
Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля, год В (21.10.2018)
Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
(Мк 10, 42–45)
Кар’ера па-хрысціянску
Як зрабіць хуткую кар’еру? Як без асаблівых намаганняў выбіцца ў людзі? Вельмі проста. Трэба сябраваць з кімсьці ўплывовым, тым, хто мае вялікі аўтарытэт. Маючы такіх сяброў і своечасова просячы іх аб дапамозе, можна хутка ўскараскацца па кар’ернай лесвіцы. Што праўда, вышэй за сваіх «памочнікаў» не скокнуць.
Відаць, гэтак жа думаюць Якуб і Ян, калі просяць Езуса даць ім годнае месца побач з Ім, у славе. Іншыя, пачуўшы такую шчырасць братоў, абураюцца замест таго, каб цешыцца за іх. Магчыма, яны і самі разважалі, хто ж будзе бліжэй да Езуса, але толькі у двух знайшлося столькі смеласці, каб адкрыта звярнуцца да Яго з просьбаю.
Пан Езус цярпліва тлумачыць правілы «кар’ернага росту» спачатку самім братам, а пазней усім Апосталам. Ён гаворыць: «Не так няхай будзе сярод вас», як калі здабываецца ўлада ў свеце. Барацьба за ўладу часта абапіраецца на прыгнятанне альбо знішчэнне ўсіх праціўнікаў і канкурэнтаў. У Божым Валадарстве ўзвышае служэнне. Гэтаму Апосталам яшчэ трэба будзе доўга вучыцца. А каб словы Езуса назаўжды засталіся ў сэрцах вучняў, Ён сам першы ідзе гэтаю дарогаю служэння, вучыць быць дарам для іншых.
Часам розныя людзі бізнесу вешаюць ў сваіх офісах шыльды з дэвізамі, выказваннямі знакамітых людзей, якія іх падтрымліваюць і матывуюць дзейнічаць. А чаму б не змясціць словы Езуса аб служэнні на працоўных месцах людзей, якія прымаюць адказныя рашэнні, якія маюць уладу. Шыльду з гэтымі словамі можна прымацаваць у добра бачным месцы... пад крыжом, каб штодня пра іх памятаць.
Айцец Павел Мажэйка OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць дзявятую звычайную нядзелю, Год В:
- айцец Раман Шульц OP «У праўдзе і з любоўю»
- айцец Павел Мажэйка OP «Большы няхай будзе слугою»