
Чатырнаццатая звычайная нядзеля, Год А (09.07.2017)
Так кажа Пан: Радуйся моцна, дачка Сіёна, весяліся, дачка Ерузалема: вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы і збаўчы, пакорны, які едзе на асле, на асляняці, дзіцяці асліцы. І знішчу калясніцы з Эфраіма і коней з Ерузалема, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесціць народам мір. І валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі аж да краёў зямлі.
(Зах 9, 9–10)
У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі».
(Мц 11, 25–30)
Ключ да разумення пакоры
Асноўнаю тэмаю сённяшніх літургічных чытанняў з’яўляецца пакора. У прароцтве Захарыі Месія, які ўязджае ў Ерузалем, пакорны. Пан Езус гаворыць пра сябе, што Ён «ціхі і пакорны сэрцам». Думаю, варта засяродзіцца на тым, што такое пакора, тым больш, што сёння Пан Езус заклікае нас вучыцца ў Яго пакоры і простасці.
Часта слова «пакора» асацыюецца найперш з нізкаю самаацэнкаю, калі чалавек ставіць пад пытанне ўласную вартасць і вартасць таго, што ён робіць. Але, чытаючы Божае слова, мы бачым, што гэта не так. Месія, які ўязджае ў Ерузалем, — гэта магутны і справядлівы кароль, які знішчае ворагаў і прыносіць народам мір. Ён ведае ўласную вартасць і вартасць сваёй місіі. Пан Езус дасканала ажыццяўляе гэтае прароцтва — Ён абвяшчае Божае Валадарства і ведае, што з’яўляецца ўмілаваным Сынам Айца. Гэтае ўсведамленне Хрыста з’яўляецца ключом да разумення пакоры. Пакора — не заніжаная самаацэнка, а прыняцце праўды пра ўласную вартасць.
Пакорны чалавек ведае, кім ён з’яўляецца, і таму чыніць дабро дзеля дабра і любові, а не дзеля таго, каб што-небудзь даказаць (таму пыха звязаная не столькі з завышанаю самаацэнкаю, колькі з жаданнем даказаць сваю вартасць). Пакорны чалавек здольны прымаць рэчаіснасць такою, якая яна ёсць. Ён можа ў простасці шукаць дабра, праўды і прыгажосці, а не чалавечага прызнання. Ён здольны выйсці насустрач іншым людзям, бо не хаваецца ад іх за маскамі. Ён ведае ўласную вартасць і таму не мае патрэбы прыніжаць іншых людзей, каб за іх кошт выглядаць лепей. Наадварот, маючы здольнасць бачыць дабро, пакорны чалавек прызнае яго і ў сабе, і ў іншых.
Але як жа стаць пакорным, як пазнаць праўду пра сябе самога, якая вызваліць мяне? Пан Езус вучыць і гэтаму. Нашая вартасць збудаваная не на добрых рысах характару або нейкіх іншых цнотах, а на сувязі з Нябесным Айцом. Ён стварыў нас і гаворыць, што мы добрыя і каштоўныя ў Ягоных вачах. Мы не здольныя заслужыць Ягоную любоў, яна даецца нам проста так, дарам. Для Бога мы неімаверна каштоўныя. Адзінае, што можна з гэтым зрабіць, — гэта прыняць Ягоны дар. Дарам, як прымаюць дары дзеці. Таму шлях пакоры — гэта шлях Божага дзяцінства.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Чатырнаццатую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Раман Шульц OP «Мець пакорнае сэрца»
айцец Крыштаф Коц’ян ОР «Жыць у пакоры»