Дваццаць шостая звычайная нядзеля, год В (30.09.2018)
Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі». А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне. Бо хто не супраць нас, той за нас. А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
(Мк 9, 38–48)
Логіка Божай любові
Кожны наш учынак мае нейкую мэту, робіцца для нечага або для некага, нават калі гэты нехта — мы самі.
Сённяшні ўрывак з Евангелля наўпрост гаворыць нам, што варта чыніць усё, памятаючы пра Езуса. Ён не толькі знаходзіцца сярод нас і аб’яўляецца нам, але таксама няспынна заклікае нас да такой еднасці з Ім, якая пранізвае ўсе сферы нашага жыцця і штодзённых справаў. Трываць у прысутнасці Хрыста азначае не толькі спадарожнічаць Яму — гэта толькі пачатак. Вынікам сустрэчы з Езусам становяцца ўчынкі, крыніцаю, сэнсам і сутнасцю якіх ёсць Ён сам, а чалавечае меркаванне тут не мае значэння.
Езус, бачачы поўную здзіўлення і абурэння рэакцыю вучняў, звяртае іх увагу, як і ўвагу кожнага з нас, на бязмежнасць сваёй любові. Кожны мае на яе права, нягледзячы на становішча, у якім знаходзіцца. Божая любоў і Божы заклік дзейнічаць у імя і па прыкладзе Хрыста нашмат большыя за тое, што здольны зразумець чалавек. Логіка Божай любові дагары нагамі пераварочвае чалавечы светапогляд. Нішто не ёсць тым, чым здаецца. Кожны, хто будзе шукаць выратавання ў Ягоным імені, атрымае аздараўленне.
Пётр Олесь OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць шостую звычайную нядзелю, Год В:
- айцец Павел Мажэйка ОР «Манаполія на дабро»
- айцец Ян Андрэй Клачоўскі OP «Каму адсячы руку і вырваць вока?»