Ці знойдзе Хрыстус веру на зямлі?

Дваццаць дзевятая звычайная нядзеля, Год С (20.10.2019)

Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» 

(Лк 18, 1–8)

Ці знойдзе Хрыстус веру на зямлі?

Дзіўнае пытанне гучыць у нядзельным Божым слове: «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» Можа здавацца, што яно нейкае недарэчнае. Калі мы паспрабуем адказаць на яго (бо пытанне скіраванае да нас), які будзе адказ? «Вядома, так, Пане Езу: глядзі, колькі касцёлаў у свеце, колькі вернікаў. Не трэба далёка хадзіць. Узяць хоць бы нашую Беларусь — увесь час навіны, што недзе адчыняецца новы касцёл ці капліца. Не заўжды поўна вернікаў, але на нядзельнай святой Імшы іх сапраўды шмат!»

А калі запытацца яшчэ: ці ёсць вера ў нашым грамадстве? Выходзячы за дзверы касцёла, ці можна сустрэць людзей, якія жывуць Евангеллем? Ёсць такія людзі! На першы погляд можа здавацца, што іх няма. Але яны сярод нас. Чаму ж так цяжка іх пазнаць? Мне спадабаліся словы папы Францішка, які, цытуючы св. Генры Ньюмэна падчас яго кананізацыйнай святой Імшы, сказаў: «У хрысціяніне ёсць глыбокі, маўклівы, схаваны спакой, якога свет не бачыць. <...> Хрысціянін — вясёлы, просты, добразычлівы, лагодны, выхаваны, сумленны, сціплы, непераборлівы. <...> У яго стаўленні настолькі мала незвычайнага ці эфектнага, што з першага погляду яго лёгка прыняць за звычайнага чалавека».

Таму, адказваючы на пытанне Пана Езуса з сённяшняга евангельскага фрагмента, варта гаварыць не пра агульную сітуацыю ў свеце, а пра сябе асабіста. Калі прыйдзе Пан Езус, ці знойдзе Ён Божы дар веры ў мяне?


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней