Мінулі ці выканаліся?

Нядзеля ў актаве Нараджэння Пана. Свята Святой Сям'і: Езуса, Марыі і Юзафа, Год В (31.12.2017)

А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.

Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народу Твайго Ізраэля».

А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго:

«Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».

Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.

Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.

(Лк 2, 22–40)

Мінулі ці выканаліся?

Гэта адбылося мінулаю зімою. Як звычайна, мяне здзівіла, што каляндар скончыўся. Апошняя адарваная старонка павінна была апынуцца ў кошыку для смецця. Як жа гэта? Год так хутка прамінуў, не пакінуўшы і следу? Яшчэ нядаўна тоўсты стос каляндарных лістоў сведчыў, што часу яшчэ вельмі шмат. Раззлаваўшыся на сябе і перадусім на тыя некалькі сот дзён, якія прамінулі, я ўбачыў апавяданне пра іншыя дні, якія выканаліся.

Калі мы параўнаем сённяшні ўрывак Евангелля з гэтаю датаю канца каляндарнага года, перад намі з’явіцца выбар. Ад нас залежыць, як мы акрэслім нашыя дні: ці яны «мінаюць», ці «выконваюцца». Евангелле дае нам тры маленькія падказкі, каб прыняць рашэнне. 

У гісторыі Святой Сям’і мы бачым, што Марыя з Юзафам прымаюць Божага Сына і не ўтрымліваюць Яго для сябе. Яны дзейнічаюць адпаведна звычаю, прыносячы Езуса ў святыню, каб ахвяраваць свайго Сына Богу.

Імгненні нашага жыцця, хвіліны, гады, увесь «наш час» у рэшце рэшт належыць Богу. Гэта першы ўрок: прымаць і аддаваць Пану тое самае блізкае, што найбольш здаецца мне «маім».

Далей мы сустракаем Сімяона, які цярпліва (некалькі дзесяцігоддзяў!) чакаў Божых знакаў, і стаў маліцца: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё». Гэта стаўленне і словы Таго, хто дачакаўся «выканання» абяцання.

Гэты другі ўрок паказвае нам, што каб адкрыць сваё месца ў Божай паўнаце і сэнс таго, што мы робім, неабходная цярплівасць.

Сімяон, гаворачы пра Дзіця: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі», — сведчыць бацькам, што справа Езуса расквітнее пазней, дасць плён, які яны не ўбачаць сваімі вачыма.

Гэта трэцяя падказка, бо добрыя справы жывуць і даюць плён і праз 100, і праз 500 гадоў, і гэтага плёну мы не ўбачым.

«Вярнуліся ў Галілею <...> Дзіця ж расло і ўмацоўвалася», бо гэтыя цуды адбываюцца паміж старонкамі календара, якія не прамінаюць, а выконваюцца.


Айцец Рафал Ярэчак OP
Паводле матэрыялаў партала W drodze

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней