У гэтым матэрыяле айцец Юрый Кулай OCD прапануе паразважаць пра ключавую неабходнасць малітвы ў чалавечым жыцці і стварэнне месца для яе.

Марыя з’яўляецца ўзорам пакорнай малітвы, даверу Божаму Провіду, няспыннага прысвячэння, паслухмянасці і як жа гарачай любові.
Св. Павел VI

Малітва не толькі патрабуе адпаведнага часу, калі Бог чакае чалавека, часу сустрэчы ў найбольш велічным вымярэнні. Малітва патрабуе таксама адпаведнага месца. Езус, заклікаючы да малітвы, кажа: «Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці» (Мц 6,6). На час малітвы неабходна адарвацца ад свету, а для гэтага трэба мець ціхае, святое месца.

У гэтай сферы найлепшымі з’яўляюцца пустэльні, дамы, дзе можна правесці ў самоце некалькі гадзін альбо нават дзён. Ва ўсіх рэлігійных супольнасцях, што адказваюць на заклік Духа Святога, сёння такія месцы ўжо ўзнікаюць. Члены супольнасцяў пазбаўляюцца звыклага рытму працы і жыцця на некалькі гадзін, дзень або два, некаторыя займаюць і пяць, і восем, і болей дзён у гадзінах медытацый, у днях духоўных разважанняў альбо ў рэкалекцыях. Мэта — падыхаць цішынёй, каб вярнуць спакойны рытм сэрца, падмацаванага прысутнасцю Бога. Такія дамы — гэта неабходнасць сённяшняга часу, вельмі напружанага і інтэнсіўнага. Супольнасці, якія гэта заўважылі і ацанілі, ужо збіраюць благаслаўлёныя плады.

У іншых краінах такія дамы арганізоўваюць таксама свецкія асобы. Там няма эксклюзіву і шыкоўнасці, ёсць толькі тое, што неабходна для жыцця. Ніхто таксама, хто шукае пустэльні, не чакае багатай ежы і камфорту —патрэбны толькі цішыня і бяспека.

У звычайных жа ўмовах най­часцей гаворка ідзе пра ціхае святое месца ў кватэры, нават калі яна аднапакаёвая і зне­ахвочвае сваёй цеснатой. У гэтым памяшканні трэба знайсці месца для сваёй размовы з Богам. Заключаецца гэта ў тым, каб накіраваць свой твар у той бок, дзе будзе найменш розных справаў і рэчаў, якія могуць дэканцэнтраваць нашую ўвагу. Можна сканцэнтраваць позірк на рэлігійным абразе, фігурцы або крыжыку. Некаторыя на час малітвы запальваюць свечкі. Яны не з’яўляюцца абавязковымі, але ствараюць атмасферу малітвы. Вельмі часта людзі пытаюцца, ці не грэх гэта, калі я малюся часам, лежачы па прычыне стомленасці? Што гэта не грэх, то гэта дакладна, тым больш, калі ёсць прычына, а не проста лянота і шуканне камфорту. Лепш памаліцца лежачы, чым увогуле не памаліцца. Галоўнае — каб сэрца глядзела на Бога і вусны з Ім размаўлялі. Пан Бог — не фармаліст, якімі мы часам з’яўляемся.

Калі ў наш дом прыходзіць госць, то нават пры непарадку ў памяшканні мы ствараем для яго куточак, рыхтуем крэсла, накрываем стол сурвэтай. Гэтая падрыхтоўка неабходная для сустрэчы, і ёсць знакам бачання прысутнасці госця, патрэбным для яго і для нас. Падобнае адбываецца і пры сустрэчы з Богам у маім памяшканні, дзе затрымліваюся пры Ім, каб спакойна паразмаўляць.

Знайсці час на малітву, ства­рыць месца для малітвы — гэта знак рэлігійнай сталасці і першая ўмова на шляху яе ўдасканальвання. Чалавек сам павінен паклапаціцца пра святы час і сам павінен падрыхтаваць святое месца ў сваім памяшканні. Гэтыя святыя хвіліны сустрэчы з Богам асвячаюць рэшту гадзінаў дня, а святыя месцы асвятляюць увесь дом.

Месяц май (часам яго называюць траўнем) — час асаблівай малітвы і ўшанавання Маці Божай. Маладая трава мае зялёны колер, колер надзеі. Наша малітва ў маі — гэта выраз нашага спадзявання на бясцэнны дар, якім з’яўляецца заступніцтва Багародзіцы перад Богам. Веруючы чалавек не можа прайсці каля гэтага дару абыякава. Беззаганная Маці становіцца перад намі і нібы кажа: «Вы не можаце ў імгненне асяціць усяго свайго жыцця, не можаце за адзін дзень асвя­ціць усё сваё памяшканне — гэта робіцца паступова. Гэты святы час і святое месца выконваюць ролю свайго роду закваскі, якая паступова перамяняе, асвячае нашыя гадзіны і прастору, у якой жывеце. Я, Беззаганная ад зачацця, атрымала дар дасканалай святасці. Усё Маё жыццё, кожная яго секунда, увесь Мой свет у Назарэце, у доме Альжбеты, у Бэтлееме і ў Егіпце, у Галілеі і ў Ерузалеме, на Галгоце і ў Вячэрніку быў святым. Гэта адбылося з дапамогаю Божай ласкі, а не Маіх намаганняў. Вы, Мае дзеці, павінны няспынна клапаціцца пра гэтае асвячэнне. Атрымліваеце дастаткова моцы Божай, каб, нягледзячы на цяжкасці, у вас усё атрымалася»...

Клопат пра падрыхтоўку прынамсі пятнаццаці хвілінаў для месца сустрэчы з Богам ва ўласнай кватэры — гэта рэалізацыя такога закліку. Парадак у пакоі, запаленая свечка, кветка перад абразом, засцелены ложак — гэта месца сустрэчы з Богам. Няшмат, але ўсё ж вельмі шмат. У высілку знаходзіць час для малітвы і падрыхтоўцы святога месца чалавек адкрывае сэрца на саму сустрэчу з Богам падобна да таго, як падрыхтоўка памяшкання для госця сама па сабе ўжо з’яўляецца адкрыццём духа на сустрэчу з ім. Варта вучыцца не ігнараваць дробязяў, бо ў любові менавіта яны з’яўляюцца важнымі.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD — кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней