Другая Велікодная нядзеля, год А (23.04.2017)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок.

Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

(Ян 20, 19–31)

«Пан мой і Бог мой!» 

Вера, давер, вернасць — гэта тое, што робіць чалавека сапраўдным вернікам. Бо недастаткова проста прызнаваць існаванне Бога як вышэйшай сілы. Неабходна таксама ўспрымаць як факт, што толькі гэты асабовы Бог — адзіны, хто да канца стрымлівае свае абяцанні, хто ніколі не падманвае. І таму ні ў якім выпадку нельга адракацца ад пераканання ў Яго выключнай праўдзівасці і шчырасці, нельга замяняць Яго нічым, бо нішто і ніхто не можа з Ім нават параўноўвацца. Але ці шмат знойдзецца тых, хто, называючы і лічачы сябе вернікам, зможа, не крывячы душою, пахваліцца, што ўсе ўзгаданыя аднакарэнныя словы характарызуюць іх асабіста? Больш за тое, многія, апраўдваючы недасканаласць уласнай веры, спасылаюцца на Апосталаў.

Здавалася б, сапраўды — адзін з іх прадаў Настаўніка за нейкія срэбранікі, магчыма, спадзеючыся, што не Ён, а мізэрныя грошы даюць сапраўднае шчасце… Потым іншы ад страху, выкліканага сумневамі і малавер’ем, увогуле запярэчыў, што ведае арыштаванага Хрыста. Ды хіба ж мэтазгодна захоўваць вернасць Таму, хто сам знаходзіцца ў небяспецы? Ці не такія думкі наведвалі і астатніх Апосталаў, якія проста паўцякалі? Нават умілаваны вучань, які ў адрозненне ад іх вытрываў пры Настаўніку да канца, не здолеў пры гэтым захаваць веру… Толькі Беззаганная Маці ні на хвіліну не засумнявалася, і Яе адзіную можна назваць сапраўднай, ідэальнай верніцай…

Што ж датычыць Тамаша, які ўвайшоў у прымаўку як «няверны Тамаш», яму недастаткова было сведчання тых, хто сустрэў Уваскрослага, тым больш сведчання ўмілаванага вучня, які паверыў ужо тады, калі ўбачыў палотнішчы ў пустой магіле. Тамаш патрабаваў больш «матэрыяльных» доказаў і атрымаў іх. І тады вызнаў: «Пан мой і Бог мой!» 

Менавіта гэтымі словамі доўгі час у народнай пабожнасці падмацоўвалася вера ў рэальную прысутнасць Хрыста ў эўхарыстычных постацях. «Пан мой і Бог мой!» — гучала ў касцёлах, калі святар узносіў па чарзе кансэкраваныя Гостыю і віно ў келіху. Шкада, што цяпер рэдка сустрэнеш падобную практыку. Яна, як і адпаведныя паставы цела (у першую чаргу — кленчанне падчас прыняцця святой Камуніі, ушанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту па-за літургіяй), і сама годная, добра падрыхтаваная святая Імша ў прыгожым касцёле не толькі даюць сведчанне веры тых, хто да гэтага далучаецца, але і ўмацоўваюць яе. Напрыклад, кленчанне, якое некаторыя сёння ўспрымаюць як прыніжэнне ўласнай годнасці і ганьбу, — гэта не проста прызнанне велічы Бога, якога належыць прымаць у паставе найбольшай пакоры, яно таксама выхоўвае ў людзях адвагу вызнаваць сваю веру і па-за сценамі святыні. 

Lex orandi — Lex credendi. Як молімся, так і верым. Гэтага закону ніхто не адмяняў і не можа адмяніць! Бо мы не анёлы, якія засталіся вернымі Богу, і нават не Апосталы, якія жылі побач з Езусам, бачылі Яго цуды і чыя вера, тым не менш, на нейкі час пахіснулася. Нам жа для яе ўмацавання патрэбныя знешнія выражэнні і знакі. Безумоўна, бяздумнае іх выкарыстанне прынясе мала карысці. Але чалавек — істота, надзеленая розумам, і той, хто свядома трымаецца спраўджаных вякамі пабожных практык і разумее іх сэнс, лягчэй верыць, што Жывы Бог, нябачны пад постацямі хлеба і віна, рэальна прысутны ў іх, і што мы, прымаючы іх з пашанаю, сапраўды яднаемся з Ім, а значыць, можам разлічваць на Ягоную дапамогу і апеку ў зямным жыцці і на атрыманне вечнага шчасця, абяцанага тым, хто, нягледзячы ні на што, захавае вернасць Яму да канца. 

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

  


Глядзіце яшчэ разважанні на другую Велікодную нядзелю, год А:
Айцец Міхал Ермашкевіч OP «Сведчанне Уваскрослага»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней