
Трэцяя велікодная нядзеля, год А (30.04.2017)
Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні». Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім.
Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.
(Лк 24, 13–35)
Спадарожнік у нашым жыцці
Хто з нас не жадаў бы адмежавацца ад балючага мінулага, асабліва ад мінулых грахоў? Хто не жадаў бы адмежавацца ад паразаў і расчараванняў?
Па дарозе да Эмаус Лука і Кляоп спрабуюць зрабіць менавіта гэта. Гледзячы сабе пад ногі, яны ідуць і ўзгадваюць, што здарылася, не могучы пагадзіцца з тым нерэалізаваным жыццёвым сцэнарам, які яны звязвалі са сваім сяброўствам з Настаўнікам з Назарэта. На жаль, рэчаіснасць аказалася разбуральнаю. Настаўніку здрадзілі, а Ён не даказаў сваёй усемагутнасці. Роспач гаворыць вучням, што Езус ляжыць у магіле!
Невядома, ці ідуць яны ў Эмаус па патрэбе, ці жадаюць сысці далей ад Ерузалема. Яны падарожнічаюць і нясуць на сабе цяжар, які, здавалася б, немагчыма знесці. Менавіта ў гэтыя хвіліны да іх далучаецца Уваскрослы. Ён нічога не даказвае вучням і не суцяшае іх адразу ж, а цярпліва тлумачыць ім Пісанні і ламае для іх хлеб.
Толькі тады вочы вучняў адкрываюцца, і яны пазнаюць Яго. Пакуль вучні не жадалі пагадзіцца са стратаю сваіх уяўленняў пра Настаўніка і пра саміх сябе, іх вочы былі стрыманыя. Зрок не сягаў далей за межы іх уласнага далягляду, а сэрцы не маглі агарнуць больш за іх уласную крыўду і расчараванне.
Як гэта па-чалавечы! Як часта з намі самімі адбываецца гэтак жа. Езус падыходзіць да нас на жыццёвых сцежках, дзе мы часта поўных праліваем слёзы, — як да ўцекачоў, што жадаюць збегчы ад рэальнасці. У кожнай Эўхарыстыі цярпліва і пяшчотна Ён тлумачыць нам нашае жыццё ў святле свайго слова і ламае для нас Хлеб.
Нам ужо не трэба адмяжоўвацца ад нашай будучыні або глядзець у будучыню з роспаччу! Цярплівы далікатны Спадарожнік у нашым жыцці, Уваскрослы Пан, дапамагае нам пагадзіцца з балючаю праўдаю пра нас і разам з тым пазбавіцца ад фальшывых уяўленняў пра саміх сябе. Толькі разам з Ім мы зможам вярнуцца туды, адкуль мы ўцякалі, у тыя мясціны, ад якіх мы жадалі адмежавацца, каб прыняць іх і адкрыць вочы на святло Уваскрасення. .
Айцец Лукаш Кубяк OP
Паводле часопіса «W drodze»
Глядзіце яшчэ разважанні на трэцюю Велікодную нядзелю, год А:
Айцец Раман Шульц OP «Наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі…»