
Шаснаццатая звычайная нядзеля, Год А (23.07.2017)
Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
(Мц 13, 24–30)
«Пакіньце расці разам тое і другое»
Чаму ў свеце, які стварыў добры Бог, ёсць шмат зла? Чаму нават у Касцёле, устаноўленым і нябачна кіраваным Богам, таксама не ўсё ідэальна? Адказ на гэтыя пытанні дае прыпавесць аб каласоўніку, які сярод добрага насення пасеяў вораг чалавечага роду.
І ўсё ж многія не задавальняюцца гэтым адказам, асабліва ў адносінах да Касцёла, які павінен быць узорам жыцця. Думка пра тое, што каласоўнік увасабляе сабою ерэтыкоў (г. зн. тых, хто скажае Божую навуку) і католікаў, якія вядуць дрэннае, не згоднае з Божаю навукаю жыццё, вядомая з часоў св. Аўгустына. Як каласоўнік да пэўнага моманту цяжка адрозніць ад пшаніцы, так і сярод вернікаў не адразу можна заўважыць тых, хто пад маскаю веры і прыналежнасці да Касцёла хавае погляды і ўчынкі, якія аддаляюць ад Бога і Яго праўды. Крыжык на шыі ці нават вопратка духоўнай асобы, на жаль, яшчэ не азначаюць, што тыя, хто іх носіць, сапраўды ўнутрана адпавядаюць гэтым знешнім знакам. Некаторыя свядома маскіруюцца, як тыя ваўкі ў авечай скуры, каб чыніць шкоду Касцёлу. Але шмат і такіх, хто мае слабую веру і не ў стане супраціўляцца д’ябальскім спакусам. У кожным чалавеку ёсць і добрае — створаная Богам натура і ласка, атрыманая праз сакрамэнты, і дрэннае — выкліканая першародным грахом схільнасць да зла, вынікам якой з’яўляюцца грэшныя асабістыя падзенні. Няма людзей цалкам «белых» або «чорных». Таму і немагчыма адразу, адным махам, зішчыць усё зло, не пашкодзіўшы ўсяму чалавеку. Таму Бог і чакае, даючы кожнаму магчымасць вырваць з душы прынамсі бачнае пустазелле і настолькі ўмацаваць добрыя парасткі, каб яны моцаю, узятаю з крыніцы жыцця, маглі заглушыць небяспечны «каласоўнік», і падчас жніва аказацца чыстаю пшаніцаю ў засеках Божага Валадарства, а не пустазеллем, кінутым у агонь. Для гэтага ўсе мы мусім быць цярплівымі да іншых, даваць ім магчымасць выправіць зло, памятаючы, што канчатковую ацэнку нашаму жыццю дасць толькі Бог, і напрыканцы часоў дабро несумненна затрыумфуе разам з тымі, хто імкнуўся да яго чыстым сэрцам.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Шаснаццатую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Віталь Сапега OP «Вучымся адказваць на зло»