Трэцяя нядзеля Вялікага Посту, год С (24.03.2019)

У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».

І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?” Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».

(Лк 13, 1–9)

Падабенства

Звычка многіх людзей параўноўваць сябе з іншымі часта вядзе іх у няправільным кірунку, з’яўляецца прычынай многіх праблем і нават падштурхоўвае да парушэння Божых запаведзяў. Бачачы чужыя поспехі, статус, багацце, чалавек неаднойчы губляе спакой, мучаецца пытаннем, чаму гэтага ўсяго няма ў яго асабіста, і пры адсутнасці адпаведных годных і сумленных магчымасцяў і сродкаў для здабывання дабротаў, такіх пажаданых, але цяжкадаступных, такі чалавек пачынае нешта «камбінаваць», імкнучыся спаборнічаць з прадстаўнікамі іншай «вагавай катэгорыі», і перастае заўважаць, што гэтае спаборніцтва прыносіць яму толькі шкоду.

Напрыклад, многія, пераважна жанчыны, у імкненні быць падобнымі да навязанага кімсьці ідэала, губляюць не толькі грошы, але і здароўе, самую аснову ўсіх матэрыяльных дабротаў. А ў маральна-духоўнай сферы часта адбываецца зусім наадварот: людзі супакойваюць сябе, што яны не такія ўжо і кепскія ў параўнанні з вялікімі грэшнікамі: не забіў, не краў (хоць і гэта нярэдка пад пытаннем), а значыць, амаль што святы!

Найлепш было б, аднак, калі б чалавек у матэрыяльных справах памятаў, што вельмі шмат людзей не мае нават і малой часткі таго, што ёсць у яго. Гэта дапамагло б быць больш удзячным Богу за атрыманыя даброты і больш уважлівым да тых, хто чымсьці абдзелены. У справах духоўных не трэба разважаць, хто большы або меншы грэшнік, а варта імкнуцца да ідэалу, паказанага прызнанымі Касцёлам святымі на чале з самім яго Заснавальнікам — уцелаўлёным Богам. Магчыма, гучыць парадаксальна, але ў адрозненні ад матэрыяльнага ідэалу, які бывае недасягальным, ідэал духоўны больш рэальны, бо не абмяжоўваецца рамкамі зямнога жыцця. Важна толькі пастаянна ісці да яго, не губляючы правільнага кірунку і карыстаючыся звышнатуральнай дапамогай. І ў абодвух выпадках, калі ўжо спаборнічаць, то выключна з самім сабою, біць уласныя рэкорды. Толькі так можна захаваць сябе ад знеахвочвання, выкліканага параўнаннем сябе з іншымі, якое рэдка бывае на ўласную карысць, і дабіцца рэальных дасягненняў.

Прыклад з забітымі Пілатам галілейцамі і пацярпелымі ад падзення сілаамскай вежы вучыць не азірацца навокал, шукаючы большых за сябе грэшнікаў або тых, на чыім месцы хацелася б апынуцца, занядбоўваючы ўласнае жыццё і магчымасці. У першую чаргу трэба зазірнуць ва ўласнае сэрца і заўважыць у ім прычыны сваіх грахоў, каб з дапамогаю Божай ласкі паступова ліквідаваць гэтыя прычыны. Такім чынам, дагледжаная душа будзе не толькі ачышчаная ад заганы, але і прынясе добры плод, што захоўвае ад згубы. Вялікі пост — найбольш адпаведны і плённы час, каб узяцца за гэтую справу.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней