«Кажу ўсім: чувайце!»

Першая нядзеля Адвэнту, Год В (03.12.2017)

Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!

(Мк 13, 33–37)

«Кажу ўсім: чувайце!»

«Чувайце!» Чалавек, які страціў надзею, жыве адным днём, нічога не чакае, не чувае, а гаворыць, што надзея — «маці дурняў». Гэтак пра надзею гавораць тыя, хто меў у жыцці прыкры досвед, спадзяваўся, што адбудзецца нешта, чаго ён моцна хацеў, а нічога не атрымалася. Ягонай надзеі нечага не хапіла, яна стала самападманам. Гэта быў неапраўданы аптымізм, які можна назваць глупствам. Часам мы сустракаем вельмі задаволеных людзей, якія чэрпаюць упэўненасць з таго, што назваюць «надзеяй», і што насамрэч надзеяй не з’яўляецца. Праз пэўны час, калі яны не могуць абаперціся на надзею, якая ёсць Божаю ласкаю, то перажываюць расчараванне і паразу. 

Звернемся да кантэксту патройнага адвэнтовага чакання. З надзеяй чакаючы Божага нараджэння, канца свету і Пана, які кожны дзень прыходзіць у сваім слове, сакрамэнтах і ў нашых бліжніх, папросім святога Тамаша Аквінскага растлумачыць, у чым заключаецца сапраўдная надзея. Ён гаварыў, што надзея, як Боская цнота, павінна адпавядаць чатыром умовам. Па-першае, надзея датычыць дабра, якога трэба пачакаць, а пры гэтым неабходная сур’ёзная праца і высілкі, каб яго здабыць. Па-другое, надзея скіраваная да будучыні, а менавіта — да вечнага жыцця з Богам. Па-трэцяе, яе нялёгка атрымаць, бо яна не залежыць ад здольнасцяў чалавека, а можа засяроджвацца толькі ў жывым Богу, пры Якім яна застаецца нібы якар, які ў шторм ўтрымлівае карабель на адным месцы. Па-чацвёртае, мэту, на якую мы ўскладаем надзею, можна дасягнуць, бо яна вынікае з абяцанняў Таго, хто не можа памыляцца і не можа ўвесці ў зман, бо з’яўляецца Богам.

Трэба адзначыць, што ў цяперашнім жыцці няма нічога трывалага, на чым душа магла б затрымацца і адпачыць, але сапраўдная надзея надае ўсім абставінам нашага жыцця глыбокае значэнне і ўпарадквае іх адпаведна з праўдзівай іерархіяй каштоўнасцяў. Сапраўдная надзея — маці разважлівасці і мудрасці, бо кожнага, хто ведае мэту свайго жыцця і ведае, як яе дасягнуць, мы называем мудрым і разважлівым чалавекам. Той, хто напоўнены надзеяй, здольны з мудрасцю і аптымізмам глядзець на свет, здольны падтрымаць тых, хто ўпаў духам, можа трывала імкнуцца да вызначанай мэты і знаёмы з мастацтвам размяркоўваць справы паводле іх месца ў іерархіі каштоўнасцяў. Ён празорлівы і без цяжкасцяў глядзіць на жыццё з патрэбнай перспектывы. Такога чалавека можна назваць «сведкам надзеі».

Адвэнт — гэта час, які дае нам шанец распачаць усё нанова і яшчэ мацней даверыцца Божаму слову, каб яно ўмацавала ў нас надзею, каб учыніла нас мудрымі. Дамініканская парафія свв. Казіміра і Ядвігі ў Магілёве дае свой адказ на адвэнтовае запрашэнне чуваць і будзе ўмацоўвацца ў сапраўднай надзеі, штодня чытаючы па адным раздзеле з Апакаліпсісу св. Яна. У гэтым годзе Адвэнт доўжыцца 22 дні, і менавіта столькі раздзелаў у апошняй кнізе Новага Запавету — Кнізе Апакаліпсісу. Гэта складанае чытанне, таму мы будзем звяртацца да каментароў да гэтай кнігі, зробленых айцом дамініканінам Адамам Шустакам OP у форме 34 ролікаў на Youtube, якія называюцца " target="_blank" rel="noopener noreferrer">«Straszne rekolekcje». Калі чытачы пажадаюць далучыцца да нашай супольнасці, каб слухаць, «што Бог гаворыць Касцёлу», запрашаем вас сардэчна! На пачатку кнігі Апакаліпсісу мы бачым словы: «Шчаслівы, хто чытае і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі» (Ап 1, 3). У нас ёсць тэкст рэкалекцый, запісаны і перакладзены на беларускую мову. Калі вы жадаеце атрымаць гэтыя каментары да кнігі Апакаліпсісу, напішыце аўтару гэтага разважання (Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.).


Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней