Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, год В (18.11.2018)
Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.
(Мк 13, 24–32)
Напрыканцы часоў
Ёсць шмат розных фільмаў, якія паказваюць, як мог бы выглядаць канец свету. Часцей за ўсё гэта фільмы-катастрофы, і не многія з іх даюць хоць нейкую надзею гледачам. Хутчэй гэткія фільмы альбо напаўняюць страхам перад непазбежнай катастрофай, альбо забаўляюць, маўляў, відовішча жахлівае, але нам гэта не пагражае.
Наколькі ж новым, ні да чаго не падобным з’яўляецца вобраз канца часоў, прадстаўлены Хрыстом! Магчыма, некаторыя рэжысёры чэрпалі натхненне і з Бібліі, але да канца тэму не раскрылі. А можа не зразумелі?
Канец свету — гэта прыйсце Езуса Хрыста ў славе, перамога справядлівасці і праўды, сустрэча з Асобаю, з тым, Хто ўжо прыходзіў аднойчы, Хто спадарожнічае нам і падтрымлівае нас у сакрамэнтах і абяцаў прыйсці, каб застацца з намі ўжо назаўсёды.
Божае Слова гэтай нядзелі заахвочвае нас цярпліва і плённа чакаць Хрыста, і гэтым чаканнем мусіць быць прасякнуты кожны дзень нашага жыцця. Бо як можна ў нядзелю, вызнаючы сваю веру, прамаўляць: «…і прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых», а пазней у віры штодзённых клопатаў забываць пра Хрыста? Жадаю ўсім нам менавіта такога трывалага чакання, якое напаўняе жыццё сэнсам, дае надзею і дадае сілаў.
Айцец Павел Мажэйка OP