Трэцяя нядзеля Вялікага посту, год А (19.03.2017)

І прыйшоў Ён у самарыйскі горад, званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, сыну свайму. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось, прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.

Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе “дай Мне піць”, то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо Ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».

Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца».

Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ўжо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе».

Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».

Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла! Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»

(Ян 4, 5–15. 19b–26. 39а. 40–42)

«Дай Мне піць»

Я недзе чуў альбо чытаў, што не ўсімі напоямі можна наталіць прагненне. Ёсць такія напоі, і сярод іх папулярныя газіроўкі, пасля якіх хочацца піць яшчэ і яшчэ. Гэта можа быць выгодна тым, хто такія напоі выпускае і прадае, але не ідзе на карысць тым, хто іх спажывае. Прагненне застаецца. Многія ведаюць, што не кожнай вадкасцю можна наталіць прагненне. Напрыклад, калі ўжываць для гэтага алкагольны напой і рэгулярна заспакойваць прагненне такім спосабам, можна трапіць у залежнасць. Тады галоўным будзе ўжо не прагненне, а сам алкаголь. Здавалася б, простая справа — смага, а калі задумацца, трэба быць разважлівымі ў тым, чым напоўніць шклянку, каб наталіць прагу. 

Яшчэ большую разважлівасць трэба мець у падыходзе да нашых духоўных прагненняў, каб не напаўняць нашыя сэрцы тым, што нам не дасць патрэбнага спакою, што не ўзбагаціць нас духоўна, і трымацца як далей ад рэчаў, якія зробяць нас залежнымі, адбіраючы волю. 

Езус размаўляе з самаранкаю, седзячы каля сапраўднай студні. Яна прыходзіць, каб зачэрпнуць сапраўднай вады. Але дыялог паміж імі не пра тую вадкасць, якая часова заспакойвае прагненне. Пан Езус кажа самаранцы пра Дух. І Ён сам — Той, Хто можа адарыць гэтым Духам тых, хто мае вялікае духоўнае прагненне любові.

Вялікі пост — гэта таксама час для таго, каб ўбачыць і адкінуць тое, што нас не наталяе, а знявольвае, і адкрыць Таго, Хто дае спакой і вучыць быць сапраўды свабоднымі. 

Айцец Павел Мажэйка OP

 


Глядзі яшчэ разважанні на Трэцюю нядзелю Вялікага посту, год А:
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Крыніца вады жывой».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней