочам падчас малітвы яднацца з Богам, то неабходна дарасці да гэтай любові. Хто не любіць, той не можа наблізіцца да Бога, а значыць не можа добра маліцца. Калі я малюся ў супольнасці Касцёла, мне неабходна вучыцца з пакорай і любоўю жыць у гэтай супольнасці як святару, кансэкраванай асобе, але асабліва як свецкаму верніку, які мае больш магчымасцяў пранікнуць у тое асяроддзе, дзе святар і кансэкраваная асоба абмежаваныя ў сваіх магчымасцях.
І сёння Касцёл перажывае вельмі цяжкія выпрабаванні, бо моцы пякельныя змагаюцца і ніколі не перастануць змагацца з Касцёлам, але ніколі не перамогуць яго. У гэтым нашая надзея і радасць — належаць да супольнасці, якую немагчыма перамагчы, гэта гонар і вялікае шчасце, але таксама і вялікая адказнасць.
Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.