«Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»

Трэцяя нядзеля Адвэнту, Год А (15.12.2019)

А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.

Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго».

(Мц 11, 2–11)

«Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»

Чаму Пан Езус наўпрост не адказвае вучням Яна Хрысціцеля на іх пытанне, а просіць распавесці Яну пра тое, што яны чуюць і бачаць? Чаму пазней на пытанні фарысеяў і кніжнікаў, ці гэта Ён ёсць чаканым Месіяй, і на просьбы даць выразны знак гэтага, Хрыстус таксама адказвае не так, як ад Яго чакаюць?

Бог застаецца таямніцай. І хоць Ён аб’яўляецца чалавеку ў Хрысце, гэта не азначае, што мы дакладна ўсё пра Яго ведаем і можам супакоіцца і не клапаціцца, далей шукаючы і пазнаючы Яго. Калі сучаснікі Хрыста так моцна сумняваліся ў тым, ці сапраўды Езус ёсць чаканым Збаўцам, дык на што нам спадзявацца? Ці распазна́ем мы Яго ў сакрамэнтах, Евангеллі? Ці адкрыем Яго прысутнасць у нашыя часы? Не кожны пойдзе за таямніцай, не кожны будзе імкнуцца яе паглыбіць і зразумець. Для гэтага патрэбны высілак, высілак любові.

Можна, вядома, згадзіцца на гатовыя адказы, нават вывучыць усе пытанні і адказы ў катэхізісе напамяць. Але, як паказвае перспектыва часу, гэтага мала, бо да пытанняў, сабраных у катэхізісе, трэба дадаць яшчэ свае асабістыя пытанні і нястомна шукаць на іх адказ, каб самому пачуць, убачыць, і пераканацца. Для гэта патрэбныя цярплівасць, час, сталасць у памкненнях. Адзін дамініканец казаў: Нічога з таго, што сапраўды вартае, немагчыма дасягнуць без высілку, без працы. Трэба глыбока перажыць Адвэнт, час чакання, каб па-сапраўднаму адсвяткаваць Божае Нараджэнне! Для гэтага недастаткова купіць ялінку і падарункі.

Нядзельнае Божае Слова запрашае кожнага з нас задаваць важныя пытанні і шукаць на іх адказы, не баючыся высілкаў і не шкадуючы часу. У гэтых пошуках не дапаможа толькі інтэрнэт.


Айцец Павел Мажэйка ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней