Трыццаць першая звычайная нядзеля, год В (04.11.2012)
Чытанні: Дрг 6, 2–6; Пс 18 (17), 2–3а. 3bc–4. 47 і 51аb; Гбр 7, 23–28
Евангелле паводле святога Марка 12, 28b–34
Мы носім у галаве розныя вобразы Бога. Тое, як мы думаем пра Бога, мае важнае значэнне: на падставе гэтых вобразаў мы будуем адносіны з Ім. Адным з такіх уяўленняў, і часцей за ўсё мы самі гэтага не ўсведамляем, з’яўляецца вобраз Бога... як старой цёткі мільянеркі. Яна паабяцала нам спадчыну. Аднак гэтая цётка капрызлівая і марудлівая, а да таго ж чамусьці пастаянна крыўдзіцца. Мы павінны нястомна прыкладаць высілкі, каб заўжды быць для яе чароўна мілымі. Тады жыццёвым пытаннем становіцца наступнае: як жыць, каб і цётка засталася задаволеная, і нам нешта ў гэтым жыцці перапала?
Калі такі вобраз накладаецца на нашыя думкі пра Бога, тады асноўнае пытанне веры гучыць так: што ж трэба рабіць, каб Пан Бог быў задаволены? Як мы можам заслужыць Яго зычлівасць і чаго павінны ўнікаць, каб не наклікаць на сябе кару? Якая з запаведзяў найбольшая, а праз якую можна дазволіць сабе пераступіць? У такім выпадку мы больш засяроджваемся на «літары» запаведзяў, чым на іх сэнсе. Запаведзь становіцца для нас важнейшай за Бога.
Сёння Пан Езус ставіць усё на свае месцы. Божыя запаведзі можна разумець і выконваць выключна з перспектывы любові. Самае важнае, што мы павінны ўсвядоміць, — гэта тое, што мы не можам зарабіць для сябе Божую любоў, бо гэта менавіта Ён бясконца любіць нас. Ён не абавязаны любіць нас, але любіць, бо сам з’яўляецца любоўю.
Мы атрымліваем Божую любоў задарма, і ад нас залежыць рашэнне, ці мы хочам жыць гэтаю любоўю. Усе ахвяры і ўсеспаленні, усе добрыя ўчынкі маюць сэнс толькі тады, калі свядома ці несвядома з’яўляюцца ўвасабленнем тых струмянёў любові, якія выцякаюць з Бога. Гэтая любоў лучыць нас з Ім самім і з нашымі бліжнімі, стварае ўнутры нас гармонію. Не ахвяры, не ўсеспаленні, нават не добрыя ўчынкі маюць збаўчую моц, але Божая любоў.
Удзел у ёй — гэта шлях збаўлення. Я ўзгадваю прыклад з жыцця сваёй сям’і. Калі муж штодня дорыць жонцы кветкі, можна спадзявацца, што гэтая сям’я — вельмі шчаслівая. Аднак мы ведаем, што не кветкі з’яўляюцца крыніцаю сямейнага шчасця, а тое, што хаваецца за імі, увасабленнем чаго ёсць гэтыя кветкі. Па канчатковым рахунку важная толькі любоў і тое, што вынікае з яе.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР