Трэба ўмець змагацца

Наш час вызначаецца тым, што ён патрабуе ад чалавека ўсё большай актыўнасці. Інакш кажучы, нам усё больш і больш не стае часу паспець усюды, зрабіць усё запланаванае. І вельмі часта нам не стае часу і на асабістую малітву. Ці не абкрадваем мы тады самі сябе? Вось якія думкі выказаў на гэтую тэму ксёндз прафесар Міраслаў Халева.

Чым больш мы актыўныя, тым больш нам патрэбна малітва, бо вельмі лёгка ў штодзённай паспешлівасці згарэць псіхічна і духоўна. А за глыбокую асабістую малітву трэба змагацца, яна не прыйдзе сама па сабе, бо малітва вырашае жыць нам альбо не жыць.

Чалавек, які ўсур’ёз думае аб паглыбленні свайго духоўнага жыцця, аб будаванні адносінаў з Хрыстом, павінен вызначыць час на штодзённую асабістую малітву. Калі нехта робіць толькі першыя крокі ў такой малітве, то можна пачаць з 15 хвілінаў, але пазней добра было б гэты час павялічыць. Раніцаю, перад выхадам на працу, варта знайсці хоць пару хвілінаў, каб даверыць новы дзень Богу, тое ж самае трэба рабіць і перад сном. Але тыя паўгадзіны, пра якія ішла гаворка вышэй, варта запланаваць на той час, калі чалавек яшчэ не вельмі змучаны. Добра было б, калі б гэта быў пастаянна адзін і той жа час, адно і тое ж месца. Штодня ў адпаведным месцы і часе ў цябе запланаваная сустрэча з Кімсьці вельмі важным, і гэты час проста не аддаецца для чагосьці іншага. Заўважце, што гаворка ідзе не аб малітве літургічнай альбо супольнай, але аб глыбока асабістай размове з Богам.

Першым этапам такой малітвы зазвычай з’яўляецца малітва вусная альбо разважанне над нейкім тэкстам Святога Пісання. Калі ж гэтая малітва развіваецца, то яна адначасна і спрошчваецца. Чым бліжэй мы знаходзімся да Пана Бога, тым нашыя адносіны з Ім становяцца прасцейшыя і наша малітва — таксама. Магчыма, яна пасля нашых штодзённых адарацый, малітвы Езусавай альбо Ружанца, ператворыцца ў простае трыванне пры Богу, калі мы проста будзем з любові да Яго прытульвацца да Сэрца Езуса.
Ці трэба казаць Пану Богу аб розных дробязях штодзённага жыцця? Вядома. Нашыя адносіны з Ім павінны быць прыяцельскімі. Езус кажа нам: «Не называю вас ужо слугамі, але сябрамі». А з Сябрам чалавек дзеліць усё: радасці, горыч, няўдачы, нязначныя, на першы погляд, справы, а таксама — вялікія. Жыццё ў большасці складваецца з дробных справаў. Мне так бачыцца сэнс малітвы: я адкрываю сваё сэрца перад Богам, кажу Яму пра тое, што дзеецца ў маім жыцці, кажу пра ўсё, што мяне хвалюе. І слухаю Яго, трываю перад Ім, прашу ў Яго святла і слухаю, што Ён скажа пра гэтую сітуацыю…

У сяброўскіх стасунках вельмі важны давер…

У любым выпадку малітва — гэта змаганне, якое не заўсёды заканчваецца поспехам. Але наша задача — змагацца, а прыярытэт Пана Езуса — перамагаць.


Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле гутаркі кс. М.Халевы,
час. «Źródło», № 29, 2004 г.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней