Дваццатая звычайная нядзеля, год А (14.08).

«Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось, жанчына ханаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: “Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая”. Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: “Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі”. Ён жа адказаў: “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля”. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: “Пане, памажы мне!” Ён жа сказаў у адказ: “Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Яна адказала: “Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх”. Тады Езус сказаў ёй у адказ: “О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш”. I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай».

(Мц 15, 21–28)

«Вялікая вера твая!»

«Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам». Так заклікае Пана Езуса, так палымяна моліцца жанчына з Ханаана.

«Але Езус не адказаў ёй ні слова». Езус нібы не адказаў на яе малітву, нібы прадэманстраваў сваю абыякавасць. Можна дапусціць, што Пан Езус выпрабоўвае жанчыну. Гэта выпрабаванне яе веры, надзеі, любові і пакоры. Гэтыя цноты выпрабоўваюцца ў ёй, як золата выпрабоўваецца ў агні. Можа здзівіць тое, што ў хвіліну, калі Пан Езус не рэагуе на просьбу жанчыны і калі пазней Яго адказ здаецца адмоўным, яна не адчайваецца. Жанчына заклікае Пана яшчэ мацней і вядзе з Ім дыялог, хоць і здаецца, што яна знаходзіцца ў безнадзейным становішчы. Для нас нечаканае заканчэнне гэтай сустрэчы: Пан Езус хваліць веру жанчыны і выконвае яе просьбу — вызваляе яе дачку ад повязяў злога духа.

Варта адзначыць чатыры цноты гэтай жанчыны. Найперш — веру ў тое, што Езус з’яўляецца Сынам Давіда, гэта значыць — Месіяй, Сынам Божым. Вера ў тое, што Езус з’яўляецца Богам, — гэта ўпэўненасць у тым, што Ён — усемагутны, што для Яго няма нічога немагчымага. Па-другое, мы бачым, што гэтая жанчына любіць — любіць сваю апантаную злым духам дачку. І гэтая любоў дае ёй моц не адмовіцца ад дыялогу з Боскім Лекарам. Ёсць у гэтай жанчыне і вялікая надзея. Яна, ня­гле­дзячы на тое, як выпрабоўвае яе Езус, вельмі моцна спадзяецца, што дачка будзе вызваленая ад зла. У сваёй надзеі гэтая жанчына падобная да Марыі, якая звяртаецца да Хрыста з просьбай у Кане Галілейскай. Яна перакананая, што просіць у Езуса дар, адпаведны Божай волі. Акрамя таго, яна ўпэўненая, што не будзе падманутая. І нарэшце, жанчына з Ханаана, пра якую распавядае сённяшні ўрывак з Евангелля, мае пакору. Яна не даказвае Езусу, што Ён павінны дапамагчы яе дачцэ — яна верыць, давярае, любіць і ў пакоры малога шчаняці чакае зычлівасці Пана, бо Пан здольны гэта зрабіць, таму што Ён мае шчодрае сэрца. Жанчына згаджаецца з тым, што яе народ параўноўваюць з сабакамі (сабака быў эмблемай хананэяў). Давайце будзем захапляцца гэтай жанчынай і наследаваць яе. Няхай нашыя малыя і вялікія жыццёвыя клопаты і праблемы будуць звязаныя са штодзённай малітвай. Няхай нашая малітва будзе дыялогам з мудрым і добрым Айцом. Няхай яна будзе трывалая. Будзем прасіць падчас сённяшняй святой Імшы, каб узрастала нашая вера, надзея, любоў і пакора, каб Пан Езус мог узрадавацца гэтым цнотам у нас так, як у жанчыне з Ханаана.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней