Сямнаццатая звычайная нядзеля, год А (30.07.2017)

У Гібэоне з’явіўся Пан Саламону ўначы падчас сну і сказаў: Што хочаш, каб Я даў табе? І сказаў Саламон: Цяпер, Пане мой Божа, Ты паставіў каралём слугу Твайго замест бацькі майго Давіда, але я малады і недасведчаны, каб валадарыць. І вось слуга Твой сярод народа Твайго, які Ты выбраў, народа такога вялікага, што яго нельга палічыць і перапісаць. Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло, бо хто ж можа кіраваць такім вялікім народам, як Твой? І спадабалася Пану тое, аб чым Саламон папрасіў Яго. Тады Пан сказаў яму: Паколькі ты папрасіў сабе гэта, а не прасіў доўгага жыцця, багацця або згубы сваіх ворагаў, але папрасіў розуму, каб умець судзіць, то Я зраблю паводле слова твайго. Я дам табе такое мудрае і разумнае сэрца, якога не было да цябе ні ў кога і не будзе пасля цябе. 

(1 Вал 3, 5. 7–12)

Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

(Мц 13, 44–46)

 

Эўрыка!

Малады кароль Саламон не прасіў доўгага жыцця. Ён не прасіў багацця або смерці для сваіх ворагаў. Малады кароль папрасіў у Бога мудрае сэрца, здольнасць распазнання дабра і зла, уменне выносіць справядлівыя прысуды.

Вынікам нашай малітвы таксама з’яўляецца ўменне распазнаваць. Гэта здольнасць чуць голас Божай мудрасці, голас мацнейшы, чым эгацэнтрычнае «я так адчуваю» або няпэўнае «мне так здаецца». Распазнанне — гэта добрая ацэнка таго, што важна, і таксама чуласць, каб не страціць самае важнае. Распазнанне — гэта цярплівае разгляданне таго, што на першы погляд здаецца нябачным. Вельмі часта праўда бывае ўкрытаю, як скарб, які неабходна спакойна і мудра шукаць. Схаваныя скарбы чакаюць, пакуль іх знойдуць.

Таму мы мусім шукаць скарб. Мы мусім шукаць Бога ва ўсім. Мы мусім шукаць Яго вакол нас і ў нас саміх, часта Ён бліжэй, чым мы думаем. Ашаломленыя тым, што знайшлі Яго, мы павінны быць гатовыя пакінуць усё, каб захаваць гэты скарб, і каб ён дапамагаў нам рабіць любы наш выбар.

Божае Валадарства таксама вымагае ад нас мудрасці. Можна хутка прызвычаіцца да кожнай каштоўнай пярліны, пачаць ставіцца да яе, як да самай звычайнай рэчы. Можна перастаць цаніць яе вартасць і нават палічыць, што гэта слушна, што яна належыць менавіта нам. Але гэты дар — незаслужаны намі! Пярліна, скарб, якім з’яўляецца Божае Валадарства, — гэта каштоўнасць, якую нельга страціць. Нам штодзённа пагражае замяніць пярліну на танныя бліскучыя пацеркі, якія прыносяць толькі кароткачасовае задавальненне. Таму трэба зноў прадаць «усё, што маем» і жыць тым, што атрымалі. А знайшоўшы свой скарб у Пану, не вагайцеся ўсклікнуць: «Эўрыка»! 


Айцец Яцэк Шымчак OP
Па матэрыялах інтэрнэт-парталу «Wdrodze»

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней