Пасвіць — значыць любіць

Чацвёртая велікодная нядзеля, год А (07.05.2017)

Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў моцным голасам да іх: «Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй». Калі ж пачулі гэта, змягчэла сэрца іхняе, і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Сказаў ім Пётр: «Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога. Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш». І многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення». Тыя ж, хто прыняў слова ягонае, ахрысціліся. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей».

(Дз 2, 14а. 36–41)

Але калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.

Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва.

Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя. Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых».

(1 П 2, 20b–25)

«Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.

(Ян 10, 1–10)


Пасвіць — значыць любіць

Чацвёртая Велікодная нядзеля называецца ў Касцёле нядзеляй Добрага Пастыра. Літургічныя чытанні паказваюць нам Асобу Хрыста, Добрага Пастыра, і адначасова тлумачаць, як рэалізуецца ў Касцёле пастырскае пакліканне.

Пастыр вядзе авечак, а яны ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. Вельмі проста нагадвае нам пра гэтую праўду папа Францішак, паўтараючы, што пастыр павінен пахнуць гэтак жа, як авечкі. Калі пастыр ведае авечак, яны будуць гатовыя ісці за ім. Пастыр Касцёла павінен быць блізкі да людзей, якіх вядзе. З іншага боку, як кажа Езус, авечкі павінны ведаць голас пастыра. Апостал Пётр наўпрост адказвае на пытанне слухачоў: «Пакайцеся і няхай кожны з вас ахрысціцца!» Ён не захінаецца ў воўну і не імкнецца стаць падобным да авечак. Ён быў прызначаны пастырам, каб весці іх у аўчарню і, як чытаем мы ва ўрыўку з Дзеяў Апосталаў, «далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей». Блізкасць пастыра і авечак, іх веданне адно аднаго павінны быць узаемнымі.

Неабходны яшчэ адзін элемент, які гарантуе поспех пастырскай місіі. Пра яго ўзгадвае апостал Пётр у другім літургічным чытанні: «Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім». Немагчыма выканаць пастырскае пакліканне, не будучы гатовым прыняць крыж і цярпенні. Бэнэдыкт XVI у гаміліі на пачатак свайго Пантыфікату сказаў: «Адною з асноўных рысаў пастыра павінна быць здольнасць любіць давераных яму людзей так, як любіць іх Хрыстус, якому ён служыць. <...> Пасвіць — значыць любіць. А любіць — азначае таксама быць гатовым цярпець».

Айцец Войцех Сурувка OP
Паводле часопіса «W drodze»

 


Глядзіце таксама разважанні на чацвёртую Велікодную нядзелю, год А:
Айцец Крыштаф Коц’ян OP «Мэты і сродкі»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней