Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, Год А (19.11.2017) 

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. 

Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: «Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх». Гаспадар ягоны сказаў яму: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго».


 Мц 25, 14–15. 19–21

 

Мець і карыстацца

Часам нам здараецца крытыкаваць іншых. Гэта могуць быць вельмі розныя асобы: нашыя начальнікі, палітыкі, спартcмены. Мы гаворым, што яны робяць нешта не так, маючы на ўвазе, што на іх месцы зрабілі б усё добра і правільна, бо ведаем, як павінна быць насамрэч. Аднак можа аказацца, што пры неабходнасці прыняць адказнае рашэнне мы першыя ўсклікнем: «Толькі не я!» 

Нядзельнае Божае слова гаворыць нам, што недастаткова мець, трэба яшчэ і ўмець карыстацца тым, што маеш. Слугі атрымліваюць ад гаспадара ў сваё распараджэнне пэўную маёмасць, але толькі не ўсе карыстаюцца ёю належным чынам, памнажаючы атрыманае дабро. Для аднаго слугі атрыманы дар з’яўляецца лішнім цяжарам. Таму гаспадар, вярнуўшыся, называе яго лянівым, неруплівым слугою, які меў дар, але не ведаў, як з яго дапамогаю зрабіць штосьці добрае. 

Можна мець здароўе і не цаніць яго, нават злоўжываць яго добрым станам. Можна мець магчымасць вучыцца ва ўніверсітэце і не спаць начамі, каб здаць іспыты за семестр, а потым быць абыякавым маладым спецыялістам і не жадаць развівацца ў прафесіі. 

Давайце паглядзім, што нам дадзена, і падзякуем за гэтыя дары Пану Богу, просячы мудрасці, каб памножыць у шмат разоў дабро, якое мы маем, з любові да Таго, хто нам яго даў.


 Айцец Павел Мажэйка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней