Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год В (25.11.2012)
Чытанні: Дан 7, 13–14; Пс 93 (92), 1ab. 1c–2. 5; Ап 1, 5–8
Евангелле паводле святога Яна 18, 33b–37
Чаму так шмат несправядлівасці? Думаю, што такое пытанне вельмі часта задае чалавек, які імкнецца жыць па-Божаму. Чаму свет такі сапсаваны, чаму ў ім столькі падману, бязлітаснасці, шэрасці, жорсткасці? Чаму несправядлівыя адчуваюць сябе добра ў сваім зле, больш за тое, чаму яны квітнеюць у гэтым жыцці? Чаму пакутуе справядлівы? Урэшце, чаму Бог не рэагуе на зло, чаму не аб’яўляе сваёй моцы? Ён жа адзін з’яўляецца Валадаром Сусвету. Думаю, што амаль кожны хрысціянін сустракаўся з такога кшталту пытаннямі, у якіх можа быць завуаляваная вельмі небяспечная спакуса. Варта пашукаць на гэта адказу.
Па-першае, трэба памятаць, што чалавечы свет пасля першароднага граху ніколі не быў дасканалым: чалавека заўсёды больш прыцягвала і прыцягвае зло, чым дабро. Але Добраю Навінаю для кожнага верніка павінна быць тое, што Бог чувае над усёй гісторыяй сусвету і над нашай асабістай гісторыяй таксама. Гэта пацвярджае адказ Езуса Хрыста Пілату: «Ты не меў бы нада Мною ніякай улады, калі б не было дадзена табе з вышыні» (Ян 19, 11). Або:
«У вас жа і валасы на галаве палічаны» (Мц 10, 30).
Па-другое, калі Бог дазваляе несправядлівасць, гэта адбываецца толькі таму, што ў Яго ёсць схаваныя ад нашых вачэй планы, у якіх Бог імкнецца ўратаваць кожнага чалавека.
Па-трэцяе, Божая справядлівасць часткова аб’яўляецца ўжо тут, на зямлі. Кожны, хто ўважліва сочыць за жыццём, ведае, што ёсць пэўныя маральныя прынцыпы і механізмы, адпаведна з якімі зло ў першую чаргу знішчае таго, ад каго яно сыходзіць. Гэтыя інтуітыўныя здагадкі часта пацвярджае Біблія (гл. Пс 28; 31; 37), не кажучы ўжо пра справядлівасць, якая чакае кожнага чалавека на Божым судзе. Многія святыя літаральна дранцвелі ад адной гэтай думкі...
І па-чацвёртае, варта ўсё ж быць справядлівым, бо хоць «шмат няшчасцяў у праведнага, — гучаць словы псальма, — але ад усіх яго ратуе Пан», бо «Ён сцеражэ ўсе ягоныя косці, і ніводная з іх не зламаецца» (Пс 34, 20–21).
Айцец Віталь Сапега ОР