
Трыццатая звычайная нядзеля, год В (28.10.2018)
І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
(Мк 10, 46–52)
Вера жабрака
«Ідзі, вера твая ўратавала цябе», — неаднойчы Пан Езус такімі ці іншымі словамі з падобным сэнсам каментуе цудоўнае аздараўленне тых, хто моцна спадзяваўся атрымаць здароўе ад Настаўніка з Назарэта. І справа тут не ў самаперакананні ці эфекце плацэба, як маглі б растлумачыць гэтыя цуды атэісты. Бо ніякае самаперакананне не зможа канчаткова і беспаваротна выправіць аб’ектыўныя сур’ёзныя парушэнні ў арганізме, хоць нейкім чынам і дапамагае ў змаганні з немаччу. З іншага боку, без даверу да лекара, яго кампетэнцыі і метадаў лячэння цяжка спадзявацца на паспяховы вынік. Дык калі звычайныя людзі, няхай сабе нават вельмі таленавітыя і добрасумленныя, усё ж заслугоўваюць даверу, то ці не намнога больш заслугоўвае даверу Той, хто іх стварыў і надзяліў асаблівым дарам? Нездарма пра сапраўднага майстра сваёй справы кажуць: «лекар (або настаўнік, выхавацель і г.д.) ад Бога».
Мы верым, што Езус з Назарэта і ёсць той уцелаўлёны ўсемагутны Бог. Чаму тады ў жыцці многія давяраюць Яму менш, чым людзям або нейкім сумніўным «цудадзейным» сродкам ці практыкам? Безумоўна, трэба карыстацца дасягненнямі медыцыны, калі яны не супярэчаць Божай навуцы (як кантрацэпцыя, аборты ці, наадварот, штучнае апладненне, змена полу і іншыя калецтвы). Аднак і яны не бязмежныя. Чаму ж замест таго, каб прасіць дапамогі ў Бога, прыступаючы да святых сакрамэнтаў (для сапраўднага верніка дастаткова сакрамэнтальнай ласкі), многія ідуць на эксперыменты, небяспечныя для здароўя як цела, так і душы? Ці не таму, што прагнуць імгненнага выніку, і менавіта такога выніку, які сабе ўяўляюць? Забываюцца, што нават звычайная драпіна не знікне за пару гадзінаў… А цуд таму і цуд, што не можа быць звыклай з’явай, і цудоўныя аздараўленні адбываюцца па Божай волі з нейкай мэтай і з тымі, хто да іх падрыхтаваны.
Калі чалавек страчвае здароўе ці нейкую фізічную здольнасць без уласнай віны, Бог гэта дзеля чагосьці дапускае. Магчыма, дзеля таго, каб чалавек зразумеў, наколькі ён залежыць ад Бога. І калі з пакораю, якая з’яўляецца вынікам разумення гэтай залежнасці, прасіць аб выбаўленні ад цярпенняў, звязаных з хваробай, заклікаючы «Змілуйся нада мною!», то Пан верне калі не фізічнае здароўе (якое мы не заўжды выкарыстоўваем з добраю мэтаю), то духоўнае. Святыя сакрамэнты ў сваю чаргу дапамогуць надаць сэнс нашым цярпенням, уключыць іх у збаўчыя пакуты Хрыстовыя, робячы нас саўдзельнікамі Яго Адкуплення, дазваляючы ім замяніць тут, на зямлі, чыстцовыя пакуты пасля нашай смерці і такім чынам наблізіць шчаслівую вечнасць і сузіранне Боскага хараства.
Сляпы жабрак з Евангелля добра разумеў, што толькі Езус можа вярнуць яму каштоўны дар зроку, ён быў настойлівы, не даваў сябе знеахвоціць і меў дастаткова пакоры. Таму і быў выслуханы імгненна, бо Боскі Лекар ведаў, што ён не змарнуе гэтага дару. І жабрак, пачаўшы зноў бачыць, «пайшоў за Езусам па дарозе». Як жа важна, каб мы з вераю перш за ўсё прасілі аб здольнасці бачыць шлях, якім вядзе Езус, давяраць Яму, ісці за Ім, скіроўваючы фізічны і духоўны позірк толькі на тое, што вядзе да Нябеснага Валадарства, а не зводзіць у небяспечную, хоць і прывабную, дрыгву граху.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Трыццатую звычайную нядзелю, Год В:
- айцец Віталь Сапега ОР «Настойлівы Бартымэй»
- айцец Міхал Ермашкевіч OP «Пане, змілуйся…»