Любоў заўсёды дае жыццё.
Папа Францішак. Amoris Laetitia.

Евангелісты даволі падрабязна апісваюць дзве сустрэчы Хрыста з жанчынамі, якія праз грэх знішчылі сваю жаночую годнасць. Святы Лука кажа пра публічную грэшніцу, якая прыйшла да Езуса ў імя любові. Яна прытулілася да Ягоных ног, цалавала іх, абмывала слязьмі, намашчала алеем. Яна ўсведамляла нікчэмнасць сваёй галечы і знішчанай любові. Яна супаставіла сваё сэрца, разбітае, падобна каштоўнаму крышталю, з Ягоным сэрцам без заганы і чакала жэсту прабачэння. У такой паставе праявілася яе малітва, поўная пакоры і станаўлення ў праўдзе. Гэта цудоўны вобраз жаночага навяртання. Яна ўжо мела досыць граху і шукала жыцця ў промнях сапраўднай любові. Асуджаная акружэннем, яна знайшла абарону ў Езусе. Ёй былі адпушчаны шматлікія грахі, бо яна шмат палюбіла. Вельмі кранальная сцэна, прыгожая: Езус даруе ўпалай жанчыне і адкрывае перад ёю перспектыву новага жыцця, веру ў магчы­масць адбудовы знішчанага сэр­ца такім чынам, каб яно магло любіць чыстай любоўю і Бога, і чалавека.

Другі вобраз пакінуў нам святы Ян. Узгаданая ім жанчына не была публічнай грэшніцай: яе схапілі на чужалостве. З гэтага вынікае, што, будучы жонкай, яна знайшла іншага мужчыну альбо, будучы свабоднай, пагадзілася на грэх з жанатым. Паводле закону Майсея, за гэты ўчынак яе чакала смерць. Яна апынулася ў руках карнікаў, але яны перад тым як укаменаваць яе хочуць знайсці прычыну, каб абвінаваціць Езуса. Такім чынам, цалкам выпадкова, недабравольна, як вязень ахоўнікаў Закону, перад здзяйсненнем смяротнага прысуду гэтая жанчына стала перад Хрыстом. Абвінаваўцы хацелі, каб Езус падпісаўся пад гэтым прысудам, які яны прагнулі здзей­сніць, магчыма, нават на Ягоных вачах. Для Езуса справа была нялёгкай, бо аўтарытэт Майсея быў непахісны, і сам Езус неаднойчы на яго спасылаўся. Адмова падпісаць прысуд, выдадзены Майсеем, лічылася парушэннем Закону, а значыць канфліктам з Законам. Езус не хацеў падпісваць гэты прысуд. Яму ўдалося вырашыць сітуацыю, бо Ён усіх паставіў у стан абвінавачвання і ўпаўнаважыў да здзяйснення прысуду толькі таго, хто ніколі не парушыў Закон. Такім чынам, Ён не пахіснуў аўтарытэт Майсея, а толькі даказаў, што няма выканаўцы прысуду.

Асуджаная жанчына няшмат гаварыла. Выбіраючы грэх, яна ўсведамляла непазбежнасць смерці, паколькі яе схапілі, і ра­зумела, што ніхто яе не выратуе. Езус спытаў у яе: «Ніхто не асудзіў цябе?». Яна адказала: «Ніхто, Пане!». У адказ пачула словы прабачэння і кароткі заклік: «Ідзі і адгэтуль больш не грашы!» (пар. Ян 8, 11).

Яна прыйшла да Езуса не дзеля прабачэння, бо яшчэ не адкрыла таго, што ўчыніла як публічная грэшніца, і не ўсвядоміла, што грэх знішчае яе годнасць. Таму Езус не гаворыць з ёю аб прабачэнні, паколькі яна не ўзнімае гэтую тэму. Езус выратаваў яе зямное жыццё і заклікаў, каб яна парвала з грахом ужо цяпер, у гэты момант. З грахом можна парваць толькі адразу: нельга гэтага адкладваць на «заўтра». Напэўна, з гэтай сітуацыі яна зразумела, да каго ў будучыні трэба кіраваць сваю малітву, і хто мае сапраўдную моц, каб уратаваць не толькі цела, але і душу.

Два вобразы. Пастава мужчын і ў адным і ў другім выпадку далёкая ад зразумення жанчыны. На адну глядзяць як на публічную грэшніцу, з пагардай, на другую — як на аб’ект, які неабходна закідаць камянямі. Толькі Езус становіцца на абарону любові той, якая страціла любоў праз распуснае жыццё, на абарону жыцця той, якая, згаджаючыся на грэшную любоў, паставіла сябе пад пагрозу смерці.

Усцяж вельмі мала менавіта Хрыстовай паставы ў нашых паводзінах. Выхаваць жанчын гэтак, каб умелі шанаваць сваю годнасць як скарб, які большы за жыццё, і выхаваць мужчын гэтак, каб шанавалі жанчыну і багацце яе сэрца, — гэта нялёгкая справа. Ва ўсім гэтым важна, каб у супольнасці Касцёла мы таксама вучыліся ад Хрыста, які выбраў Апосталаў у якасці сваіх вучняў, але жанчыны заўсёды былі блізкія да іх, як кажа Евангелле, і служылі ім сваёй дапамогай і працай. Апосталы былі выбранымі і пакліканымі, але менавіта жанчыны ў большасці засталіся пад крыжам Езуса і менавіта жанчыны першымі сустрэ­лі Уваскрослага. Марыя разам з Апосталамі трывала ў вячэрніку ў малітве ў чаканні Духа Святога.

Гэтыя факты не выпадковыя. Бог паказвае праз гісторыю збаўлення і гісторыю старажытнага Касцёла супольнасці Ягонага народа, што жанчына годная і патрэбная ў служэнні Касцёлу і ў Касцёле малітвай і працай у імя Любові.

У сям’і мужчына з’яўляецца галавою, але жанчына — гэта захавальніца сямейнага агменю. Жанчыны заўсёды больш верныя: як было пад крыжам Хрыста, так і засталося сёння — у касцёлах пераважаюць менавіта жанчыны. Нехта можа скептычна ўсміхнуцца, але гэта факт…

Варта зрабіць выснову, што кожны з нас, і мужчыны і жанчыны, патрэбныя Богу і Касцёлу ў імя Любові, што кожны на сваім месцы важны, патрэбны і ніколі не лішні. І варта часцей маліцца, каб было менавіта так.


Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD — кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней