Нядзеля Спаслання Духа Святога (19 мая 2013 г.)

Чытанне святога Евангелля паводле Яна (Ян 20, 19–23) 


Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.


Подых любові

Я вельмі люблю біблійнае апавяданне пра стварэнне свету. Бог стварыў чалавека і ўдыхнуў яму ў твар свой дух. Варта задаць пытанне: як Бог мог удыхнуць у чалавечы твар свой дух? Паспрабуйце гэта ўявіць. Адзіны вобраз, які ўзнікае, — гэта пацалунак. Бог пацалаваў цябе, Бог пацалаваў мяне. Цалуюць адно аднаго людзі, якія добра знаёмыя, блізкія адно аднаму, якія адчуваюць сябе бяспечна разам, якія кахаюць адно аднаго, нарэшце. Бог такі блізкі нам, так любіць нас, стварае для нас такую атмасферу бяспекі, што пацалаваў Адама. Гэтак жа адбываецца з кожным стварэннем. Ствараючы, Бог пацалаваў і цябе. Ён удыхнуў у цябе свой дух, сваё жыццё, свайго Святога Духа. Дух Святы — гэта подых Айца, Дух Святы, калі апісваць Яго некалькімі словамі, гэта супакой, пяшчота, дабрыня, любоў, бяспека, блізкасць.

Ці можам мы заслужыць Духа Святога? Паслухаем, што кажа пра гэта Святое Пісанне: «I дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх» (Эзх 36, 26–27).

Ці чуем мы ў гэтых словах, што павінны зрабіць нешта, каб атрымаць абяцанае нам Айцом? Ці чуем мы, што перш за ўсё павінны выконваць запаведзі і добра паводзіць сябе, быць выхаванымі, каб заслужыць Духа Святога? Ці чуем мы, што павінны зрабіць усё магчымае, каб атрымаць Духа? Я не чую. Дух Святы — не ўзнагарода за добрыя паводзіны. Духа Святога нельга купіць за добрыя ўчынкі. Дух Святы абяцаны нам Айцом. Мы атрымліваем Яго задарма, гэта падарунак Бога Айца. Нельга купіць любоў. На любоў можна толькі адкрыцца.

Жадаю нам усім, каб мы прынялі подых любові ад Айца, які можа ўвайсці ў нас, нягледзячы на замкнёныя дзверы нашых сэрцаў; які здольны перамяніць гісторыю нашага жыцця, нашыя адносіны з сям’ёю, сябрамі; які можа ажывіць нашую веру так, каб мы жадалі апавядаць паўсюль — у школе, ва ўніверсітэце, на працы, дома — пра нашага Пана Езуса Хрыста.


Айцец Тамаш Міка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней