Пальмовая нядзеля, нядзеля Мукі Пана, год А (07.04.2017)

Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх». І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:

«Скажыце дачцэ Сіёна:
вось Кароль твой ідзе да цябе;
лагодны, седзячы на асліцы,
на асляняці,
сыне пад’ярэмнай».

Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх. І мноства людзей слала свае плашчы на дарозе, а іншыя зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!»

Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?» А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага». 

(Мц 21, 1–11)

Тады адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: «Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго?» Яны ж вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.

У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці Пасху?» Ён адказаў: «Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе зраблю Пасху з вучнямі Маімі”». Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі Пасху.

Калі ж настаў вечар, Ён сеў за стол з Дванаццаццю. А калі елі, сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне». Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я, Пане?» А Ён адказаў: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца». Юда, які збіраўся Яго выдаць, спытаўся: «Ці не я, Раббі?» Езус адказаў: «Ты сказаў».

Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў. Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду піць яго з вамі новым у Валадарстве Айца Майго».

І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару. Тады Езус сказаў ім: «Вы ўсе зняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку”. А пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі». А Пётр сказаў Яму ў адказ: «Калі нават усе зняверацца ў Табе, я ніколі не зняверуся». Езус сказаў яму: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». Пётр адказаў Яму: «Хоць бы давялося памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Падобнае сказалі і ўсе вучні.

Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там». І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу. Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною». І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты». Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое». І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая». І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя. Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз, паўтараючы тыя самыя словы. Тады зноў прыйшоў да вучняў і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем; вось наблізіўся мой здраднік».

І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу. А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!» І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго. А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго. І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха. Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?» У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне». А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

А тыя, хто схапіў Езуса, завялі Яго да першасвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны. Пётр жа ішоў следам за Ім зводдаль аж да дзядзінца першасвятара. Увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сеў са слугамі, каб убачыць, які будзе канец.

А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў. Але нарэшце прыйшлі двое і засведчылі: «Ён сказаў: “Магу зруйнаваць святыню Божую і за тры дні адбудаваць яе”». Тады ўстаў першасвятар і сказаў Яму: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?» Але Езус маўчаў. Тады першасвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?» Езус адказаў яму: «Ты сказаў. Нават кажу вам: сёння ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».

Тады першасвятар разадраў аддзенне сваё і сказаў: «Ён блюзнерыць! Навошта яшчэ нам сведкі? Вось жа цяпер вы чулі блюзнерства Ягонае. Як вам здаецца?» А яны адказалі: «Ён заслугоўвае смерці!» Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках і казалі: «Прароч нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?»

А Пётр сядзеў звонку на дзядзінцы, калі падышла да яго адна служанка і сказала: «I ты быў з Езусам з Галілеі!» Але ён адрокся перад усімі і сказаў: «Не ведаю, што ты кажаш!» А калі ён выйшаў да брамы, убачыла яго другая і сказала тым, што былі там: «Гэты быў з Езусам Назарэем!» І зноў адрокся ён, прысягаючы: «Я не ведаю гэтага Чалавека!» Крыху пазней падышлі тыя, хто стаяў там, і сказалі Пятру: «Сапраўды, і ты адзін з іх, бо і мова твая выдае цябе». Тады ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека!» І адразу заспяваў певень. Тады ўзгадаў Пётр словы Езуса: «Перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

Калі ж настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супраць Езуса, каб забіць Яго. І, звязаўшы, павялі і аддалі Яго намесніку Понцію Пілату.

Тады Юда, які выдаў Езуса, убачыўшы, што Яго асудзілі, пакаяўся, аддаў трыццаць сярэбранікаў першасвятарам і старэйшынам і сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». Яны ж сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам!» Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся. А першасвятары ўзялі срэбранікі і сказалі: «Нельга іх класці ў скарбонку святыні, бо гэта цана крыві». Яны параіліся і купілі на іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў. Таму і па сённяшні дзень называеца гэтае поле «полем крыві». Так збылося сказанае прарокам Ераміем: «Узялі трыццаць срэбранікаў, плату за таго, каго ацанілі сыны Ізраэля, і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Пан».

Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль Юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш». І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?» Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?» Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. 

А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго». Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!» Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль Юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа», далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы. І, седзячы, пільнавалі Яго там. А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль Юдэйскі». 

Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго. Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім. А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму. Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя.

Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса. Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў. Была там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”. Таму загадай вартаваць магілу аж да трэццяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы». Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце. Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту. 

(Мц 27, 11–54)

Што ж адбываецца?

Разважаючы над чытаннямі сённяшняй літургіі, я не мог пазбавіцца ад адчування, што ніхто, апроч Пана Езуса, не разумее, што адбываецца. Спачатку мы бачым здраду Юды. Юда да канца не ўсведамляе, што адбываецца, бо пасля таго, як Езуса асуджае на смерць Высокая рада, ён хоча ўсё выправіць, аддаць назад трыццаць срэбранікаў, за якія прадаў Езуса. Але ўсё яшчэ нічога не разумее, таму здзяйсняе самагубства замест таго, каб прасіць аб міласэрнасці Таго, Хто прыйшоў збавіць свет, а не знішчыць яго.

Але ж і першасвятары не разумеюць, што адбываецца. Тыя трыццаць срэбранікаў, пра якія так часта ўзгадваюць прарокі, — гэта цана за нявольніка, аднак у прароцтвах Бог часта кажа, што гэтай цаны Ён варты ў іх вачах. Першасвятары ведалі гэтыя словы. Яны проста не суаднеслі тое, што чыняць, з Божым словам.

Ад здрады і змовы Слова Божае вядзе нас да радаснага вобразу: мы бачым прадказаны прарокамі ўезд Месіі ў Ерузалем. Натоўп вітае Яго ўскліканнямі «Гасанна Сыну Давіда, благаслаўлёны Той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!». Але ў адказ на пытанне, што адбываецца, людзі адказваюць, што гэта прарок Езус з Назарэта. Натоўп таксама да канца не разумее, у чым прымае ўдзел.

Апосталы не ўсведамляюць, што ўдзельнічаюць у найважнейшай падзеі гісторыі. Яны больш думаюць пра сябе, чым пра Езуса. Нават іх запэўніванні ў вернасці да канца — проста самахвальства. Іх вернасць не вытрымлівае нават выпрабавання сном, не кажучы ўжо пра страх перад смерцю. 

І сёння мы не разумеем, што адбываецца. Наогул, да канца зразумець глыбіню Эўхарыстыі —задача, якую немагчыма выканаць, але сёння гэтае неразуменне становіцца больш відавочным. У касцёле ў гэты дзень мы бачым натоўпы людзей, якія шукаюць «збаўлення» ў вербачках, прыходзячы пасвяціць іх, «бо так трэба». Розныя святочныя рэчы часам цалкам закрываюць ад нас і Хрыста, і тое, што Ён жадае ахвяраваць нам. Мы перакананыя, што ведаем усё і маем усё, а таму замыкаемся на Ягоны дар.

Дзякуй Табе, Пане Езу, за тое, што Ты не пакідаеш нас нават тады, калі мы сляпыя і глухія. За тое, што Ты спашлеш нам Суцяшальніка, Духа Святога, які аздаровіць нашыя вочы і абудзіць сэрцы, і навучыць нас усяму. Навучыў Апосталаў, навучыць і нас.  

Айцец Крыштаф Коц’ян OP


Глядзі яшчэ разважанні на Пальмовая нядзеля, нядзеля Мукі Пана, год А:
айцец Крыштаф Коц’ян OP «Прывітанне ці Мука?».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней