Дай ласкава спакой у дні нашыя

У гэтым матэрыяле айцец Юрый Кулай OCD прапануе паразважаць пра адну з найбольш актуальных праблем сучаснага свету — праблему спакою.

Вельмі часта чыстае сумленне – гэта толькі вынік дрэннай памяці.
Св. Амброзій

Адной з найцяжэйшых і найбольш актуальных праблем сучаснага свету з’яўляецца праблема спакою. Поўнае яе асвятленне патрабавала б вялікага цыклу разважанняў, бо гэта вельмі складаная рэчаіснасць. Яна датычыць і паасобных людзей, і цэлых народаў. Але ж, паколькі датычыць таксама паасобных людзей, то з’яўляецца справай кожнага чалавека, надзеленага дарам вольнай волі, адным з найвялікшых і найкаштоўнейшых дароў. Датычыць грамадскай супольнасці, народа, палітычна-грамадскіх сістэмаў, у тым ліку Касцёла як Боска-чалавечай інстытуцыі.

У нашым разважанні прагну затрымацца на евангельскім падыходзе да спакою, адсутнасць якога абмяжоўвае чалавечую волю з дапамогай фізічнай сілы. Гэтая праблема вельмі старая, бо амаль заўсёды мацнейшыя хочуць кіраваць слабейшымі і не выбіраюць сродкаў.

У грамадска-палітычных сістэмах, якія парушаюць спакой, гэтая праблема выступае ў форме тэрарызму. У звычайнай форме людзі адчуваюць гэта ў таталітарных сістэмах. Гэтыя сістэмы ўвасабляюць сабой дух абсалютнага насілля. Насілле — гэта іх сутнасць.

Як Пан Езус фармаваў сваіх вучняў у разуменні праблемы насілля і парушэння спакою ў міжчалавечых адносінах? Стары Запавет абвяшчаў просты прынцып: «Вока за вока, зуб за зуб». Гэта правіла нібыта справядлівай адплаты. Паводле яе, замала аднаго трупа, заўсёды мусяць быць два: ахвяры і забойцы. Цвёрдае права, якое дае прыярытэт сіле. Езус змяніў гэты закон. «Вы чулі, што сказана: «Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве» (Мц 5, 38–41).

Гэта вельмі цікавы і нават шакуючы падыход, хоць многім людзям ён можа падавацца наіўным. Насамрэч, гэта адно з наймудрэйшых разважанняў, якое прагучала на зямлі. Неабходна толькі добра яго зразумець. Сорамна прызнацца, але ў нашыя часы найглыбей і найлепш яго зразумеў не хрысціянін, але індус — Гандзі. Ён умеў прымяняць яго ў грамадскім і палітычным жыцці і, абапіраючыся на гэты прынцып, здзейсніў вельмі шмат добрага.

Гэтае правіла не трэба разумець у такім сэнсе, што Езус забараняе самаабараняцца і наіўным чынам загадвае, каб хрысціянін кожны раз падстаўляў сваю галаву. Не пра гэта ідзе гаворка. Езус сам атрымаў па твары падчас праслухоўвання ў Анны. Ці падставіў другую шчаку? Нічога падобнага. Таму, хто біў, Ён задаў пытанне: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, то чаму б’еш Мяне?» Не ў тым справа, каб падстаўляць твар для біцця, але каб чалавеку, што прымяняе фізічную сілу, супрацьпаставіць магутнасць маральнай сілы, якая нашмат мацнейшая за фізічны гвалт. «Благаслаўлёныя ціхія, таму што яны ўнаследуюць зямлю». Езус даказаў, што маральная сіла нашмат мацнейшая за гвалт.

Прыкладам маральнай сілы з’яўляюцца хрысціянскія мучанікі. Пераможцам з Асвенціма выйшаў св. Максімільян Марыя Кольбэ і тысячы яму падобных, а не выканаўцы прысудаў. Фізічная сіла няздольная знішчыць маральнай сілы. Адно, на што яна здольная, — гэта наўпрост забіць чалавека...

Не супраціўляцца злу… Вядома, такая пазіцыя патрабуе велізарнай сталасці. Гэтага нельга загадаць, гэта неабходна прыняць дабравольна разам з усімі наступствамі. Менавіта ў гэтым заключаецца сапраўдны спакой сэрца і ўнутраная свабода, якія чалавек захоўвае нават тады, калі памірае ад рук пераследнікаў. Такая пазіцыя патрабуе таксама любові да непрыяцеляў. Толькі той можа спакойна паглядзець у вочы агрэсара з моцай, якая яго пераможа, хто любіць свайго ворага.

Гэтая пазіцыя не падае сама з неба і не дасягаецца ў адзін момант. Сэрца чалавека — гэта крыніца, з якой нараджаюцца не толькі добрыя справы, але таксама і жудасныя рэчы. Спакой і неспакой паходзяць з сэрца, таму важна, каб у сэрцы было месца для любові да Бога, але таксама і да бліжняга. У такім выпадку наша малітва ў гэтай інтэнцыі становіцца не толькі размовай з Богам, але і супрацоўніцтвам з Божай ласкай (Божай дапамогай), якая неабходная для збаўлення. У гэты неспакойны час нам, хрысціянам, важна ўзмацняць сваю малітву аб міры ў свеце і ў людскіх сэрцах.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD — кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней