
Пятнаццатая звычайная нядзеля, год А (16.07.2017)
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:
«Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».
(Мц 13, 1–9)
«Хто мае вушы, няхай слухае»
Прыпавесць пра сейбіта — гэта прыпавесць-ключ, якая расплюшчвае нам вочы, адкрывае вушы і сэрца на тое, як трэба ўспрымаць Божае слова.
Пан Езус выкарыстоўвае прыпавесці, каб вучыць, бо яны маюць вобразны характар. Чытаючы пра сейбіта, мы ўяўляем, як ён ідзе па раллі і шырока, шчодра раскідвае зерне. Можна ўбачыць дарогу, на якую трапляюць зярняты, камяні і церні, якія заглушаюць кволыя парасткі. Толькі той, хто ніколі не выязджаў з горада, можа мець цяжкасці з тым, каб уявіць сабе гэтую карціну. Вобраз, намаляваны словамі, ажывае.
«Хто мае вушы, няхай слухае!» (Мц 13, 9). Недастаткова ўявіць вобраз, трэба пачуць тое, што кажа Езус. Яго словы — гэта не проста апісанне прыгажосці прыроды альбо захапленне працаю хлебароба. Трэба пачуць, што гэтыя словы датычаць мяне, таго, хто чытае гэтыя радкі. Натоўп, які сабраўся каля Езуса, не мае межаў. Да ўсіх людзей усіх часоў скіраванае слова Евангелля. Аднак найбольш істотна тое, што гэтае слова скіраванае асабіста да мяне. Гэта я стаю сярод тых, хто слухае. Слухае, але ці чуе? Ці чую я?
Каб пачуць скіраванае да мяне слова Езуса, трэба адкрыць сэрца, даць слову пранікнуць у самую глыбіню маёй сутнасці. Як гэта зрабіць? Даверыцца сейбіту. Ён ведае, як паклапаціцца пра тое, каб зерне-слова дало плён «адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць» (Мц 13, 8).
Айцец Павел Мажэйка OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Пятнаццатую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Раман Шульц OP «Выйшаў сейбіт сеяць...»